Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

Прыкладна за дзевяць кіламетраў ад Глуска, на правым беразе ракі Пціч, знаходзіцца вёска Поблін. Населеных пунктаў з такой назвай няма, здаецца, больш нідзе ў Беларусі. Нават усёведны Google пры запыце выдае звесткі толькі пра вёску Поблін у Глускім раёне.

Паходжанне назвы гэтага населенага пункта так да нашага часу і не вызначана канчаткова. Існуе некалькі версій. Па адной з іх, напэўна, самай неверагоднай, у вёсцы некалі жыў поп, які кожную нядзелю пасля службы, як прыхаджане выходзілі з царквы, адорваў дзяцей блінамі. Ад злучэння слоў “поп” і “блін” атрымаўся Поблін. Па іншай версіі, назва вёскі звязана з прозвішчам уладальніка Глуска і Глускай воласці (да якой адносіўся Поблін) — князя Палубінскага. Існуе яшчэ адна версія: Поблін — ад прозвішча Побаль, якое мае балцкае паходжанне. Так ці інакш, але вёска Поблін мае ўнікальную назву, і ўсе яе ўраджэнцы могуць гэтым ганарыцца. А гэта так і ёсць на самой справе. Вось, напрыклад, Кацярына Міхайлаўна Барысік. Менавіта гэта жанчына звярнулася да нас у рэдакцыю, расказала шмат пра сваю родную вёску, яе жыхароў, цяперашніх і былых, нават правяла экскурсію па Побліне і пазнаёміла з аднасяльчанамі. Але ўсё па парадку. І пачнём мы з гісторыі вёскі.

Ураджэнка Побліна Кацярына Барысік прапанавала напісаць пра сваю малую радзіму ў раёнцы

Крыху гістарычнай статыстыкі

Упершыню ў гістарычных крыніцах Поблін згадваецца ў XVII стагоддзі. Але, безумоўна, людзі тут з’явіліся значна раней. Аб гэтым сведчаць і помнікі археалогіі: стаянка бронзавага веку на паўночна-заходняй ускраіне вёскі, на правым беразе ракі Пціч, у хваёвым лесе паміж могілкамі і жывёлагадоўчай фермай, а яшчэ селішча II—IX стагоддзяў, што за кіламетр на поўнач ад вясковых могілак. Дарэчы, абодва археалагічныя помнікі адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей Глускага раёна і ахоўваюцца дзяржавай.

У 1724 годзе вёска належала Радзівілам, і было тут 11 двароў. З канца XVIII стагоддзя Поблін, як і іншыя беларускія тэрыторыі, увайшоў у склад Расійскай імперыі. Яго ўладальнікам на той час быў граф Юдыцкі. У 1798 годзе ў Побліне 26 двароў, 153 жыхары. Праз стагоддзе, у 1897 годзе, тут ужо 66 двароў і 420 жыхароў, а ў год Кастрычніцкай рэвалюцыі — 77 двароў і 462 жыхары, з якіх чатыры — яўрэі. У 1926 годзе ў Побліне было 85 двароў і 460 жыхароў. У 1931 годзе тут арганізавалі калгас “Юны барацьбіт”, і праз год ён аб’ядноўваў 47 гаспадарак. У 1996 годзе ў Побліне пражывала 122 чалавекі, у 2010-м — 56, а на 1 студзеня 2019-га было зарэгістравана ўсяго 35 жыхароў.

Вялікая вёска ўмоўна падзяляецца на некалькі частак. Мясцовыя жыхары нават прыдумалі ім назвы: “Сяло” (найбольш старая частка), “Куток” (тут былі царква, школа, млын), “Хутар” (самая новая, забудаваная дзесьці ў 1960-я).  

Царква

У 1862 годзе ў Побліне была пабудавана драўляная царква Узнясення Гасподняга. Па іншых звестках, царква была тут яшчэ з 1795-га, а ў 1862-м яе перабудавалі. Адны са старэйшых жыхарак Побліна сёстры Зінаіда Васілеўна Грыпінская і Антаніна Васілеўна Лубко (у дзявоцтве Грыпінская) расказалі, што калісьці ў нядзелю ды на розныя рэлігійныя святы ў поблінскую царкву прыязджалі людзі з навакольных вёсак — падводы стаялі каля цвінтара, далёка ўздоўж вуліцы і аж на луг заязджалі.

Адзін з апошніх святароў поблінскай царквы Рыгор Буйчык

Царква была драўляная, невялікая, але прыгожая. Побач з цвінтаром стаяла хата, дзе жыў мясцовы святар. Адзін час ім быў Рыгор Буйчык, прадзед Кацярыны Барысік. У сям’і Кацярыны Міхайлаўны і па наш час захоўваецца яго фотакартка, нашчадкі збераглі яе праз усе цяжкія, ліхія гады. “З усталяваннем савецкай улады, — расказвае Кацярына Міхайлаўна, — на святароў пачаліся ганенні. Дзесьці ў другой палове 1930-х гадоў майго прадзеда разам з жонкай і малодшаю дачкою выслалі ў Сібір. Яго дарослыя сыны ад першага шлюбу, Арсен (мой дзед) і Аркадзь, на той час ужо мелі свае сем’і, і рэпрэсіўная машына дзіўным чынам іх не закранула — яны засталіся і далей жыць у вёсцы. Прадзед, яго жонка, дачка з высылкі на радзіму не вярнуліся. Зараз ад хаты святара застаўся толькі падмурак. Але яго нашчадкі (унукі сына Аркадзя) пабудавалі на ўчастку дачны домік і прыязджаюць на бацькаўшчыну”.

Сям’я святара Рыгора Буйчыка

Мы з Кацярынай Міхайлаўнай прайшлі на тое месца, дзе раней у вёсцы стаяла царква. Калісьці царкоўны двор па перыметры быў абсаджаны дрэвамі. Яны стаяць тут і зараз — высокія старыя таполі ды разлапісты тоўсты клён. Яшчэ адзін ужо разваліўся ад старасці ды ўпаў на зямлю…

“Падчас Вялікай Айчыннай вайны царква ў вёсцы яшчэ была, — расказвае Зінаіда Васілеўна Грыпінская. — Але яе спалілі партызаны, таму што царкоўную званіцу выкарыстоўвалі немцы, каб сачыць за перамяшчэннем партызан і ўвогуле за абстаноўкай наўкол. Наша хата стаяла побач, і мы вельмі баяліся, што і яна загарыцца, але неяк абышлося. Сяляне пажар патушылі, але праводзіць службы ў царкве было ўжо нельга. Пасля вайны яшчэ стаяў царкоўны каменны падмурак, а пазней поблінцы разабралі яго, каб адбудаваць хаты, разбураныя вайной”. 

Вясковая школа

Як адзначаецца ў кнізе “Памяць. Глускі раён”, у 1884 годзе ў Побліне была адкрыта школа граматы — самая першая адукацыйная ўстанова ў вёсцы. У 1899 годзе яна ператварылася ў царкоўнапрыходскую школу, для якой пабудавалі новае памяшканне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут адкрылі працоўную школу 1-й ступені (пачатковая), дзе займаліся 22 вучні. Пры школе дзейнічала хата-чытальня.

1967 год. Урок фізкультуры ў старой поблінскай школе

“Вельмі добра памятаю старую драўляную школу, якая стаяла на былым царкоўным двары, — успамінае Антаніна Васілеўна Лубко. —  Мы ўсе тут вучыліся першыя чатыры класы. Потым, хто жадаў і меў магчымасць (дапамагаць жа бацькам трэба было) працягнуць адукацыю, хадзілі ў сямігодку ва Усцярхі або Балашэвічы. Я таксама тры гады хадзіла ў Балашэвічы. Калі цёпла было, то кожны дзень праз раку, а ўзімку жыла ў балашэвіцкай радні. Настаўнікі з Побліна таксама праз раку хадзілі на працу ў Балашэвічы, напрыклад, Ната Адамаўна Тарасевіч і яе бацька, які быў дырэктарам той школы”.

Здымак канца 1960-х. Вучаніцы поблінскай школы на прышкольным участку

“У старой драўлянай школе былі памяшканні, — успамінае Зінаіда Васілеўна Грыпінская, — выдзеленыя спецыяльна пад жыллё настаўнікам, што прыязджалі працаваць у Поблін. Вось, напрыклад, Андрэй Андрэевіч Расюкевіч жыў у школе, займаў два пакоі. Хапала месца і дзе вучыцца вучням, хаця ў вёсцы дзяцей заўсёды было вельмі многа. Можа, таму, што пачатковая школа была перапоўненая, а хадзіць у іншыя вёскі было нязручна, у 1973 годзе ў Побліне пабудавалі новую цагляную школу, ужо васьмігодку. У самыя лепшыя гады там вучылася больш за 200 дзяцей. Але ўжо больш за дваццаць год і гэта ўстанова не працуе…”

Старую драўляную школу мясцовыя жыхары паступова разабралі на дровы. Зараз на яе месцы толькі вялікія таполі. На дзвюх з іх, як напамін аб школе, — прымацаваная калісьці даўно жалезная труба, якая на ўроках фізкультуры служыла турніком. Былы спартыўны снарад зараз вельмі іржавы і ўжо сантыметраў на 15 урос у ствол дрэва.

Млын

Млын у мінулыя вякі быў вельмі важным, можна сказаць, стратэгічным аб’ектам для сялян, і, трэба адзначыць, меўся ён не ў кожнай вёсцы. А вось у Побліне быў: вадзяны млын стаяў на старыцы Пцічы амаль побач з хатамі. Паводле кнігі “Памяць. Глускі раён”, з’явіўся ён тут прыкладна ў канцы XVIII стагоддзя. Працаваў не толькі на карысць поблінцаў — з навакольных вёсак ехалі сяляне, каб перамалоць вырашчанае зерне на муку. У вялікай чарзе прыходзілася стаяць не адну гадзіну, а нават дзень ці два. Як расказваюць старажылы, аднойчы (вельмі даўно) каля млына здарылася непрыемная сітуацыя: перасварыліся, не падзялілі чаргу сяляне з Побліна і Балашэвіч. Тады балашоўцы ўзлаваліся і сказалі: “Нас не пусцілі да млына, дык і вам яго не будзе!” Сабраліся ўсёй вёскай ды пракапалі ад старыцы канаву да Пцічы — вада сышла ў раку. Старыца абмялела, і млын ужо працаваць, як раней, не мог.

На гэтым месцы некалі стаяў млын. Зараз аб яго існаванні нагадваюць рэшткі паляў

Зараз на месцы, дзе некалі стаяў млын, аб яго існаванні нагадваюць толькі рэшткі драўляных паляў, што тырчаць з вады, калі яе ўзровень падае.

Працяг будзе

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Кацярыны Барысік і Тамары Лявонцьевай

Последние новости

Власть

С Днем энергетика! Поздравление от руководства Глусского района

22 декабря 2024
Читать новость
Общество

Новости — глусские, зрители — разные

21 декабря 2024
Читать новость
Общество

Кто может быть Дедом Морозом и тамадой

21 декабря 2024
Читать новость
АПК

Итоги конкурса мехдворов в Глусском районе

21 декабря 2024
Читать новость
АПК

Агрофирму «Славгородский» возглавил Евгений Бакач

21 декабря 2024
Читать новость
Общество

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить в Глуске 21—22 декабря

20 декабря 2024
Читать новость

Рекомендуем