Чалавек і яго захапленне. Жыхарка Глуска Наталля Яўсееўна Піскун — жанчына, якая не ўяўляе свайго жыцця без рыбалкі
Экзюперы сказаў, што мы родам з дзяцінства. Псіхолагі ж сцвярджаюць, што з дзяцінства ідуць і ўсе нашы дарослыя праблемы. А як мне падаецца, дык з дзяцінства не толькі мы самі, нашы праблемы, але і нашы здольнасці, інтарэсы, захапленні, якія мы звычайна таксама пераносім з сабой у сваё дарослае жыццё.
Пераканацца ў гэтым мне дапамагла сустрэча і размова з Наталляй Яўсееўнай Піскун, жыхаркай Глуска. Гэту невысокага росту жанчыну я знаю даўно, праўда, завочна: з дзяцінства помню яе з гармошкай (у свой час яна часта іграла на вяселлях), пазней на вуліцах Глуска бачыла яе на скутары, а часам і за рулём мотаблока. Гэтыя выпадковыя і кароткія сустрэчы сведчылі пра Наталлю Яўсееўну як пра чалавека розных і нават незвычайных для жанчыны ўменняў і захапленняў. У дадатак да ўсяго нядаўна даведалася, што яна яшчэ і заўзятая рыбачка, гэта канчаткова пераканала ў неабходнасці больш блізкага знаёмства. Аказалася, што інтарэс да рыбалкі ідзе, здагадайцеся, адкуль, — зразумела, з дзяцінства. Жыла іх сям’я зусім недалёка ад Глуска, у месцы, якое мела дзіўную назву “Торфазавод “Бярозаўка” (зараз гэта межы Глуска), вакол — шмат вады: і балоты, і рака недалёка, да таго ж бацька смаліў лодкі і быў адмысловым рыбаком. “Памятаю, тата ўстане рана-рана і ідзе паціху, каб нікога ў хаце не разбудзіць, я пачую — і таксама за ім, не прагнаць мяне было, — згадвае Наталля Яўсееўна. — Ад яго і навучылася рыбу лавіць. Праўда, у дзяцінстве якія ў мяне вуды былі — самаробныя, з арэшыны, і паплаўкі самаробныя, але ж нічога, лавіліся і карасі, і ліні, акуні, раней шмат рыбы было”. У больш дарослым жыцці рыбалку давялося пакінуць, бо з’явіліся іншыя клопаты — сям’я, работа, а ў выхадныя людзі часта звалі яе пайграць то на вяселлі, то на провадах ці іншых якіх гулянках.
Дарэчы, знаёмства і сяброўства з гармонікам у Наталлі Піскун склалася таксама ў дзяцінстве. Слухала, як мама напявае матыў ці песню якую, запамінала, а потым падбірала іх на старым гармоніку, сядзела на прызбе, як сама кажа, “рыпала”, а мужчыны, што праходзілі міма, хто цукерку дасць, хто яблыкам пачастуе — ёй і добра. Першую гармошку купіла, калі працавала ўжо. Цяперашняя “Чайка” — сёмая па ліку. А была ў Яўсееўны нават самаробная гармошка, яе падарыла маці сяброўкі Галі Чарняўскай з Новаандрэеўкі, баба Шура. І тую гармошку, і іншыя, якія заставаліся і былі няспраўнымі, яна аддала аднаму бабруйскаму майстру і калекцыянеру, каб ён адрамантаваў ёй гэтую “Чайку”.
Зразумела, пара вяселляў пад гармонік прайшла, але часам так цягне ўзяць у рукі інструмент і прабегчыся пальцамі па кнопках, расцягнуць мяхі, зайграць… Наталля Яўсееўна ўспамінае, як адносна нядаўна была ў сваякоў у Бабруйску, і там якраз праходзілі “Дажынкі”, у гарадскім парку на адной з пляцовак ігралі тамтэйшыя гарманісты. Яна пастаяла, паслухала, а потым папрасіла дазволу пайграць, мужчыны паглядзелі на яе з недаверам, а потым адзін даў-такі свой гармонік, яна і зайграла — і дзядзькі-гарманісты павесялелі, заківалі з адабрэннем галовамі, і мінакі сталі спыняцца, а хто дык і прытупваць у такт польцы пачаў. Што тут скажаш — талент усюды праявіць сябе, а любоў да музыкі нават і ў самадзейнага артыста, самавучкі, з гадамі не праходзіць. Гэта дакладна.
Не знікла ў Наталлі Яўсееўны і перайшоўшая ад бацькі, а можа, і выхаваная ім, цяга да рыбалкі. “Як выйшла на пенсію, вольнага часу пабольшала, — расказвае яна, — і я стала часцей хадзіць і ездзіць на рыбалку. Паступова прыкупіла ўсе неабходныя прылады: і розныя вуды, і ўсё, што патрэбна да вудаў, палатку, спецыяльны прарызінены дыванок, зручную для рыбалкі і летам, і зімой вопратку, не кажучы ўжо пра адмысловыя кацялок, міску, кружку. У мяне тут у верандзе свой асобны куток ёсць, дзе ўсё маё рыбацкае начынне ляжыць. І ніхто сюды не падыходзіць, нават унукі ведаюць, што гэтыя бабуліны рэчы нельга чапаць. Вось так”.
Насамрэч рыбакоў-заўзятараў у Глускім раёне шмат, і найчасцей яны, нібы тая рыба ў касякі, збіраюцца асобнымі гуртамі, кампаніямі, ездзяць на свае ўлюбёныя месцы — каму дзе падабаецца. Ёсць свая кампанія і ў Наталлі Піскун, “каманда”, як гаворыць яна сама, гэта Любоў Трыбуш з Поўсткі, Леанід Байдакоў і Віктар Селіванаў з Глуска, бывае, што да іх далучаюцца Пётр Рашкевіч, Мікалай Алёхна, а калі і Уладзімір Дзярбееў. Зразумела, што гэтыя мясцовыя рыбакі не абыходзяць увагай мясцовую раку Пціч, ловяць на Поўдзеры, а яшчэ ездзяць на Чырвонае возера, Чырвоныя карты (Жыткавіцкі раён), там добра бяруць шчупакі, акуні, бываюць на Любаншчыне. Але сама болей рыбы, усялякай і рознай, бачыла і лавіла ў Ахоцкім моры, калі з мужам жыла ў Магадане, там першы раз была на зімовай рыбалцы, успамінае Наталля Піскун, спадабалася, асабліва добра лавілася корушка. Зараз яна таксама любіць зімовую рыбалку, але сяголета ўсяго два разы атрымалася выйсці на лёд, не тое надвор’е… Зразумела, падчас размовы з рыбачкай я не магла не папытацца пра самую вялікую са злоўленых ёю рыбін. Аказалася, гэта быў шчупак 72 сантыметры даўжынёй і 3 кілаграмы 200 грамаў вагой, адной толькі ікры ў ім было паўлітра. А яшчэ памятным быў ладны карп, кілаграма на паўтара, запомніўся тым, што падчас начной рыбалкі ён сцягнуў вуду (Наталля закінула яе, а сама адышла паглядзець юшку), пачулі толькі ўсплеск вады, кінуліся на бераг, а вуды ўжо няма, пляменнік Коля хуценька ў лодку ды паплыў, праз колькі метраў падхапіў вуду, выцягнуў — а там і злодзей… Ох і смачная ж юшка атрымалася з тым карпам, наварыстая, да раніцы застыла — хоць нажом рэж.
Дарэчы, пра юшку, яна ў Наталлі Яўсееўны смачная атрымліваецца (яна мяне частавала), па маміным рэцэпце варыць. Чысціць увесь прынесены жонкай улоў муж Саша, яна ж варыць і смажыць, а калі гатуюць на вуліцы, на кастры, — гэта зноў справа гаспадара. Праважаюць і сустракаюць яе з рыбалкі тры сабакі і кот — такі падзел працы і размеркаванне абавязкаў у іх сям’і.
Увогуле ж рыбалка для Наталлі Яўсееўны — не пытанне харчовай бяспекі, а найперш адпачынак для душы, задавальненне, радасць, асалода ад яднання з прыродай. Дарэчы, зараз шмат жанчын рыбалкай захапляецца. Вада, цішыня, прыгажосць, чаканне ўдачы — усё гэта так вабіць жанчын… Асобна трэба сказаць пра рыбацкую салідарнасць. Праўда не толькі тое, што рыбак рыбака пазнае здалёк, але і тое, што рыбак рыбаку заўсёды дапаможа. Ва ўсялякім выпадку Наталлі Піскун сустракаліся менавіта такія. Ды і сама яна такая таксама. Успамінае, як аднойчы знайшла на беразе невялікую сякеру і два тыдні вазіла яе з сабой, пакуль убачыла і аддала таму рыбаку, які гэту рэч забыўся. Быў яшчэ такі выпадак. Нехта пакінуў рыбацкую скрыню з усімі прыладамі, яна знайшла яе, і галоўнае ж, бачыла чалавека, што быў там перад гэтым, але не ведае яго. Каму аддаць? Добра, што прыехала са сваёй камандай, і той рыбак-забывака аказаўся знаёмым аднаго з іх… Думкі пакінуць знойдзенае сабе нават не ўзнікла — барані бог ўзяць чужое. Хопіць сабе таго, што ёсць, разважае Наталля Яўсееўна Піскун, ты некаму вернеш яго рэч, табе нехта верне тваю. Не зайздросціць яна і чужому ўлову, нават калі ў самой не бярэцца, рыбы хопіць усім, кожны сваю зловіць. Гэтаму яе таксама вучылі з дзяцінства, у сям’і. Адтуль і насамрэч пайшло ўсё тое, што яна ведае, умее, чым любіць займацца зараз. Што да недахопу часу, на які наракаюць многія, то не трэба шмат разважаць, гаворыць Наталля Піскун, — трэба брацца і рабіць (дарэчы, у двары і ў хаце ў яе поўны парадак), галоўнае, каб рукі і галава былі на месцы. Тады час будзе і на справы, і на захапленні. Трэба ж, каб у чалавека быў занятак па душы і для душы, тады і жыць лацвей, цікавей, весялей.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара