На карысць справе. Пабачылі, як вядзецца працэс кансервавання плюшчанага зерня кукурузы ў ААТ “Турыно-агра”
Каб павысіць малочную прадукцыйнасць дойнага статка, у ААТ “Турыно-агра” сёлета пачалі плюшчыць зерне кукурузы. Корм гэты карысны і эканамічна выгадны. Новую справу кіраўніцтва даверыла адказным і ўмелым механізатарам гаспадаркі.
Сярод іх — Васіль Буднік, які на КВК-800 займаецца плюшчэннем зерня. Нарыхтоўку такога ж корму вядуць і ў ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Вопыт, несумненна, будзе карысны і іншым сельгасарганізацыям.
Для чаго плюшчыць зерне? Для таго, каб павысіць яго пажыўныя якасці. Справа ў тым, што ў працэсе плюшчэння зерне праходзіць праз спецыяльныя валы ўнутры драбільнай камеры спецыяльнай устаноўкі — плюшчылкі. У выніку гэтага парушаюцца абалонкі зерня, што павышае ўзровень засваення будучага корму буйной рагатай жывёлай. Для плюшчэння падыходзіць большасць відаў зерневых сельгаскультур і бабовыя, але найбольш часта для плюшчэння выкарыстоўваецца кукуруза. Гэта тэхналогія дазваляе пачаць уборку зерня раней, чым звычайна, пры вільготнасці 35—40 працэнтаў, якраз у гэты перыяд зерне захоўвае максімальную колькасць пажыўных якасцей.
У Глускім раёне метад кансервавання плюшчанага зерня кукурузы пачалі выкарыстоўваць дзве сельгасарганізацыі: ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне” і “Турыно-агра”. У апошняй мы і пабачылі, як вядзецца гэты працэс. Тэхніка і людзі працавалі ў вёсцы Даколі на пляцоўцы перад зерняскладам.
Зерне плюшчаць тут, дзе яно і будзе захоўвацца, побач знаходзіцца ферма, а значыць, шлях корму да жывёлы будзе максімальна кароткі, тлумачыць дырэктар гаспадаркі Генадзь Маханька. Коратка тэхналогія нарыхтоўкі вільготнага зерня кукурузы для выкарыстання яго ў якасці фуражу выглядае так: на полі зерне абмалочваюць і прывозяць на месца яго апрацоўкі, тут зярняты загружаюць у жатку кормаўборачнага камбайна, адкуль ужо здробненая маса сыплецца на падрыхтаванае месца, уносіцца кансервант, маса трамбуецца, заключным этапам з’яўляецца герметызацыя і ахова ад птушак.
Кіраўнік прадпрыемства падкрэсліў, што нарыхтоўка кукурузнага фуражу даверана адказным і ўмелым механізатарам гаспадаркі.
І праўда, назіраць за іх работай было прыемна. Карычнявата-жоўтае, быццам бурштынавае зерне ў жатку кормаўборачнага камбайна дакладнымі рухамі каўша “Амкадора” засыпаў механізатар Арцём Багатыроў, працэс плюшчэння на КВК-800 выконваў Васіль Буднік, калі здробненай масы набіралася патрэбная колькасць і быў унесены кансервант, у справу на МТЗ-3522 уключаўся Віктар Кончыц, яго задача — трамбаванне будучага фуражу.
На кароткі час падышлі да нас механізатары, бо нарыхтоўка пажыўнага корму не церпіць ні паспеху, ні прамаруджвання. Яны расказалі, што на пачатковым этапе, на ўборцы зерня, заняты Ілья Заяц, а тут вядзецца ўжо сумесная праца. Ці цяжкая яна, ці складаная? Для каго як, адказалі механізатары: нам растлумачылі, як і што патрэбна рабіць, — мы і робім, такі корм раней не рыхтавалі, але ж вось пачалі, і атрымліваецца.
Як расказалі рэдакцыі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні, плюшчэнне зерня эканамічна выгадна: з-за таго, што не патрэбна яго сушка (а яна патрабуе выкарыстання энерганосьбітаў), значна ўдзешаўляецца кармавая адзінка. Да таго ж плюшчанае зерне больш эфектыўна засвойваецца і мае большую пажыўную каштоўнасць. Уключэнне яго ў рацыён буйной рагатай жывёлы павышае малочную прадукцыйнасць, станоўча ўплывае на здароўе жывёлы. Таму асноўны чакаемы вынік ад выкарыстання тэхналогіі па нарыхтоўцы і захоўванні кансерваванага корму з плюшчанага зерня — павышэнне рэнтабельнасці гаспадарак.
Сяголета ў Глускім раёне плошчы пад кукурузу на зерне значна павялічаны: калі летась гэта было 1088 гектараў, то зараз удвая болей — 2200.
Т. ЛУГАВАЯ