Яны перажылі трагедыю

Калі чалавек знянацку адным разам пазбаўляецца свайго жытла і ўсяго, што было ў ім, то цяжка яго пераканаць, што ён не адзін у горы. Так было і 20 гадоў назад. Мясцовая ўлада адразу ж прыйшла на дапамогу пагарэльцам, прапанаваўшы начлег у гасцініцы. А потым было прынята рашэнне на рэспубліканскім узроўні — адрадзіць знішчаныя агнём вёскі. Да будаўніцтва новых дамоў прыступілі 25 будаўнічых арганізацый амаль з усіх раёнаў вобласці, Салігорска і Светлагорска, а гэта каля 500 чалавек, на пляцоўках працавала больш за 70 адзінак магутнай тэхнікі. Менш чым праз тры месяцы на месцы папялішчаў выраслі новыя дамы. Людзі вярнуліся ў родныя мясціны.
Час няўмольны. І нездарма кажуць, што ён лечыць. Засталіся ў мінулым усе нягоды, прытупіўся боль, але ёсць памяць. І мы, пабываўшы на мінулым тыдні на месцы той трагедыі, сустрэліся з жывымі яе сведкамі. Вось што расказала 79-гадовая жыхарка Сельцаў Надзея Савельеўна Пяхота:
— Я стараюся не ўспамінаць пра той пажар. Жыву так, быццам яго і не было. Хата ёсць, прыбудовы да яе, агарод — усё, як раней. Варушыць памяць цяжка. Вось і цяпер, калі вы спыталі пра тыя падзеі, не магу стрымаць слёз. А гэта ўсё адбіваецца на здароўі. Але я раскажу тое, што асабліва запомнілася. Быў звычайны спякотны дзень, які пераваліў за поўня. Я пайшла ў хлеў даіць карову і раптам чую — дзесьці трашчыць шыфер. Выглянула за вароты і спужалася — хата суседкі шугала агнём. Дома ў мяне адпачывала дачка і яе трэба было выратоўваць. Прыбегла ў хату і толькі паспела крыкнуць: “Гарым!”. Так абедзве выскачылі на вуліцу ў чым былі. Далей было ўсё як у страшным сне. Не ведала куды кінуцца і што рабіць. Побач занялася яшчэ адна будыніна. Агонь сціснуў з усіх бакоў. Чамусьці пабегла на агарод, паспрабавала затушыць зерне, якое зжатым ляжала ў кучы. Потым у адчаі, каб не згарэць, накінула на сябе вісеўшы на плоце дыван. Ён пачаў плавіцца і апаліў маё цела. Скінула яго і пабегла ў бок агарода, дзе ўпала на зямлю і так заставалася да тых пор, пакуль мяне не знайшлі пажарнікі. З апёкамі трапіла ў бальніцу, дзе праляжала амаль два месяцы.
Такога ж жаху нацярпелася і яшчэ адна наша субяседніца, 90-гадовая Соф’я Фёдараўна Анцюшэня. Абедзве жанчыны, не стрымліваючы слёз, успаміналі падзеі 20-гадовай даўнасці. Сёння ў вёсцы Сельцы, якая, дарэчы, загарэлася першай, жывуць яшчэ дзве сведкі — Таццяна Іосіфаўна Кабановіч і Еўдакія Піліпаўна Анцюшэня.
Залячыла раны і Калюга. Уздоўж новай вуліцы выцягнуліся цагляныя дамы, на агародах выраслі новыя дрэвы, пастарэлі, а многіх ужо і няма, жыхары. Але з адным з іх, Іванам Сцяпанавічам Зубкевічам мы пагаварылі і высветлілася, што менавіта яго хата першай прыняла ўдар шквальнага агню.
— Я пайшоў у магазін і не мог уявіць, што больш ніколі не пераступлю парога сваёй хаты. Вярнуўся — а будыніна ўжо гарыць. Суседзі паспелі выцягнуць жонку, якая была прыкавана да ложка, і ўсё. Хатнія рэчы, жыўнасць — 2 кабаны, 150 трусоў, 25 курэй згарэлі жыўцом. Ці то плакаць было, ці ў адчаі крычаць — нічога вярнуць было нельга. І я змірыўся, прыняў удар лёсу, як ёсць. І вось цяпер жыву, праўда, адзін, маю 86 гадоў за плячамі і не хачу ўспамінаць былое. Няхай такога ні ў маім жыцці, ні ў нашых нашчадкаў больш не будзе.
Вогненная стыхія падала нам жорсткі ўрок. І цяпер, праз гады, няма адзінай версіі ўзнікнення пажару. Ці то іскра вылецела з-пад аўтамабіля, ці то лясны пажар з-за чалавечай неасцярожнасці пачаўся. Бясспрэчна адно, і да такой думкі схіляюцца супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, мы павінны быць больш пільнымі і патрабавальнымі да сябе ў тых сітуацыях, калі гаворка ідзе пра агонь. Правінны засвоіць шмат “не”: не кідаць акуркі і запалкі дзе папала, не паліць сухую расліннасць, не распальваць у лесе вогнішчы. Наогул берагчы і шанаваць тое месца, той край, дзе мы жывём.
Матэрыял пры садзейнічанні РАНС падрыхтавала
Вольга ЧУЧВАЛ