Тыдзень роднай мовы ў Глускай СШ № 1 імя Сяргея Іванавіча Грахоўскага завяршыўся мерапрыемствам “Сустрэча з самім сабою, или Признание в любви”

Тыдзень роднай мовы ў сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Іванавіча Грахоўскага завяршыўся вялікім прыгожым мерапрыемствам “Сустрэча з самім сабою, или Признание в любви”, яно адбылося напрыканцы лютага.
“Сустрэча з самім сабою” — так называецца зборнік лірычнай прозы Сяргея Грахоўскага, і натуральна, што асоба паэта займала цэнтральнае месца ў імпрэзе.
У школе сабраліся тыя, хто добра быў знаёмы з Сяргеем Іванавічам, сярод іх журналіст і пісьменнік Навум Сандамірскі, архітэктар Галіна Левіна, рэжысёр і кінасцэнарыст Уладзімір Арлоў, і пра гэта сяброўства яны згадвалі ў сваіх успамінах. Чакалі яшчэ дачку паэта Таццяну Сяргееўну, яна, на жаль,
не змагла прыехаць, але перадала прывітальны ліст. Былі на свяце пачэсныя госці, сярод іх намеснік старшыні Глускага райвыканкама Анатоль Ласоцкі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына.



І да тыдня роднай мовы, і да заключнага дня яго ў школе падрыхтаваліся грунтоўна: паўсюль — на сценах, дзвярах — цікавыя беларускія слоўкі, выказванні, партрэты паэтаў і пісьменнікаў. У фае на першым паверсе — выстава вучнёўскіх малюнкаў, адсюль і пачалася тэматычная экскурсія па школе. І першым яе пунктам было, здавалася б, месца незвычайнае: школьная сталоўка. Але ж калі ўзяць пад увагу тое, што беларусы славяцца гасціннасцю, а добрыя гаспадары заўсёды першым дзелам вядуць гасцей за стол, — то ўсё ішло акурат сваёй чаргой. “Глускія прысмакі” — так называўся гэты этап мерапрыемства. Чаго там толькі не было, ад печанага да смажанага, — гэта пастараліся настаўнікі, вучні і іх бацькі. Пералічваць усё не буду, назаву якую дзясятую долю страў: вергуны, ватрушкі, пернікі, камакі, клёцкі, зуцы, наліснікі, смажаны судак, фаршыраваны шчупак, сыр свойскі некалькіх відаў…

Падсілкаваўшыся, крочылі далей, каб неўзабаве застыць ад здзіўлення: гасцей сустракалі “жывыя фігуры”. Гэта вучні ўвасобілі розных літаратурных персанажаў: Насцечку і Сержа з аповесці Кузьмы Чорнага, мележаўскую Ганну Чарнушку, шамякінскіх Антона Яраша і Кірылу Шыковіча, Еўфрасінню Полацкую, жняю — гераіню верша Янкі Купалы (памятаеце, “як сама царыца ў залатой кароне, йдзе яна ў вяночку паміж спелых гоняў…”). Арыгінальная задума не пакінула нікога раўнадушным, і калі хлапчукі ды дзяўчынкі стаялі нерухома, бо такая была ў іх роля, то госці школы таксама літаральна застылі ад захаплення. “Вялікі дзякуй вам ад кінарэжысёра вышэйшай катэгорыі”, — такія словы пачулі школьнікі-артысты ад расчуленага кінарэжысёра, сцэнарыста Уладзіміра Арлова, а генерал-лейтэнант Станіслаў Румянцаў пахваліў іх стойкасць і вытрымку, “дадуць прыклад яшчэ і салдатам на пляцы”, сказаў ён.
Не так даўно ў асобным пакоі школьнага музея адкрылі кабінет Сяргея Грахоўскага, экскурсію па
ім правяла загадчык музея Вольга Гааг.
Яна настаўнік у трэцім пакаленні, што працуе ў гэтай школе, стаяла ля вытокаў стварэння музея,
яе сям’я таксама была добра знаёмая з Сяргеем Грахоўскім. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра гісторыю стварэння экспазіцыі, пабачылі на ўласныя вочы асабістыя рэчы паэта, разгледзелі шматлікія фотаздымкі, якія захоўваюцца ў музеі. Дарэчы, у гэты дзень яго фонд таксама папоўніўся малавядомымі фатаграфіямі Сяргея Грахоўскага — іх перадалі госці школы.
Шмат чаго яшчэ было ў гэты дзень у школе. Вучні чыталі вершы Сяргея Грахоўскага, гучалі песні пра родную мову і родны край, фіналісты конкурсу чытальнікаў атрымалі ўзнагароды, і ўсе, хто сабраўся, шчыра дзяліліся ўспамінамі пра былое і ўражаннямі ад сустрэчы.







Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў сябраваў з Сяргеем Грахоўскім і зараз сябруе з яго дачкой Таццянай. Дома ва Уладзіміра Аляксандравіча захоўваюцца рукапісы некаторых вершаў паэта, падораныя ім самім, у тым ліку вершы “Ветразь” і яго рускі пераклад “Парус”, з імі звязана цікавая гісторыя. Вядома, што гэтыя два вершы Сяргей Іванавіч напісаў як адказ тым скептыкам, якія ўспрымаюць беларускую мову нібыта кальку з рускай: дык вось у беларускім варыянце няма ніводнага слова, сугучнага з рускім варыянтам.
“Я ўзрушана сённяшняй сустрэчай, тым, як у гэтай школе захоўваецца памяць пра паэта. Вельмі важна ў наш час захоўваць такія станцыі памяці”, — сказала архітэктар Галіна Левіна. Сяргей Грахоўскі пасябраваў з яе бацькамі ў 1985 годзе і тады ж падарыў два томікі вершаў, адзін — з наказам для Галіны. “Падпісаў ён кнігу ў дзень майго нараджэння, я якраз заканчвала архітэктурны факультэт, і для мяне тыя словы-пажаданні, вельмі прыгожыя, паэтычныя, былі важныя тады і не забываюцца цяпер. Сяргей Грахоўскі — гэта паэт, чые вершы, чые мудрасць і разважлівасць дораць нам прыпынкі ў нашай вечнай спешцы і мітусні”, — падзялілася сваёй думкай Галіна Леанідаўна. Яе бацька Леанід Левін, адзін з аўтараў мемарыяла ў Хатыні, з Сяргеем Грахоўскім і сябраваў, і працаваў разам. Галіна Левіна перадала ў школьны музей кнігу “Хатынь”, дзе змешчаны ўспаміны Леаніда Левіна пра Грахоўскага і іх агульны фотаздымак.
Былі ў гэты дзень і другія падарункі для школы, а таксама гасцям ад школы — духмяная глуская гарбата і буслікі, сшытыя рукамі старшакласніц. Удзельнікі мерапрыемства шчыра дзякавалі яго арганізатарам за выдатную падрыхтоўку, падзякую ім і я. Дырэктару СШ № 1 Людміле Маеўскай, настаўніцам Вользе Гааг, Наталлі Куксік, Таццяне Мяцельскай, Алене Жалудковіч, вучням і ўсім тым, хто меў дачыненне да гэтага сапраўды цудоўнага свята.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота М. БУЯНА