Студэнтам падзякавалі за работу

Старшыня Глускага райвыканкама Юрый Дымша сустрэўся ў ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне” з удзельнікамі студэнцкага будаўнічага атрада Бабруйскага дзяржаўнага лесатэхнічнага каледжа. Навучэнцы гэтай установы працавалі на будаўніцтве малочна-таварнай фермы ў вёсцы Дуброва і за час сваёй работы адзначыліся стараннасцю і адказнасцю. У дырэкцыі сельгасарганізацыі ніколі не ўзнікала непаразуменняў з моладдзю. А камандзір атрада Вадзім Піскуноў нават быў прызнаны адным з лепшых студэнцкіх лідараў, што працавалі ў раёне і ўзнагароджаны Падзякай Глускага раённага выканаўчага камітэта і прэміяй, якія яму асабіста ўручыў старшыня райвыканкама Юрый Дымша.
Звяртаючыся да моладзі, кіраўнік раёна адзначыў, што студэнты вобласці зрабілі свой дзейсны працоўны ўклад у эканамічнае развіццё краіны. “Рашэнне па рэканструкцыі і будаўніцтве сучасных малочна-таварных фермаў, прынятае Прэзідэнтам, мае для краіны стратэгічнае значэнне і накіравана на ўмацаванне нацыянальнай эканомікі. Дзякуючы таму, што губернатар Магілёўшчыны Пётр Руднік вырашыў падключыць да будаўніцтва студэнтаў, вы, наша моладзь, прынеслі карысць і аказалі дапамогу сваёй дзяржаве,” – сказаў Юрый Дымша. На думку старшыні Глускага райвыканкама, гэтыя працоўныя канікулы, як і студэнтам савецкіх часоў, юнакам запомняцца на ўсё жыццё. І не толькі першымі значнымі заробкамі (у самых добрасумленных юнакоў зарплата за месяц перавысіла нават і чатыры мільёны рублёў), набытым вопытам будаўнічых работ, будатрадаўскай рамантыкай, а і разуменнем свайго дачынення да вырашэння важнай дзяржаўнай задачы.
Юрый Дымша паведаміў, што задаволены работай студэнцкіх будаўнічых атрадаў, і аб гэтым ён далажыў губернатару, пры гэтым прасіў кіраўніка вобласці па магчымасці накіраваць студэнцкія атрады на будаўнічыя пляцоўкі яшчэ і ў верасні. Акрамя таго, кіраўнік раёна звярнуўся да дырэктара лесатэхнічнага каледжа Аляксандра Кубрака, які прысутнічаў на сустрэчы, і навучэнцаў з прапановай аб далейшым супрацоўніцтве навучальнай установы і ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Юрый Дымша запрасіў студэнтаў на практыку, а таксама не выключыў магчымасці далейшага працаўладкавання выпускнікоў каледжа ў раёне.
Афіцыйную частку мерапрыемства змяніла добразычлівая размова. Дарослыя і юнакі ўспаміналі сумесную працу на будаўніцтве, разважалі пра будучае. Напрыканцы сустрэчы старшыня Глускага райвыканкама выказаў падзяку кіраўніцтву лесатэхнічнага каледжа, а таксама ўсім кіраўнікам навучальных устаноў, навучэнцы якіх дапамагалі ў будаўніцтве глускіх фермаў. Падзякавалі кіраўніцтву раёна і сельгаспрадпрыемства і прадстаўнікі будатрада, кіраўнікі каледжа – за працоўны і жыццёвы вопыт, а таксама добрую арганізацыю працы і быту.
На здымку: старшыня Глускага райвыканкама Юрый Дымша ўзнагароджвае камандзіра атрада Вадзіма Піскунова.
І.ГРАМЫКА
Фота С.РУДЗІНСКАГА