Темы

З блакнотам па раёне: Завалочыцы

З блакнотам па раёне: Завалочыцы

Працягваем знаёміцца з населенымі пунктамі раёна, іх інфраструктурай, гісторыяй, людзьмі — таленавітымі і шчырымі, руплівымі, адданымі роднаму куточку і любімай справе. На гэты раз па рэдакцыйным заданні накіроўваемся ў Завало-чыцкі сельсавет. Ён налічвае 15 населеных пунктаў з цэнтрам у аграгарадку  Завалочыцы. Сюды адразу і прыехалі.

Вёска Завалочыцы статус аграгарадка атрымала ў 2010 годзе. Зараз тут зарэгістраваны 389 чалавек, з іх 215 працаздольнага ўзросту, 110 пенсія-нераў, 64 дзіцяці. Завалочыцы — на першым месцы па колькасці насельніцтва, на другім — вёска Бабірова (186 чалавек), на трэцім — Сіманавічы (77). Менш за пяць чалавек — у вёсках Туркі, Горнае, Гарадзішча, Ясенцы. Усяго ў Завалочыцкім сельсавеце зараз зарэгістравана 825 чалавек, сярод іх 464 — людзі працаздольнага ўзросту, 267 пажылых, 94 — гэта дзеці.

Ёсць тут дзе вучыцца, лячыцца, працаваць ды адпачываць. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца вытворчыя аб’екты эксперыментальнай базы “Глуск”, дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Космас”, Завалочыцкая сярэдняя школа з дзіцячым садком, Завалочыцкае і Гарадоцкае лясніцтвы, працуюць два магазіны райпо, два — прыватных прадпрымальнікаў, ёсць аддзяленне паштовай сувязі, філіял “Беларусбанка”, пажарны аварыйна-выратавальны пост, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, Завалочыцкі СДК і бібліятэка, Бабіроўскі клуб-бібліятэка і іншыя.

Больш за сем гадоў працуе ў Завалочыцкім сельвыканкаме старшыня Дзмітрый Асадчы, у справах яму дапамагае Алена Лук’янец. Накірункаў дзейнасці ў іх, вядома, шмат. Нямала і клопатаў, якімі жывуць, з якімі звяртаюцца да іх вяскоўцы. Найчасцей, удакладняе Дзмітрый Асадчы, гэта пытанні па дарогах, спілоўванні аварыйных дрэў, акошванні тэрыторыі, вулічным асвятленні. Праблемы ў большасці выпадкаў вырашаюцца станоўча. Аднак трэба разумець, што магчымасці сельвыканкама залежаць у тым ліку ад фінансавання.

Адна з ключавых задач, якая стаіць перад сельвыканкамамі, — добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Гэтаму ў Завалочыцкім сельсавеце адводзіцца асаблівая роля.

Тут не пакідаюць па-за ўвагай пустуючыя і безгаспадарчыя дамы, прывядзенне прылягаючых да іх тэрыторый у належны стан, работу па выдаленні старых і аварыйных дрэў. “Безумоўна, навесці парадак на зямлі немагчыма без падтрымкі мясцовых службаў, насельніцтва, — гаворыць старшыня сельвыканкама, — без адказнасці жыхароў за свае двары, дамы, прыдамавыя тэрыторыі, грамадскія месцы. Праводзяцца суботнікі, наводзіцца парадак на воінскіх пахаваннях і ў памятных месцах. Абапіраемся на дапамогу стараст, дэпутатаў, нераўнадушных да сваёй малой радзімы жыхароў. У такім цесным узаемадзеянні лягчэй рэалізоўваць карысныя справы, ініцыятывы”.

У якасці прыкладу Дзмітрый Асадчы прыводзіць устаноўку дзіцячай пляцоўкі ў Завалочыцах. Яна больш за год радуе маленькіх жыхароў. Ініцыятыву жыхароў аграгарадка і дэпутатаў дапамагла ўвасобіць абласная Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, устанаўлівалі гульнёвую пляцоўку самі сяльчане на чале са старшынёй сельвыканкама.

Яшчэ адна добрая справа — зарыбленне сажалкі ў аграгарадку. У мінулым годзе ініцыятыўныя жыхары запусцілі малькоў, потым усё лета лавілі рыбу, у Завалочыцах рыбалка для многіх любімы від адпачынку. Дарэчы, тэрыторыю вакол сажалкі акультурылі, упрыгожылі, устанавілі зробленыя сваімі рукамі лавачкі. Атрымалася прыгожая ўтульная зона адпачынку.

Кіраўнік сельвыканкама ў нашай размове заўважыў, што на тэрыторыі сельсавета жыве нямала заслужаных людзей, тых, хто плённа працаваў на карысць роднага краю, здабываў перамогу. Найперш гэта Яўген Цімафеевіч Шылаў, адзіны на сёння ветэран Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне, заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР,  і былы дырэктар саўгаса “Завалочыцы” Лідзія Кірылаўна Карцель, яе імя ўнесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны. “Так што нам ёсць кім ганарыцца, каго шанаваць, з каго моладзі браць прыклад мужнасці і вытрымкі, адказнасці да справы і жыццёвага аптымізму”, — падкрэсліў Дзмітрый Асадчы.

Школа

У Завалочыцкай сярэдняй школе сёння 60 вучняў і 6 выхаванцаў у дзіцячым садку. Цікава, што ўсе першакласнікі, іх чатыры, — хлапчукі, і сярод выпускнікоў гэтага года таксама ні адной дзяўчынкі. Вучацца ў Завалочыцах дзеці мясцовыя і з навакольных вёсак — Барысаўшчыны, Калюгі, Бабірова, Яўсеевіч. У мінулым годзе, расказвае дырэктар установы Наталля Шылава, школа атрымала добрую матэрыяльную падтрымку. Па-першае, 12 новенькіх камп’ютараў. Па-другое, новае абсталяванне з’явілася ў харчблоку: электрамясарубка, пліта, працірачная машына (для праціркі і нарэзкі гародніны).

Для школьнай сталовай прыдбалі новую мэблю, сталы і стулы, на пачатку студзеня яе якраз збіралі ў школьнай майстэрні. Акрамя таго, за бюджэтныя грошы абнавілі фасад, ганак, цокаль, адмостку…

Так што і звонку, і ўнутры, і па напаўненні школа выглядае няхай не як новабудоўля, але досыць маладой і сучаснай, да таго ж, калі мы прыехалі, у памяшканнях яшчэ заставалася навагодняе ўбранне, і гэта толькі дадавала бадзёрасці і пазітыву. А між тым Завалочыцкая школа адлічвае ўжо другое стагоддзе. Канешне, не цяперашні будынак — ён 1966 года пабудовы, а вось увогуле школа ў Завалочыцах была адкрыта, па некаторых звестках, у 1924 годзе і размяшчалася тады ў адным будынку з канторай саўгаса, асобнае памяшканне займела ў 1932-м.

Але ж вернемся да дзён сённяшніх. Калектыў у школе падабраўся харошы, творчы, адказны, гаворыць Наталля Шылава, скардзіцца няма на што. Засмучае толькі кадравая праблема, што маладыя настаўнікі па розных прычынах з’язджаюць з вёскі, сыходзяць са школы, мяняюць месца працы. Выручаюць настаўнікі пенсійнага ўзросту і прыезджыя (з 25 педагогаў 7 прыязджаюць, сярод іх таксама ёсць пенсіянеры), і за гэта ім дзякуй. Добра, што падвоз арганізаваны і для дзяцей, і для дарослых, добра, што педагагічны і выхаваўчы працэс не перарываецца, кажа Наталля Міхайлаўна. Значыць, у школы і яе вучняў ёсць будучыня.

Лясніцтва

Наведаліся мы ў Завалочыцкае лясніцтва, пагутарылі з ляснічым Аляксандрам Дзядзюлем. Калектыў ён узначальвае больш чым год, закончыў Смаленскую сельгасакадэмію, у мінулым годзе завочна атрымаў спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі ў БДТУ. Да сваёй цяперашняй пасады працаваў у Каткаўскім лясніцтве — майстрам лесу, пасля памочнікам ляснічага.

У лясніцтве, як вядома, шмат клопатаў. “Работа адказная, — гаворыць Аляксандр Дзядзюля. — У любы сезон. Зімой  гэта нарыхтоўка і рэалізацыя насельніцтву навагодніх ёлак, збор шышак на насенне, дарэчы, даведзены нам план, 635 кілаграм, мы ўжо перавыканалі. Займаецца лясніцтва і нарыхтоўкай драўніны. Значную ўвагу надаём лесааднаўленню. Сёлета плануем пасадзіць больш за 20 гектараў лесу, гэта каля 120 тысяч маладых дрэў. У мінулым годзе новыя лясы былі створаны на плошчы 32 гектары, высаджана больш за 190 тысяч дрэў. Гэта сосны, бярозы ды елкі. Сярод клопатаў лесаводаў — дапаўненне лясных культур, догляд за імі, барацьба са шкоднікамі, навядзенне парадку ў лясах і месцах адпачынку”.

Адзін з самых адказных накірункаў дзейнасці — ахова лесу ад пажараў. На базе лясніцтва ёсць пажарна-хімічная станцыя першага тыпу з асноўнымі сродкамі пажаратушэння. У пажаранебяспечны перыяд арганізуюцца дзяжурствы, вядзецца відэаназіранне за лесам, праводзяцца прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам.

Калектыў Завалочыцкага лясніцтва складаецца з 23 чалавек. Сярод іх майстры лесу, лесаводы, вадзіцелі, трактарысты, бухгалтар… Працуюць усе зладжана і адказна, адзначыў Аляксандр Дзядзюля, многа вопытных спецыялістаў. Выпадковых людзей лес не любіць. Так, з 1992 года працуе ў лясніцтве трактарыст па вывазцы лесу Уладзімір Герман. Дарэчы, летась з нагоды прафесійнага свята ён атрымаў заслужаную ўзнагароду — Грамату Міністэрства лясной гаспадаркі. Больш за дваццаць гадоў у лясніцтве працуюць  майстры лесу Сяргей Дзяшчэня і Віктар Ефімовіч, добра ведаюць сваю справу, добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі. А іх нямала — ад арганізацыі работы лесаводаў да ўліку лесапрадукцыі.

Ёсць у Завалочыцкім лясніцтве і моладзь. Нядаўна з Бабруйскага лясгаса ў калектыў прынялі яшчэ аднаго майстра лесу, усяго іх пяць, — Валянціну Ёрш. Ужо прыкладна год на пасадзе памочніка ляснічага шчыруе Наталія Гаўрылава. Больш за год у лясніцтве працуе майстар лесу Дзмітрый Кавальчук, за гэты час ужо паспеў дапамагчы калегам з Быхаўскага раёна: удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў летніх бураломаў.

Бібліятэка

Асяродкам культурнага жыцця на сяле, безумоўна, з’яўляюцца клуб і бібліятэка, і наш маршрут па Завалочыцкім сельсавеце не мог не ўключыць гэтыя два пункты. Пра мясцовы Дом культуры мы расказвалі раней, а зараз — пра бібліятэку. Захавалася першая інвентарная кніга, дзе стаіць дата 20 сакавіка 1951 года: з гэтага дня бібліятэка ў Завалочыцах адлічвае сваю гісторыю, ужо больш за сем дзясяткаў год. Цікава, што адзін час бібліятэка размяшчалася ў бальнай зале былога дома памешчыка Гатоўскага. Зараз яна займае адно з памяшканняў сельскага клуба.

Сёння Завалочыцкая сельская бібліятэка, кніжны фонд якой складае каля дзесяці тысяч экзэмпляраў, абслугоўвае 295 чытачоў з аграгарадка Завалочыцы, Заполля, Паляны, Сіманавіч і яшчэ некалькіх вёсак.

Завалочыцкая зямля вядома сваімі гістарычнымі помнікамі, тут захаваліся архітэктурныя збудаванні 19-га і пачатку 20 стагоддзя, а яшчэ тут жывуць людзі, нераўнадушныя да свайго мінулага, дык і не дзіўна, што адзін з выразных накірункаў дзейнасці мясцовай бібліятэкі — краязнаўства. Тут працуе краязнаўча-патрыятычны клуб “Памяць”, а загадчык бібліятэкі Валянціна Жлобіч працягвае справу сваіх папярэднікаў па захаванні гістарычнай, культурнай спадчыны. Дапаўняе новымі звесткамі, складае буклеты, прэзентацыі, альбомы, удзельнічае ў конкурсах, праводзіць экскурсіі для дзяцей і дарослых па адметных мясцінах. Валянціна Браніславаўна — з тых людзей, хто ўлюбёны ў сваю справу, у пэўным сэнсе апантаны ёю. І ўвогуле яна чалавек творчы, піша вершы, шмат увагі надае рабоце са школьнікамі, каб і яны былі людзьмі начытанымі, эрудзіраванымі і абавязкова ведалі гісторыю роднага краю, ганарыліся ёю.

Так, завалочыцкая старонка даўным-даўно стала і для Валянціны Браніславаўны родным краем. Яна хоць і з Глушчыны сама, але ў геаграфічным сэнсе, можна сказаць, з процілеглай Завалочыцам стараны. Нарадзілася ў пасёлку Ключ, які за савецкім часам яшчэ называўся пасёлак Зара, зараз гэта Слаўкавіцкі сельсавет. У пачатковую школу хадзіла ў Барбарова (два кіламетры пешшу, але ж ці зважалі тагачасныя дзеці на такія адлегласці?), потым вучылася ў Клятнянскай дзесяцігодцы. Між іншым, пасля школы вучылася спачатку не на бібліятэкара — на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, па размеркаванні трапіла ў Завалочыцкую школу, а ў бібліятэку ўжо пасля. Аднаго часу працавала ў школьнай бібліятэцы, больш за дзесяць год вяла гурток ад Цэнтра творчасці. Чалавек актыўны, энергічны, Валянціна Жлобіч імкнецца, каб і аднавяскоўцам было цікава, каб часцей заглядалі яны ў бібліятэку, дзе чакаюць выставы, навінкі перыёдыкі і шмат чаго іншага.

Амбулаторыя

Прыехаўшы ў Завалочыцы, мы не маглі абмінуць мясцовую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Праўда, упэўненасці, што ў суботу яна працуе, не было, аднак мы памыліліся. У суботу тут па графіку аказаўся рабочы дзень, дзверы былі адчынены, а мы, апынуўшыся ўнутры, былі прыемна ўражаны тым, што ўбачылі.

Па-першае, скажам чэсна, пра любую сельскую амбулаторыю нашы веды былі даволі павярхоўнымі, а пра Завалочыцкую ведалі толькі, што там ёсць загадчык амбулаторыі, ён жа ўрач агульнай практыкі, — знакаміты доктар Аляксандр Малышаў, ёсць стаматалагічны кабінет… і на гэтым усё. З доктарам Малышавам сустрэцца не атрымалася, а вось зубны фельчар Дзмітрый Каваленка нам усё і расказаў, і паказаў. Высветлілася, што ў Завалочыцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ёсць свая клініка-дыягнастычная лабараторыя, дзе возьмуць кроў і зробяць іншыя неабходныя аналізы, ёсць свая машына хуткай дапамогі (працуе не кругласутачна, а ў дзённы час), ёсць аптэчны кіёск (ну праўда, не ехаць жа вяскоўцам за трыццаць кіламетраў у Глуск па лекі) і памяшканне для фізіяпрацэдур. Адпаведна, акрамя загадчыка-ўрача, ёсць, паўтаруся, зубны фельчар, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медсёстры, вадзіцель хуткай дапамогі і іншыя работнікі.

За апошнія гады значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база, з’явілася сучаснае абсталяванне.  На абслугоўванні амбулаторыі знаходзіцца больш за 1200 чалавек з Завалочыц і навакольных вёсак — Сіманавіч, Яўсеевіч, Барысаўшчыны, Гарадка, Макавіч, Калюгі, Пагоста і іншых, усяго 24 населеныя пункты.

Шчыра прызнацца, таго часу, што мы запланавалі на амбулаторыю, нам не хапіла для паўнацэннага знаёмства з установай, так што мы вырашылі вярнуцца сюды яшчэ раз пазней. Тады ўсё падрабязна запішам і вам зноў раскажам.

 Г. АЎТУХОВА, А. ВАСІЛЕЎСКАЯ,  М. БУЯН

Последние новости

Общество

Головченко: белорусская экономика в январе сохраняет тенденцию роста

19 февраля 2025
Читать новость
Общество

Чтобы жители Глусчины были здоровы

19 февраля 2025
Читать новость
Власть

Двенадцатая сессия Глусского районного Совета депутатов 29-го созыва состоялась в Глуске

19 февраля 2025
Читать новость
Общество

С благодарностью за труд. Кого наградили на итоговом собрании трудовых коллективов в Глуске

19 февраля 2025
Читать новость
Общество

Граждан, служивших в горячих точках, хотят приравнять к воинам-интернационалистам

19 февраля 2025
Читать новость
Общество

Отчет о работе Глусского райисполкома по социально-экономическому развитию Глусского района в 2024 году

18 февраля 2025
Читать новость

Рекомендуем