У Глуску падвялі вынікі конкурсу на лепшае навагодняе афармленне арганізацый
Першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне сярод прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Глуска заняла дзіцячая школа мастацтваў (на фота). Вынікі былі падведзены ў апошнія дні снежня і зацверджаны рашэннем Глускага райвыканкама. Згодна з умовамі конкурсу, пераможца ўзнагароджваецца грашовай прэміяй у памеры 10 базавых велічынь. Другое месца і 7 базавых атрымаў Глускі філіял ААТ “Бабушкіна крынка”. На трэцім месцы з прэміяй у пяць базавых велічынь — яслі-сад № 3.
Кіраўнікоў вышэйадзначаных устаноў 31 снежня на агульным сходзе ў райвыканкаме павіншаваў і ўзнагародзіў кіраўнік раёна Сцяпан Чачуха. Ён назваў і шэраг іншых калектываў, якія добра і з густам упрыгожылі свае тэрыторыі і будынкі, стварыўшы тым самым святочны настрой жыхарам Глуска.
Дзмітрый Кушын, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, растлумачыў, што дастойных кандыдатаў на прызавыя месцы было, зразумела, болей, чым тры. Але камісія звяртала ўвагу на тое, ці гарманічна выглядае кампазіцыя, ці вытрымана яна ў адзіным стылі. Трэба сказаць, што ў большасці канкурсантаў так і было, таму за галоўны крытэрый журы ўзяло, наколькі змянілася навагодняе ўпрыгожанне ў параўнанні з мінулым годам, што дабавілася, з’явілася новае, — ацэньвала, такім чынам, наколькі творча і нераўнадушна калектыў падыходзіць да святочнага ўбранства ўстановы.
Больш фота глядзіце тут