Малінава

У паходзе на Усход гітлераўцы ставілі перад сабой мэту – загубіць усё мясцовае насельніцтва, як непаўнацэннае, пакінуўшы толькі нязначную частку яго для абслугоўвання сваіх будучых палацаў і маёнткаў. Фашыстамі была распрацавана спецаперацыя па знішчэнні грамадзянскага насельніцтва і партызан. І вось зімой 1942 года, на Каляды, як успамінаюць малінаўцы, ворагі з’явіліся і ў Малінаве. Аб гэтым сялян папярэдзілі свае людзі. Усе мужчыны з’ехалі на падводах у лес, як бы па дровы. Засталіся ў вёсцы толькі старыя ды жанчыны з дзецьмі. Фашысты лютавалі. З хат павыганялі ўсіх. Хто паспеў апрануцца, а хто і не, некаторыя нават былі босыя, але холаду чамусьці не адчувалі. Дзеці чаплялі-ся за спадніцы мацярок. Сем’і, на каго данеслі ворагам, бо былі сярод сялян і нямецкія памагатыя, адразу ж расстрэльвалі каля хат, на вачах у суседзяў-аднавяскоўцаў. Падпалілі вёску адразу з аднаго канца, потым з другога – ад лесу. Малінава было ахоплена агнём, дымам, стаяў лямант, галасілі жанчыны і дзеці. Усіх дарослых сабралі ў натоўп і пагналі ў бок вёскі Стражы. Калі трохі адышлі ад вёскі Малінава, убачылі – насустрач едзе нейкі паліцэйскі начальнік. І вось, калі яго падвода параўнялася з натоўпам, ён, як між іншым, мовіў, што ўсе ідуць, як статак, уцякалі б, калі і выстраляць, дык у спіну, а хто мо і жыць застанецца. Людзі зварухнуліся і кінуліся ўрассыпную. Шарпак быў моцны і трымаў вельмі добра. Людзі беглі, падалі, падымаліся і зноў беглі, наколькі хапала сілы, а хто і застаўся ляжаць назаўжды. Тыя ж, каму пашчасціла, вярнуліся ў родную вёску, пазнаходзілі сваіх дзяцей і пайшлі ў лес, да партызан. Марозы стаялі вялікія. Асабліва дрэнна было ў лесе дзецям. “Калі мы плакалі і прасілі есці, а ўжо ніякія ўгаворы не дапамагалі, тады мама пугала нас,— успамінае М.У. Крупіна,— кажучы: “Будзеце прасіць есці і плакаць, я буду ўцякаць, а вас пакіну немцам”. І адразу слёзы высыхалі, а есці зусім не хацелася, толькі б нас мама не пакідала. Немаўляткам і гадавічкам было значна цяжэй, чым старэйшым. Яны гінулі ад рук ворагаў, а бывала, што з іх здзекваліся і свае… Так здарылася, што за сувязь з партызанамі папала ў Глускае гестапа Званковіч Дар’я Дзянісаўна са сваёй старэйшай дачкой. Яе сына Сцяпана немцы застрэлілі. А зараз, пасля катаванняў, і гэтых дзвюх жанчын прыгаварылі да расстрэлу. І толькі дзякуючы суседу, які працаваў конюхам у немцаў і быў у іх у даверы, яны засталіся жыць. Маці адпусцілі, а вось дачку адправілі ў Германію. А ў гэты ж час малодшых дзяцей у лагер забралі партызаны, пакуль маці не было, іх даглядаць прыставілі адну жанчыну. Самы маленькі, Іосіф, якому ішоў другі годзік, вельмі плакаў. Яго крык разносіўся па зімовым лесе і рэхам адзываўся ў розных яго кутках. А ўсе вельмі баяліся немцаў. І вось гэта жанчына вырвала з рук васьмігадовай сястрычкі хлопчыка і кінула яго ў палаючае вогнішча. Але дзяўчынка паспела выхапіць браціка з агню, чым і выратавала яму жыццё. Калі вярнуліся партызаны ў атрад і даведаліся аб гэтым выпадку, той жанчыне добра дасталася ад камандзіра, і яе болей да дзяцей не падпускалі.
Успаміны, успаміны… Іх багата, і ўсе яны падобныя, хоць у кожнага жыхара свой лёс… Нацярпеліся гора ўсе малінаўцы. Голад, холад, смерць – гэтым запомнілася сяльчанам зіма 1942 года, у якую немцы спалілі 41 двор і загубілі 24 жыхары. Крыху пазней вяскоўцы ўсё ж вярнуліся з лесу. Хто ў сваю вёску, а хто ў суседнія. На сваім дворышчы выкопвалі зямлянкі, там і перабіваліся з дзецьмі. Некаторыя засяліліся ў калгасныя будынкі, якія ўцалелі, – хлявы, гумны, пуні. Адна з такіх сем’яў пасялілася ў “парніку” – будынку, дзе колісь парылі каням бульбу ў вялікіх катлах. Зрабілі норы для спання і паставілі печку-буржуйку, каб абагравацца, і зусім выпадкова знайшлі схаванае падполле, а ў ім – вялікую бочку зерня, наверсе ляжала запіска: ”Калі з’ядзіце, насыпце зноў”. Хто гэта зрабіў – невядома, тым не менш што было, тое было.
Выратаваў многіх аднасяльчан ад галоднай смерці цаной свайго жыцця Дзешкавец Мікалай Максімавіч. Па прапанове партызан, ён працаваў у Глуску, на млыне. Калі ж пагарэлі хаты ў Малінаве, то зерне, якое захоўвалася ў каморах у скрынях, абабітых жалезам, не згарэла, а, як кажуць, збуцвела. На выгляд яно было добрае, светлае, але вельмі ж горкае. Вось такое зерне малінаўцы везлі малоць у Глуск, мельніку Мікалаю. Высыпалі малоць горкае зерне, а муку дадому прывозілі – добрую, а дрэнная, горкая, ішла ворагам. Немцы гэта выявілі і пачалі сачыць за мельнікам. У выніку Мікалая Дзешкаўца арыштавалі, пасадзілі ў глускую турму, чакалі, што хто-небудзь яго наведае. Праз некалькі дзён расстралялі на глускіх могілках у агульнай яме, дзе расстрэльвалі людзей амаль кожны дзень, крыху прысыпаючы зверху зямлёй. Тут жа расстралялі і яго шаснаццацігадовую дачку, якая прыйшла ў Глуск наведаць быцьку… Пасля вайны на гэтай брацкай магіле паставілі помнік, а вось прозвішча М.М. Дзешкаўца на ім, на жаль, няма, хоць родныя пасля і дабіваліся гэтага па розных інстанцыях, але безвынікова. Помнік ужо стаяў. Тут жа, у Глуску, у адной з брацкіх магіл, перазахаваны з в. Заеліца і ўраджэнец в. Малінава Званковіч Сцяпан Сцяпанавіч.
Немцы наведваліся ў Малінава часта. Былі расстраляны мірныя жыхары: Басяк Кузьма, Гарбатоўская Юстына, Гарбатоўскі Іван, Голуб Вера Цімафееўна, Грамыка Мікіта Аляксеевіч, Грамыка Настасся, Марціновіч Лявон Сяргеевіч, Марціновіч Марыя, Харланчук Кацярына, Голуб Аляксей Аляксеевіч — за сувязь з партызанамі, Станкевіч Алена Пятроўна спалена жывой у в. Стражы. Загінула багата людзей, але не ўсе імёны вядомы. Не вярнуліся ў сваю родную вёску Малінава з фронта 14 чалавек. Загінуў у Германіі 23 красавіка 1945 года Баглай Рыгор Мітрафанавіч, 21 жніўня 1944 года памёр ад ран у Беластоку Сыцька Сямён Венядзіктавіч, Грамыка Іван Рыгоравіч як пайшоў у армію ў 1940 годзе, так і не вярнуўся дадому. 11 чалавек з в. Малінава прапалі без вестак. Прозвішчы загінуўшых малінаўцаў увекавечаны на помніку, што ўзвышаецца ў в. Клетнае, непадалёк ад шляху, справа.
Вялікае гора прынесла вайна. Але ўсё ж дачакаліся, калі фашыстаў пагналі з роднай зямлі. Пасля вызвалення раёна ад фашыстаў людзі адразу прыняліся за будаўніцтва. Вярталіся малінаўцы з другіх вёсак, дзе знайшлі часовы прытулак. Будавалі невялікія хаткі. Сяк-так уладкаваўшыся з жыллём, узяліся за аднаўленне калгаса. У вёсцы ж засталіся толькі жанчыны, дзеці і 4 састарэлыя мужчыны, астатнія пайшлі дабіваць ворага на фронт. Калгас зваўся “Серп і Молат”, але “не было ў калгасе ні сярпа, ні молата”, як пісала ў сваіх успамінах жыхарка вёскі М. Грамыка, якая ў тыя гады была бухгалтарам калгаса, хоць падлічваць яшчэ дужа і не было чаго. У сельгасарцель, як тады звалі калгас, быў накіраваны ўпаўнаважаны райвыканкама Аляксандр Фёдаравіч Матусевіч для аказання дапамогі ў аднаўленні гаспадаркі. Перш за ўсё патрэбна было насенне. Падвозілі яго тады на станцыі Залессе і Ратміравічы. А ехаць за гэтым насеннем транспарту не было. І вось тады за 30 км пайшлі пяшком па насенне Таццяна Басякова, Матруна Грамыка, Вера Крупская, Ефрасіння Шэйка, Дар’я Шчура, Матруна Бурчык ды яшчэ колькі маладзейшых жанок і дзяўчат. За некалькі разоў перанеслі каля тысячы кілаграмаў насення льну і ячменю. Несці больш за 25 кг так далёка было вельмі цяжка. А зямлю аралі сабой: па 9-10 чалавек жанчын упрагаліся ў плуг і цягнулі яго, а адна ідзе за плугам ззаду. Няспорная была работа, а галоўнае – вельмі цяжкая. У раёне ў гэты час было некалькі трактароў. Параіліся малінаўцы і парашылі накіраваць Марыю Грамыку да раённага начальства выпрасіць трактар. Бойкая і смелая дзяўчына дабілася аж да першага сакратара райкама партыі. Як той ні адмаўляў у яе просьбе, але ўсё ж не змог-такі адмовіць. І вось на другі дзень трактарыст Аляксандр Калента прыгнаў у Малінава трактар. З тэхнікай справа пайшла хутчэй і весялей. Паспяхова адсеялі-ся, а ўвосень 1945 года атрымалі добры ураджай. Аднавіла сваю працу пасля вайны і школа. У адным з уцалелых дамоў адвялі адзін пакойчык пад школу, дзе займаліся дзеці 1-3 класаў. Прыслалі настаўніцу з Балашэвіч, Ганну Трафімаўну. Пакуль дзеці дабягуць да школы, ледзь апранутыя, змерзнуць ушчэнт, і добрая настаўніца ўсіх падсаджвала на цёплую печ, каб абагрэліся. І тады толькі пачыналіся заняткі. А пісалі альбо на старых шпалерах, калі ў каго знаходзіліся, альбо на лістах газеты “Сацыялістычная вёска”, якую хтосьці падарыў школе.
З цягам часу зноў абжыліся малінаўцы. Амаль у кожнай хаце – радыёпрыёмнік, пральная машына, халадзільнік… Пабудаваны быў калгасны клуб, у якім ставілі розныя кінафільмы, наязджалі ў Малінава і артысты, як свае, раённыя, так і дальнія. А кожны вечар – танцы, песні… Калі пачалі ўзбуйняць калгасы ў пачатку 70-х гадоў XX ст., сельгасарцель “Серп і Молат” была ў вёсцы ліквідавана. А Малінаў, іменна так усе звалі вёску, стаў брыгадай калгаса “Радзіма”, што ў в. Клетнае. Славілася вёска Малінава сваімі працавітымі калгаснікамі. Шмат год запар малочна-таварная ферма, што знаходзілася ў гэтай брыгадзе, была перадавой. Калектыў малінаўскіх жывёлаводаў доўгі час быў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва па павелічэнні вытворчасці малака. Многія даяркі на гэтай ферме надойвалі больш чым па тры тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Сярод іх Аляксандра Марціновіч і Лідзія Голуб, Ксення Бурчык, а загадчыцай фермы працавала ў тыя далёкія 80-я гады К.С. Грамыка.
Гарэла вёска Малінава не толькі ў вайну, але і ў мірны пасляваенны час, дзесьці ў 60-я, а потым і ў 70-я гады XX стагоддзя. Гэтыя пажары здараліся па неасцярожнасці саміх сяльчан. Бяды нарабі-лася багата. І першы, і другі раз адразу згарэла па некалькі хат. На некаторых папялішчах вяскоўцы так і не адбудаваліся. Прыкладна ў 1950-1953 гадах непадалёк ад Малінава праводзіліся геалагічныя даследаванні: шукалі калійную соль і знайшлі. Быў пакладзены нават пачатак будаўніцтва камбіната. І пайшлі па Глушчыне чуткі, што ў хуткім часе Глуск стане горадам, пракладуць сюды чыгунку… Аб гэтым толькі і гаварылі тады і марылі глушчане, што стануць гараджанамі. Але, як потым аказалася, усё і спынілася якраз з-за гэтай чыгункі. Як падлічылі, будаваць яе па нашых, тады ўсё яшчэ шматлікіх непраходных балотах было вельмі затратна і цяжка. Тым больш, што ў гэты ж час вялікія залежы калійнай солі былі знойдзены ў Старобінскім раёне (зараз Салігорскі раён), паблізу в. Вішнёўка, якая ў будучым і стала пачаткам новага горада ў Беларусі – Салігорска. Як напамін аб няздзейсненай мары глушчан засталіся стаяць у лесе каля Малінава, з левага боку ад шляху, цагляныя рэшткі пачатку будаўніцтва таго камбіната…
Ну, а вёсачка Малінава… Яна сабе як жыла, так і зараз яшчэ жыве. Вось толькі паціху колькасць жыхароў становіцца ўсё меншай і меншай. Калі ў 1996 годзе тут было 34 двары і 66 чалавек, то на 1студзеня 2011 года – усяго 15 сем’яў і 22 жыхары, з якіх чацвёра дзяцей да 15 год і 10 пенсіянераў. Што ёсць, тое ёсць. А што далей, жыццё пакажа.
Іна Кірына