Гатоўнасць да палявых работ абмяркоўвалі на пасяджэнні Глускага раённага выканаўчага камітэта

Ход падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення вясновых палявых работ разглядаўся на мінулым тыдні на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Гэта пытанне было першым з 30, унесеных у парадак дня. Прайшло пасяджэнне пад старшынствам кіраўніка раёна Аляксея Жураўлёва, размова была прынцыповай, прадметнай і месцамі жорсткай. Патрабаванні да кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў гаспадарак таксама жорсткія, але выканальныя.
Перад сельгасарганізацыямі раёна пастаўлена задача нарасціць вытворчасць зерневых і зернебабовых культур да 22,8 тысячы тон, у тым ліку зерня кукурузы — да 8,8 тысячы тон; чакаемая вытворчасць масланасення рапсу — 800 тон, пасяўная плошча азімага рапсу — 400 гектараў. Пад зерневыя і зернебабовыя культуры будзе занята 11 395 гектараў, гэта больш за палову ўсёй пасяўной плошчы, азімыя культуры пасеяны на 6105 гектарах.
Для забеспячэння грамадскага статка кармамі плануецца нарыхтаваць 5350 тон сена, 69 тысяч тон сенажу, 82 з паловай тысячы тон сіласу.
Сяголета ў гаспадарках, акрамя сваёй, будзе працаваць уся тэхніка ЗАТ “БНБК”, плануецца яе пераафармленне ў лізінг сельгасар-ганізацыям. Значная работа па капітальным рамонце рухавікоў і іншых вузлоў і агрэгатаў энерганасычаных трактароў і іншай тэхнікі праведзена за сродкі абласнога бюджэту. За бюджэтныя сродкі для сельскагаспадарчых арганізацый раёна закуплены 6 новых трактароў, 3 плугі, 2 самаходныя апырсквальнікі “РОСА”, 2 пасяўныя агрэгаты “Березина-9600”. Гэта тэхніка значна паскорыць правядзенне ўсіх відаў палявых работ.






Вострай праблемай па-ранейшаму застаецца недахоп механізатараў, асабліва адчувальна гэта, калі адначасова выконваецца некалькі відаў палявых работ. Усяго ж для своечасовага правядзення веснавой пасяўной сельгасарганізацыям раёна патрэбна 114 механізатараў, а маецца пакуль толькі 93. Гэтае пытанне, як і пытанне рамонту тэхнікі, патрэбна тэрмінова вырашаць. Гатоўнасць сельгастэхнікі, занятай на веснавой пасяўной, да 1 сакавіка павінна складаць не менш за 95 працэнтаў — гэта патрабаванне Урада краіны. Сяўбу ранніх яравых культур на плошчы 3130 гектараў раёну патрэбна правесці ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і пры выканні ўсіх тэхналагічных рэгламентаў.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара