Дзень беларускага пісьменства
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь” Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня, інфармуе сайт mininform.gov.by.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:
1994 – Полацк
1995 – Тураў
1996 – Навагрудак
1997 – Нясвіж
1998 – Орша
1999 – Пінск
2000 – Заслаўе
2001 – Мсціслаў
2002 – Мір
2003 – Полацк
2004 – Тураў
2005 – Камянец
2006 – Паставы
2007 – Шклоў
2008 – Барысаў
2009 – Смаргонь
2010 – Хойнікі
2011 – Ганцавічы
2012 – Глыбокае
2013 – Быхаў
2014 – Заслаўе
2015 – Шчучын
2016 – Рагачоў
2017 – Полацк
Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі “Мая малая радзіма” у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.
Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:
– урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з’яўляюцца грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя;
– “круглы стол” з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”;
– навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;
– узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.
У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім працуюць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, гандлёвыя павільёны і палаткі. Падчас правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.