З блакнотам па раёне. Пасёлак Кіраўскае і Дзікае балота
У пасёлка Кіраўскае да 1961 года была іншая назва — Дзікае. Менавіта яна цвёрда ўкаранілася ў памяці мясцовага насельніцтва і глушчан. І зараз, у нашы дні, па-ранейшаму многа хто называе гэты населены пункт, як колісь, — Дзікае. Дык адкуль жа ўзялася такая назва? Вось што пра гэта напісана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”: “Каля сучаснага пасёлка раней быў невялікі хутар Дзікае. На балоце побач з возерам Дзікае ў 1930-я гады выяўлены вялікія запасы торфу (пад слоем торфу Дзікага балота выяўлены радовішчы сапрапеляў, запасы якога складаюць 1,9 млн кубаметраў), а ў 1956 годзе з пашырэннем торфараспрацовак пачаў стварацца пасёлак…”
Праязджаючы па шашы Бабруйск — Любань, міжволі звяртаеш увагу на надпіс “Кіраўскае”. Там, за махнатымі лапамі хваёвых дрэў, праз некалькі дзясяткаў метраў, адкрываецца від на паселішча, візітнай карткай якога сягоння лічыцца Кіраўскае лясніцтва. Адміністрацыйны будынак яго размешчаны акурат на ўездзе ў пасёлак, па правы яго бок. А потым ідуць дамы. Тут, у Кіраўскім, тры вуліцы — Савецкая, Рабочая, Леніна — і адзін завулак Школьны, і асабліва кідаецца ў вочы нейкае запусценне. Хаця раней, гадоў трыццаць назад, пасёлак меў зусім іншы выгляд: заселеныя дамы, выгараджаныя вуліцы, шмат пабудоў сацыяльнай сферы…
— Час няўмольны, здаецца, яшчэ нядаўна наша Кіраўскае было адным з цывілізаваных месцаў у раёне, з кіпучымі буднямі і шчодрымі святамі, — дзеліцца ўспамінамі стараста пасёлка Галіна Каблаш. — Да нас збіралася моладзь з усёй акругі, а Дом культуры прызнавалі адным з лепшых у раёне. Людзі любілі жыццё і радаваліся яму. Нікога не трэба было прымушаць удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, неймавернае жаданне хадзіць у клуб было як у моладзі, так і ў людзей старэйшага ўзросту. Сваім энтузіязмам, запалам усіх аб’ядноўваў вакол сябе яго загадчык Генадзь Ананіч. Памятаю, захацелі неяк, каб у нас быў арган. Што рабіць? Сродкаў на яго набыццё ніхто не дае, вось тады і вырашылі купіць самі. Лішніх грошай ні ў кога не было, трэба было зарабіць. І тут усе дружна прыйшлі да думкі, што грошы будзем зарабляць у лесе. На той час як раз паспелі буякі. Назбіралі, павезлі ў Бабруйск і прадалі. Так у клубе з’явіўся арган, які потым не ведалі, як паставіць на баланс, але гэта ўжо другая гісторыя. Таксама ў клубе было піяніна, на якім іграла Ніна Садоўская. Калі па выхадных або ў святы там збіралася шмат народу, Ніна Саламонаўна садзілася за піяніна і пачынала іграць паланез Агінскага — гэта быў яе каронны нумар. Настолькі кранальна, што людзі гатовы былі слухаць такую музыку яшчэ і яшчэ раз. Ды што там казаць, нашы музыкі славіліся на ўсю акругу. Адзін Браніслаў Яблонскі чаго быў варты са сваім гармонікам. Як расцягне мех ды зайграе польку, дык ногі самі ў пляс ідуць.
Дом культуры, школа, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, прамтаварны і прадуктовы магазіны, сталовая, аддзяленне ашчаднага банка, будынак сельскага Савета, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка з фондам амаль сем тысяч кніг — тое, на што быў багаты пасёлак яшчэ некалькі гадоў таму. Нават у 1996 годзе, калі торфапрадпрыемства перастала існаваць, тут налічвалася 73 двары, у якіх пражывала 133 жыхары. Пра ўсё гэта са шчымлівым болем у душы ўспамінае Ганна Пятроўна Мярзляк:
— Сама я родам з Барысаўшчыны, а муж быў з Кнышоў. Мы былі ў ліку першых пасяленцаў пасёлка. Спачатку наш дом па вуліцы Леніна, 5, прыстасавалі пад інтэрнат. Ужо нават не помню, колькі тут жыло сем’яў, і ўсе працавалі на заводзе — так мы называлі наша торфапрадпрыемства. Потым, калі пабудавалі іншыя дамы, людзей рассялілі, усім далі кватэры. А мая засталася тут, на першым паверсе. Я часта ўзгадваю тыя гады, успаміны душу грэюць. Тады, здавалася, бурлівае працоўнае жыццё ніколі не скончыцца. На наш завод за торфам прыязджала столькі машын, што за дзень іх немагчыма было загрузіць. У той час я працавала на весавой. Дык вось, часта здаралася, што вадзіцелі заставаліся начаваць, шкада было людзей, і тады я запрашала іх чаю папіць. Так рабілі і іншыя сяльчане. Нядаўна ў Глуску на рынку сустрэла аднаго з тых вадзіцеляў. Я б мо і не пазнала яго, а ён правітаўся, пагаварыў — і да гэтага часу ўдзячны мне за гасціннасць. Што і казаць, прыемна было. Успаміны і маўклівыя думкі аб мінулым самі па сабе ўсплываюць у галаве. Як цяпер, бачу наш пасёлак з яго імклівым жыццём. Адных кароў у нас было за восемдзесят, пасвіліся ў двух статках. А самаробных трактароў столькі, што па вечарах і выхадных вуліцы гудзелі. Здаецца, іх было 40, а мо і болей. Самі мужчыны іх збіралі — вось такія ўмельцы жылі тут. Коні нікому не былі патрэбны, хапала сваёй тэхнікі: і агарод апрацаваць, і прывезці што-небудзь. Праўда, на заводзе жыла адна кабыла, дык гэта так, для экзотыкі. Сёння б мы рады, каб у каго быў конь, ды ніхто ўжо не здолее яго трымаць. І заараць соткі наймаем чалавека. Хаця, якія там ужо ўчасткі… У полі ўжо амаль ніхто не бярэ, не трэба. Асабіста мае тры соткі знаходзяцца за хлявом, за некалькі дзясяткаў метраў ад кватэры, пры лясочку. Па дарозе на ўчастак летам збіраю там грыбы. Так што і соткі агледжу, і грыбоў на суп прынясу.
Падчас размовы з Ганнай Пятроўнай да нас далучыліся яшчэ некалькі жанчын, якія больш гаварылі пра сваё цяперашняе жыццё. З нястрымным болем у душы паказвалі на закалочаныя вокны ў двухпавярховых дамах. Добра, калі там заселены дзве-тры кватэры, астатнія пустуюць. Скажу вам, карціна жудасная, аж душу халодзіць. У пакоях, дзе некалі цеплілася жыццё, цяпер вецер гуляе, а на другіх паверхах хутка і столь прасядзе. Пад вокнамі замест кветнікаў і градак расце хмызняк ды бур’ян. І калі пад вокнамі кватэры Ганны Пятроўны ўбачыла вінаград, а перад уваходам кветнік (нягледзячы на амаль што зімовы пейзаж, уявіла, наколькі ён прыгожы летам), які завяршаўся пышным кустом ружы, парадавалася і падумала: пасёлак яшчэ жыве. Ганна Пятроўна вельмі красамоўна апавядала, як хораша тут вясной і летам, калі духмяны водар садоў ды кветак запаўняе вакол прастору, а яловы і хваёвы лес выдзяляе столькі кіслароду, што з непрывычкі нават можа галава закружыцца. Шкада толькі, што мая субяседніца не згадзілася сфатаграфавацца, калі карміла бяздомных кошак. Маўляў, старая ўжо, ды й не любіць пазіраваць перад фотаапаратам. Затое любіць жывёл і гатова падзяліцца з імі апошнім кавалкам хлеба. Кажуць, што кошкі ніколі не падыдуць да дрэннага чалавека. Было радасна, што Ганна Пятроўна аказалася такім добрым чалавекам, з пазітывам у душы.
Непадуладны часу добрыя справы і Яўгеніі Паўлаўны Паляковай — адной са старэйшых жыхарак пасёлка. У пачатку мінулага месяца ёй споўнілася 92 гады. Сама яна не змагла нічога расказаць, бо слаба чуе, а гаварыла за яе дачка Валянціна. Як і большасць вяскоўцаў, Яўгенія Паўлаўна з’яўляецца ветэранам працы. Пачынала ў 1954 годзе на торфапрадпрыемстве ў Туголіцы, а ў 1958 годзе сям’я пераехала ў Дзікае. Валянціна Міхайлаўна расказала, што маці любіла працаваць, за што неаднаразова атрымоўвала падзячныя пісьмы. У іх кватэры часта знаходзілі начлег вадзіцелі — і тыя, хто за дзень не паспеў загрузіцца торфам на заводзе, і проста з трасы. Гасціннасць Яўгеніі Паўлаўны не мела межаў. Да нядаўняга часу яе кватэра нагадвала імправізаваны медпункт, дзе пасля закрыцця ФАПа час ад часу фельчар з Глуска вяла прыём хворых. Валянціна Міхайлаўна не толькі расказвала пра маці, але і ўспомніла свае дзіцячыя гады. Яна таксама лічыць сябе прыналежнай да гісторыі пасёлка, бо хадзіла ў мясцовую васьмігадовую школу — вялікі двухпавярховы будынак, дзе навучалася дзяцей столькі, што не хапала ўсім месца, і школа працавала ў дзве змены. Было па два класы — “А” і “Б”, і ў кожным па 28—30 чалавек. Група падоўжанага дня таксама была. Школа зараз атрымала другое жыццё. Цяпер там знаходзіцца прадпрыемства па вытворчасці элітнай мэблі — “Ламабілі Дэліта”. Можа, і правільна распарадзіўся лёс. Некалі Кіраўскае грымела на ўвесь раён дзякуючы Дому культуры з яго мастацкай самадзейнасцю ды школе з вялікай запаўняльнасцю класаў, а сёння эстафету прыняло мэблевае прадпрыемства, вырабы якога вядомы далёка за межамі краіны.
Пасля закрыцця торфапрадпрыемства пасёлак быў асуджаны на выміранне. Людзям прапаноўвалі мяняць месца жыхарства і сяліцца там, дзе засталіся такія ж прадпрыемствы. Пра гэта мне расказала сямейная пара Яблонскіх. Абодва яны ўжо сталага ўзросту і абодва працавалі на торфапрадпрыемстве.
— Я сюды прыехала з Туголіцы, — дзеліцца ўспамінамі Ларыса Несцераўна Яблонская. — Працавала на розных пасадах: была інжынерам аддзела тэхнічнага кантролю, потым майстрам па ўліку. Тады на заводзе выраблялі дробнакускавы торф, а калі аб’ядналі з торфапрадпрыемствам “Ганчанскае”, перасталі выпускаць дробнакускавы торф, і выйшла так, што я засталася без работы. Аб пераездзе на новае месца мы нават і не думалі. Прыжыліся ўжо, прывыклі, гаспадарку завялі. Да пенсіі мне ўсё ж далі дарабіць. З майстра па ўліку я перакваліфікавалася ў майстра па рамонце памяшканняў і абсталявання. Гэта было ўсё несур’ёзна, бо які там рамонт, калі прадпрыемства не працуе. Але ж чатыры гады ўсё ж такі трымалася на гэтай пасадзе. У выніку больш за трыццаць гадоў адпрацавала на адным прадпрыемстве. Мой муж рабіў шафёрам. Хто б мог падумаць, што так хутка ўсё звернецца.
Сумаваць аб мінулым жыхарам некалі рабочага пасёлка няма чаго. Яны сваё адгаравалі, і цяпер застаецца радавацца кожнаму пражытаму дню, як гэта робяць Яблонскія. Браніслаў Іванавіч яшчэ гады тры таму любіў душу весяліць гармонікам. Разам з жонкай песні спявалі, а зараз, кажа, не можа іграць: пальцы не слухаюцца. Хаця падчас нашага прыезду не ўтрымаўся, дастаў гармонік з шафы і зайграў. І ажывілася хата ад той музыкі, а вочы гаспадароў засвяціліся прамяністай радасцю, часова пакінуўшы старасць дзесьці там, воддаль ад дома.
Кіраўскае яшчэ рана сціраць з геаграфічнай карты. Сягоння там жывуць людзі — 33 пенсіянеры і 18 працаздольных. Летам пасёлак ажывае. Людзі корпаюцца ў агародах, а па вечарах выходзяць на вуліцу, каб абмяняцца навінамі. Тут амаль усе мясцовыя, дачнікаў мала. Тужліва толькі зімой. Вяскоўцы сустракаюцца хіба што падчас прыезду аўталаўкі ды калі пошту прывозяць. Праўда, убачылі мы на пустой вуліцы самаробны трактар і дваіх мужчын. Адзін з іх, Уладзімір Бабіч, аказаўся гаваркім. Паведаў пра сваё жыццё, што ён ужо пенсіянер і тут часовы жыхар — дачнік, разам з жонкай прыехаў на бацькаўшчыну. А яшчэ ўспомніў дзяцінства, якое прайшло ў Кіраўскім. Расказаў, як дзятва любіла гуляць у гарадкі, салаўя-разбойніка. Як малыя з нецярпеннем чакалі Новага года, і тады дзед Макар надзяваў касцюм Дзеда Мароза і вазіў іх на кані. Узгадаў і старую танцпляцоўку, на месцы якой потым пабудавалі ФАП, праўда, праз гады і яго разбурылі.
У 2004 годзе землі, якія знаходзіліся пад распрацоўкай торфу, перадалі “Жылкамгасу”, і там нават нейкі час здабывалі торф. Вось што гаварыў дырэктар “Жылкамгаса” ў інтэрв’ю карэспандэнту “Советской Белоруссии” ў красавіку 2011 года: “Семь лет назад нашему предприятию передали торфопредприятие в поселке Кировское, поэтому заготавливаем торф сами. Конечно, это сопряжено с затратами, так как техника нам досталась добитая, жилфонд — в аварийном состоянии. Пока заготавливаем порядка 600 тонн торфа в год”. Далей было адзначана, што камунальнікі плануюць развіваць тарфяную тэматыку. Нават хацелі ўстанавіць лінію па брыкеціраванні торфу. Але планы так і засталіся планамі. І зараз на двухсотгектарнай плошчы, дзе здабывалі торф, больш не чуваць гулу тэхнікі. Пляцоўка пустуе і паступова зарастае лесам. Жадаючых заняцца вытворчасцю няма. Хаця была, і яна ёсць зараз, інвестыцыйная прапанова: супрацоўніцтва ў галіне вытворчасці тарфяных гранул. Прамысловая плошча торфу — 4 693 гектары, яго запасы — 13 152 тысячы тон. Дзікае балота яшчэ захоўвае ў сваіх нетрах каштоўныя прыродныя рэсурсы.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота аўтара