Сваё — заўсёды цікава
“Па мясцінах Глушчыны” — так называўся фотаконкурс, які праводзіў у верасні раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзел у ім прынялі ўсе пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі мясцовых школ і садкоў, распавяла старшыня райкама галіновага прафсаюза Алена Ахрэмчык і выказала вялікую ўдзячнасць усім аўтарам за іх актыўнасць і творчы падыход, цікавае і арыгінальнае бачанне тэмы. На конкурс было даслана 34 фотаработы, аўтары трох з іх прызнаны пераможцамі і адзначаны спецыяльнымі дыпломамі Глускага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі. Гэта выхавацель ясляў-сада № 4 Ларыса Радзвіновіч, выхавацель ясляў-сада № 3 Вера Ралько, намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкай спартшколы Ірына Башкевіч.
Падчас святочнага мерапрыемства, якое было наладжана для педагогаў раёна 4 кастрычніка, выстава конкурсных фотаработ, арганізаваная ў фае гімназіі, выклікала шчырую цікавасць удзельнікаў імпрэзы. На здымках — і прыветныя твары землякоў, і любімыя лёгкапазнавальныя месцы адпачынку глушчан, і зацішныя маляўнічыя куточкі, падгледжаныя цікаўным фотааб’ектывам у роднай прыроды.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ