Нашы людзі. Прадавец у трэцім пакаленні Ганна Карабанькова
![Нашы людзі. Прадавец у трэцім пакаленні Ганна Карабанькова](https://www.glusk.by/wp-content/uploads/2025/02/img_9088.jpg)
Пагаварыўшы з ёю якіх хвілін пяць-сем, адчула ўсю яе адкрытасць і шчырасць, прастату і лёгкасць у зносінах, чалавечую і жаночую прывабнасць. І зразумела, чаму Ганну Карабанькову, прадаўца 6-га разраду аўтамагазіна № 1 Глускага райпо, хваляць і паважаюць пакупнікі, цэніць і вылучае кіраўніцтва. Ад гэтай нашай размовы я чакала простага: даведацца, колькі яна працуе і як ёй працуецца, атрымаць некаторыя лічбы, а атрымала цікавую гісторыю прадаўца ў трэцім пакаленні. Прычым за Ганну нічога не трэба дадумваць: гаварыла яна добра, складна, а пра людзей — з асаблівай цеплынёй.
— Мне прафесія прадаўца дасталася ў спадчыну, — расказвае Ганна Мікалаеўна. — Мой дзед Дзяшчэня Усцін Аляксандравіч, ветэран фінскай вайны, афіцэр, калі вярнуўся ў родныя мясціны, адкрыў ларок спажывецкай кааперацыі, прама ў сваім доме ў вёсцы Калюзе, было гэта дзесьці ў трыццатыя гады. Пасля яго смерці справу мужа прадоўжыла мая бабуля Дзяшчэня Марыя Пятроўна. Прадаўцом пазней стала і іх старэйшая дачка, мая цётка Кабановіч Эма Усцінаўна, толькі яна працавала ўжо ў стацыянарным вясковым магазіне ў Калюзе. Калі мне было 20 гадоў, я таксама пайшла ў гандаль, была вучнем прадаўца ў Макавіцкім магазіне. Аднак потым давялося пераехаць, некаторы час я жыла і працавала ў Жлобіне, на радзіме маёй бабулі. У 2012 годзе вярнулася ў Глуск і з таго часу працую прадаўцом аўтамагазіна. У лістападзе было 12 гадоў, трынаццаты пайшоў”.
Працуе Ганна Карабанькова добра, старанна, своечасова і граматна складае справаздачы, забяспечвае захаванне матэрыяльных каштоўнасцей — так пра яе гавораць у раённым спажывецкім таварыстве. Яе значны асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі летась быў адзначаны Ганаровай граматай Магілёўскага аблспажыўсаюза. Рознічны тавараабарот аўтамагазіна № 1 за мінулы год склаў больш за 324 тысячы рублёў, а сярэднямесячная нагрузка на прадаўца — 27 тысяч рублёў (пры нарматыве 18,5).
“Зімой тавараабарот прыкладна 24 тысячы за месяц выходзіць, — тлумачыць сезонныя асаблівасці выязнога вясковага гандлю Ганна Мікалаеўна, — а вось летам тысяч на 10 болей, бо і людзей болей: прыязджаюць дачнікі, шмат дзяцей застаецца на канікулы. З вадзіцелем Мікалаем Сокалам (раней працавала з Сяргеем Ледзяном) мы абслугоўваем тры накірункі — Макавіцкі, Дакольскі і Слаўкавіцкі, прыкладна па восем вёсак на кожным маршруце. Таксама спыняемся і працуем у аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў у Заеліцы і ў сацыяльным пансіянаце ў Веснаве. Рабочы дзень пачынаецца ў 10 раніцы (першы прыпынак), а заканчваецца — калі разлічу апошняга пакупніка”.
На маё пытанне, чым так прывабіла работа менавіта ў аўтакраме, чаму не пераходзіць у стацыянарны магазін, Ганна Мікалаеўна адказала: “Тут не сядзіш на месцы, тут ты, лічы, увесь час на прыродзе, на свежым паветры. А мае пастаянныя пакупнікі, у асноўным бабулькі, — гэта ўжо мае сяброўкі, мы і сазвоньваемся з імі, я ўсіх іх добра ведаю і вельмі перажываю, калі хто памірае, калі ёсць магчымасць, то заходжу развітацца, дні два потым не магу супакоіцца. Такім адносінам да людзей, быць шчырай, спачуваць ім, дапамагаць па магчымасці, я навучылася ад сваёй бабулі Марыі Пятроўны”.
Ну што тут скажаш: як ты да людзей, так і яны да цябе, як ты адносішся да справы, так яна і рухаецца, такі і вынік выходзіць. У Ганны Карабаньковай ён добры, калі не сказаць лепшы. Бо па выніках работы за 2024 год яна прызнана ў раёне лепшай па прафесіі — “Лепшым прадаўцом”.
Т. ЛУКАШЭВІЧ, фота аўтара