Темы

Падарожжа па родным краі. БАЙЛЮКІ

Зваліся ліцвінамі

Вёска гэта з’яўляецца адной са старэйшых на Глушчыне. Першыя звесткі пра Байлюкі значацца ў дакументах 17-га стагоддзя. А археалагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў гэтых мясцінах у 1964 годзе, сведчаць, што людзі сяліліся тут з даўніх часоў.

Адзіночны насып, які даследавалі вучоныя, знаходзіўся крыху больш за паўкіламетра на паўночна-заходнім баку ад Байлюкоў, на полі, якое і зараз мае назву Селішча. Насып адносіцца да эпохі старажытнай Русі, яго вышыня каля 600 метраў, а дыяметр — шэсць метраў. Па ўспамінах сяльчан, насып той колісь уверсе меў форму трохкутніка. У час раскопак выявілася, што да археолагаў тут ужо “папрацавалі” шукальнікі скарбаў. Што было знойдзена археолагамі — дык гэта толькі курыльная трубка каля насыпу.

У 1692 годзе Байлюкі — гэта шляхецкая ўласнасць у Вялікім Княстве Літоўскім, складалася з дзесяці дамоў. І пісалася вёска ў той час не Байлюкі, а Баўлухі. Жыхары дакладна не ведаюць, чаму яно мела такія назвы. Кажуць, мо мясцовага пана звалі Байлюк, а мо чалавек, што пасяліўся тут першы, меў такое прозвішча. Ёсць яшчэ і меркаванне, што паколькі вёска знаходзілася пасярод балот, то і назва пайшла ад іх. Бо балоты тыя колісь былі такія непраходныя, што дабрацца ў вёску магчыма было толькі зімою, калі ўсё добра замерзне, і то калі дарогу ведаеш. Улетку гэта зрабіць было надта цяжка. Балоты тыя былі наканаваны самой матухнай прыродай служыць добрай аховай вёскі ад чужынцаў ды нядобразычліўцаў. А яшчэ балоты кармілі жыхароў ягадамі, якою-сякою зелянінаю і лячылі. Тут, у балотах, расло багата лекавых траў. “Адвар асакі пілі ад прышчыкаў на целе, а яшчэ сокам з расьліны ўрочнік альбо маруна намазвалі прышчыкі. Сок той часта змешвалі з несалёным тлустам, тады ён доўга захоўваўся і мог быць годны для лячэння скул. Ад залатухі дарослыя жыхары пілі адвар з расліны залатушнік ці з багонніка, альбо па-іншаму — багульніка, якога хапала ў балотах. Адварам балотнага макрацу мылі галаву ад перхаці…” (Бабруйская акруга, в. Машніцы, Байлюкі)” — так пісала газета “Наш край”.

З 1727 года вёска Байлюкі ўваходзіць у склад маёнтка Глуск, а пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе яна пачала адносіцца да Расійскай імперыі. Да 1840 года ў Расійскай імперыі афіцыйна лічыліся-пісаліся Віленская, Гродзенская і Мінская губерні, называліся літоўскімі, і жыхароў гэтых губерняў называлі ліцвінамі. У склад Мінскай губерні ўваходзілі і Байлюкі.

 “У Бабруйшчыне і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў “Літва”, а мы былі “ліцьвіны”. Было й німала тых, хто памятаў, што й край наш называўся “Літвой”. Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстання 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстанні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюках і іншых суседніх вёсках яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстання. “Мы Літва” — казаў мне заўсёды мой дзед. Ды і іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва”, — так пісаў ва ўспамінах пра сваю радзіму Яўхім Кіпель. Тут, у Байлюках, ён нарадзіўся ў 1896 годзе, скончыў пачатковую школу, потым Глускае народнае вучылішча і пачаў свой шлях у самастойнае жыццё.

Калёсы для пані Булгака і ровар з драўлянымі коламі

З 1847 года вёска Байлюкі ўваходзіць у склад маёнтка Машніцы Бабруйскага павета Мінскай губерні. Па “Інвентарнай вопісі 1844—1847, Ігнатам Быкоўскім, іменія Машніцы, “в деревне Байлюки — 12 тягловых дворов”. В “Уставной грамоте имения Мошницы” запісана, што «народонаселение д. Байлюки в 1862 году — 26 дворовых и 80 жителей всего. Всей земли, состоящей в пользовании крестьян до обнародования, — 236 десятин, под оседлостью — 10 десятин». У 1865 годзе было заведзена “Выкупное производство в минском губернском присутствии по крестьянским делам», згодна з якім сялянам вёскі Байлюкі выдзялялася выкупная пазыка на зямлю. Пазыку яны павінны былі выплаціць на працягу 49 год. У гэты час уладальнікам Байлюкоў быў Альберт Быкоўскі, а сама вёска Байлюкі ўваходзіла ў склад Клятнянскага сельскага таварыства сялян-уласнікаў. Да гэтага таварыства было прыпісана 28 чалавек і яшчэ 38 чалавек. Але зямлю адразу рашылі выкупіць толькі дзесяць гаспадароў-уласнікаў. Гэта “Сямён Панкратаў, Іван Майсееў, Леонь Григоров, Никита Кононович, Григорь Григоров, Эвмиль Костьев, Лукьян Эвдохов, Савосько Николаев, Савосько Лукьянов, Прокоп Минин”. Усе яны мелі сядзібнай зямлі па адной дзесяціне, ворнай — хто 16 дзесяцін, а хто і 31, сенакосаў — ад 3 да 31 дзесяціны. Усе, хто выкупліваў свае надзелы, павінны былі “уплатить за пользование всею усадебною оседлостью в год — 72 рубля, а выкупа — 1 200 руб.”. Паводле “Уставу”, “…отпуск лыка на топливо производился из валежника и сухопадестойных деревьев за деньги по взаимному условию, но не на продажу”. Рыбная лоўля ўся заставалася ў распараджэнні пана.

У сваіх гаспадарках сяляне трымалі коней, кароў, быкоў, валоў, свіней, авечак… Сеялі бульбу, гародніну, каноплі, зерне… Амаль кожны ў вёсцы ўмеў нешта майстраваць не толькі дзеля асабістай патрэбы, а і на продаж. Хто вяроўкі добра віў з канапель, хто рабіў бочкі, цэбры, плёў лапці, кашы… Касько Сідар быў надта майстравіты селянін, што б яму ў рукі ні патрапіла — то нешта з яго змайструе. Нават змайстраваў ровар з драўлянымі коламі. А Яўсей Кіпель быў добрым майстрам гнуць палазы для саней і абады для калёс з грабу ды ясеню, якіх багата расло ў ваколіцы. “Дрэвы гэтыя дазваляў пан секчы дарма дзеля майстравой патрэбы, таму і продаж гэтых палазоў і абадоў быў танны. Іх добра куплялі. Сярод пакупнікоў гэтых вырабаў быў пан Булгак, які, бывала, і сам наязджаў у Байлюкі, і да яго ў фальварак вазілі гэты тавар. А жонкай пана Булгака была родная сястра Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, якая заўжды размаўляла па-мясцоваму, зграбная, ветлівая, яна ніколі не цуралася гаварыць на простай мове”.

Паводле перапісу 1897 года ў Байлюках — 24 двары і 136 жыхароў.

Калгас “Чырвоны партызан”

Непадалёк ад вёскі знаходзіўся хутар, на якім у адным двары жыло 5 чалавек. Паводле архіўных дакументаў 1909 года, “деревня Байлюки” знаходзілася ад валаснога цэнтра за 106 вёрст, ад павятовага горада — за 55 вёрст, бліжэйшая чыгуначная станцыя была ў Бабруйску. Двароў у Байлюках — 33, жыхароў — 205 чалавек, з іх мужчын — 112, жанчын — 93. Адзначаецца, што жыло тут 13 яўрэяў, астатнія — беларусы. Царквы сваёй у вёсцы не было. Байлюкі належалі да прыходу Глускай праваслаўнай царквы. А вось могілкі ў вёсцы заўсёды былі і ёсць. Тут хаваюць не толькі жыхароў Байлюкоў, але і з Малінава, з Новаандрэеўкі, іншых вёсак — дзе радня ўся пахавана, яе і стараюцца трымацца. Каля могілак колісь стаяла карчма, у якой гандляваў яўрэй.

Жыццё ў Байлюках ішло сваім парадкам. Аралі, сеялі, назапашвалі сена на балацінах… Паспяваў колас, гаспадар спрабаваў зерне на зуб, калі тое зерне было цвёрдым — настала ўжо пара і “хлеб жаць”. На досвітку ў белых кужэльных кашулях выходзілі ў поле жанчыны з сярпамі. Зажыналі. Адна жменя, другая… Роўненька клаліся на пожню зжатыя каласы, вось ужо і першы сноп, потым другі, дзесяць снапоў — ужо і бабка. Да Прачысты ў полі нічога не заставалася — ні снапа, ні бульбіны. Усё звезена ў гумны, а на досвітку быў чуваць грукат цапоў — гэта гаспадары зранку малацілі зерне. Цяжкая, у поце і пылу, з рання да цямна, праца селяніна, але ж для сябе, сваёй сям’і.

Адзначалі ў вёсцы Каляды, Вялікдзень… У пост — пасцілі, у святы — гулялі, кірмаш быў у Байлюках на Міколу, 22 мая; спраўлялі вяселлі і радзіны…

Так жылі да Вялікай Кастрычніцай рэвалюцыі, так жылі некалькі год запар і пасля перавароту 1917 года. Улада бясконца мянялася: то цара скінулі, то Саветы з’явіліся, потым неяк і рэўкамы зніклі — з’явіліся польскія легіянеры, потым зноў Саветы сталі. Хвалявалася вёска: а што ж будзе далей? Але паколькі Байлюкі знаходзіліся воддаль ад мястэчка, у баку ад наезджанага шляху, то сюды надта ніхто і не дапінаў і раўнамернага руху жыцця не парушаў.

А вось калі пачалася калектывізацыя, то нацярпеліся. Рука не падымалася аддаць сваё. Хоць і не жылі сяльчане багата, але сваё шкада, ды і навошта той калгас? Але ўсё ж такі ў 1931 годзе калектыўная гаспадарка ў Байлюках была арганізавана. У яе ўвайшлі адразу 20 гаспадароў, потым і астатнія. Назву калгасу далі “Чырвоны партызан”, старшынёй абраны Д. Кіпель, загадчыкам гаспадаркі — І. Касько. Была створана рэвізійная камісія, кіраўніком яе працаваў Яўхім Прыц. Праз колькі год на гэту камісію вышэйшай уладзе нават паступіла скарга, што рэвізійная камісія калгаса “Чырвоны партызан” дрэнна працуе: на працягу 1935 года яна не зрабіла ў калгасе ні адной рэвізіі, і подпіс — “калгаснік”. Хто быў гэты “добразычлівец”, так і засталося невядомым.

Таварыш упаўнаважаны

Тым не менш “чорны воран”, якога надта ўсе баяліся ў тыя трыццатыя гады ХХ стагоддзя, неяк аб’ехаў Байлюкі. Хутчэй за ўсё, што сяльчане тут былі памяркоўныя, умелі ладзіць паміж сабою — дык і засталіся амаль усе жывыя, у роднай вёсцы.

Вось толькі неяк нечакана з’явіўся ў 1936 годзе ў Глуску ўпаўнаважаны НКУС, пісаў у сваіх успамінах “Мястэчка… Мястэчка…” Сяргей Іванавіч Грахоўскі: “І хто? Адразу б ніхто не даў веры. Цыбаты, рэдказубы, недалужны хлопец з Байлюкоў, мой былы аднакласнік і ўстойлівы троечнік Сымон Кабыляк (а ён ужо стаў Кобыляков). За якія паслугі яго дапусцілі ў “святая святых”, толькі яму і было вядома. Пад турму забралі цагляную краму, паставілі краты і варту з наганам. З’явілася ўстанова, павінна быць і работа з вынікамі і справаздачамі. Сымон пачаў заганяць у кутузку былых гандляроў, колішняга валаснога пісара, сальніка, некалькі “падкулачнікаў”, не пашкадаваў і роднага дзядзьку Васіля Сапегу (так ён і згінуў на Поўначы). (Сапега Васіль Елісеевіч, нарадзіўся ў 1894 годзе ў в. Байлюкі. Жыў у Глуску. Працаваў аб’ездчыкам лясгаса. Арыштаваны 06.08.1937 года. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 13.01.1938. Рэабілітаваны 10 кастрычніка 1966 года. — Аўт.). Не хапала толькі значнай фігуры. Відаць, такую патрабавалі ў Сымона. І выбар упаў на доктара Сямёнава. Нехта бачыў яго на здымку ў палкоўніцкіх пагонах і «капнуў» Сымону. А таму толькі гэта і трэба было. Ноччу забралі Аляксандра Сцяпанавіча, і закруціўся “канвеер”… У абарону доктара паднялося ўсё мястэчка: пісалі скаргі ў Мінск і Маскву, збіралі грошы, каб адвакат… паехаў куды трэба і вызваліў Сямёнава. Восем месяцаў мардаваў непрымірымы чэкіст Сымон Кабылякоў, нічога не выбіў, змогся пад напорам людскога гневу і выпусціў доктара з “узілішча”, затое трохі пазней расправіўся з усім раённым начальствам. Паспеў толькі ўцячы першы сакратар райкама Іван Сяргеевіч Краўчанка. А Сямёнаў вярнуўся да сваіх хворых…

У 1939 годзе, каб спісаць жахлівы крывавы тэрор на “перагібы” мясцовых работнікаў, за “перавышэнне ўлады” вышэйшыя чыны пачалі знішчаць і караць сведкаў страшэннай расправы над народам. На Калыму трапіў і Сымон. Праз дзесяць гадоў вярнуўся ў Глуск і наняўся нарыхтоўшчыкам жывёльнай сыравіны… Праз многа гадоў мы сустрэліся з ім у Глуску. Ён нібыта ўзрадаваўся: “Мы ж з табою, браце, абодва пацярпелі ні за што ні пра што. Ну, здароў, дружа!” Я доўга глядзеў, пакуль ён не апусціў вочы. “А твой дружа ў сібірскай тайзе лапу ссе, а сярод маіх сяброў нягодніках не было і няма. Мы ж незнаёмыя”. — “Ну, што ты, быў такі час, з нас онь як патрабавалі…” Я павярнуўся і пайшоў, а калі ён трапляўся на вочы, пераходзіў на другі бок вуліцы”.

Калгас «Радзіма»

Перад вайною старшынёю калгаса “Чырвоны партызан” працаваў Андрэй Яўсеевіч Кіпель. Калі прыйшлі немцы на Глушчыну, ён схаваўся ў лесе. Аднойчы, прабіраючыся дадому, у Байлюкі, ён трапіў у рукі ворагаў. Яго злавілі ў самым канцы вёскі, доўга мучылі, а потым расстралялі. Жонку яго звалі Праскоўя. Яе таксама адвезлі ў Глуск і там расстралялі, нават яму капаць сабе загадалі, апавядаюць сяльчане. А ўсё дабро іхняе з хаты, з усёй гаспадаркі забралі, пагрузілі на падводы і адвезлі таксама ў Глуск.

Пасля вайны калгас аднавіў сваю працу. Старшынёй быў прызначаны Сямён Іоўлевіч Касько, свой, мясцовы, пазней былі Няхлебаў з Бабровіч, Лугін з Новаандрэеўкі, а як аб’ядналі і Байлюкі ўвайшлі ў склад калгаса імя Куйбышава, то калгасам кіравалі Аляксей Трафімавіч Шумідуб, потым Ілья Ганчароў, Станкевіч, Славецкі. Калі ж калгас яшчэ больш павялічыўся (да яго далучылі вёскі Барбарова, Вайцяхова і іншыя) і назву займеў “Радзіма”, то старшынёй стаў Барыс Іосіфавіч Гелер… Брыгадзірамі ў Байлюках працавалі адразу пасля вайны Мікіта Касько, з 1958 па 1965 год — Мікалай Іосіфавіч Касько, потым Канстанцін Радкевіч … У Байлюках былі ферма, цялятнік. Загадчыкамі фермы ў розныя часы працавалі Сямён Касько, Воля Міхалёва, Вольга Лугін, Якім Лугін. Каля фермы стаяла кузня, была канюшня добрая. Партрэт Ганны Захараўны Сапегі некалькі год запар красаваўся на стэндзе “Перадавікі вытворчасці” ў цэнтры калгаса. Тут таксама былі і партрэты пастуха — пенсіянера Фамы Сямёнавіча Марціновіча, які даглядаў жывёлу, звеннявога механізаванага звяна Мікалая Рыгоравіча Шумскага, калгасніцы-камуністкі Еўдакіі Андрэеўны Дзядзюлі, кандыдата ў члены КПСС Пятра Міхайлавіча Круглова.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Актуально

Глусский РОВД информирует

25 декабря 2024
Читать новость
Общество

В Глусском РОВД — новое руководство

25 декабря 2024
Читать новость
Общество

С праздником Рождества Христова! Поздравление от руководства района

25 декабря 2024
Читать новость
Общество

Поздравление Анатолия Исаченко и Александра Горошкина с католическим Рождеством Христовым!

25 декабря 2024
Читать новость
Духовность

Віншаванне на свята Божага Нараджэння

25 декабря 2024
Читать новость
Общество

Глусский РОЧС. Как не испортить праздник салютами

24 декабря 2024
Читать новость