Лёд замест халадзільніка

Здаецца, што рэчы, якімі мы карыстаемся ў побыце, напрыклад, мабільнік, электрычны прас, халадзільнік і іншыя прыборы, заўжды былі ў нашых дамах: дапамагалі чалавеку і палягчалі яго жыццё. Сучасныя дзеці ўвогуле ўпэўнены, што электрычнасць у кожным доме была заўсёды, і вельмі здзіўляюцца, калі ім гаворыш, што “лямпачка Ільіча” для большасці савецкіх людзей загарэлася ўсяго каля 60—70 гадоў назад, а электрапрыборы з’явіліся і таго пазней. Як жа жылі без халадзільніка, напрыклад? А вось як.
Цягам не аднаго стагоддзя для захавання прадуктаў беларусы выкарыстоўвалі звычайны лёд. Зімою ў моцныя маразы мужчыны ехалі на раку або да тоні і пілавалі там лёд. Потым грузілі яго на сані і везлі дахаты. Гаспадары зносілі глыбы лёду ў склеп, засыпалі тоўстым пластам драўняных апілак або сенам ці саломай. У такім выглядзе лёд захоўваўся амаль год і падтрымліваў летам у памяшканні патрэбную тэмпературу, каб не псаваліся прадукты. Цікава, што такія ж халадзільнікі выкарыстоўваліся і на малочных фермах у калгасах.
Пра нарыхтоўку лёду згадваецца ў падшыўцы газеты “Сцяг Радзімы” за 1968 год, а дакладней, у нататцы “Працавіты юнак”: “Гэтай зімой Уладзімір Слесаронак вывозіў на палеткі гной, нарыхтоўваў лёд для жывёлагадоўчых ферм…”.
Як выкарыстоўвалі назапашаны лёд, падзялілася ўспамінамі з рэдакцыяй Алена Рыгораўна Долбік, былая даярка калгаса “15 год Кастрычніка”, што знаходзіўся ў Балашэвічах. “Зімы ў тыя часы былі марозныя, не тое, што зараз, — расказвае Алена Рыгораўна. — Раку ды азярынкі вакол яе скоўвала тоўстым лёдам. Мужчыны звычайнымі піламі выразалі вялікія кавалкі і везлі іх на калгасны двор. Там складвалі, перасыпаючы апілкамі (вельмі шмат было апілак!). Мы, даяркі, выграбалі лёд з тых апілак і везлі на ферму. Там ачышчалі, абмывалі кавалкі лёду, клалі іх у вялікую балею, а потым ставілі туды бітоны з малаком. Так яно ахалоджвалася і захоўвалася свежым да прыезду малакавоза. Назапашанага за зіму лёду нам хапала на ўсё лета”.
Вось такія экалагічныя, не патрабуючыя ніякай энергіі, акрамя людской працы, былі ў нас халадзільнікі яшчэ зусім нядаўна па гістарычных мерках. Але час ідзе, і тэхніка развіваецца вялізнымі крокамі: сучасны халадзільнік ужо не толькі захоўвае прадукты, але і можа шмат іншага. Напрыклад, каб чалавек не стаяў ля адчыненых дзверцаў халадзільніка ў задуменні, выбіраючы патрэбныя прадукты, карэйскія вытворцы прыдумалі арыгінальны халадзільнік. Ён складаецца з двух аддзяленняў з некалькімі дзверцамі. У кожнай з іх устаноўлены відэакамеры, якія пастаянна праглядаюць змесціва халадзільніка і выдаюць інфармацыю аб размяшчэнні прадуктаў на сэнсарны дысплей. Карыстальнік бачыць неабходны прадукт на экране, адкрывае адпаведную дзверцу і хутка дастае ўсё, што трэба. Акрамя дэманстрацыі запасаў на экране, “разумны” халадзільнік можа яшчэ параіць рэцэпт страў з таго, што маецца на паліцах.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту