Наш каляндар. 105 год з дня нараджэння Аркадзя Марціновіча

10 сакавіка 1920 года нарадзіўся Аркадзь Нічыпаравіч Марціновіч, празаік, паэт, перакладчык, журналіст, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Наш зямляк, родам з вёскі Барбарова. Сёлета — 105 год з дня яго нараджэння.
Вершы Аркадзь Марціновіч пачаў пісаць яшчэ ў школе, некаторыя з іх друкаваліся ў раённай газеце.
Скончыў Глускую сямігодку, Мінскае педвучылішча, філфак Белдзяржуніверсітэта (ужо пасля вайны, завочна).
Пасля кантузіі Аркадзя Марціновіча прызналі не годным да страявой службы, ён апынуўся ў будаўнічых войсках, але рваўся на фронт.
Немцы былі пад Масквой, і адседжвацца ў гэтыя дні ў “стройбаце” Марціновічу зусім не хацелася. Так ён пасля пісаў у сваёй кнізе: “Такая перспектыва была не па душы мне, франтавіку, я адчуваў сябе нібы прыніжаным… Лапы елкі густа навісалі нада мною, не відаць было ўверсе ні прасветліны, і мне здалося, што гэта насунуўся нейкі чорны каўпак, які вось-вось шчыльна апусціцца да самай зямлі, прыкрые мяне назаўсёды — і недзе без мяне будзе бушаваць вайна, і нехта другі дойдзе некалі да спрадвечнага селішча маіх бацькоў і зачэрпне ў салдацкі кацялок ласкавай вады з Даколькі, каб змыць з твару пот далёкай і пакутнай дарогі… А можа, там ужо няма ніякага селішча, можа, няма каму і паплакаць над папялішчамі, толькі асенні дождж змывае астылы попел і смецце з тых асірацелых папялішчаў”.
У маі 1942 года, пасля заканчэння ваенна-пяхотнага вучылішча, лейтэнант Марціновіч прызначаны камандзірам роты процітанкавых ружжаў.
Ён выжыў у самым пекле бітвы пада Ржэвам, быў яшчэ два разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
У сваіх кнігах пісаў пра тое, што бачыў і перажыў сам. Сярод творчай спадчыны нашага земляка — раманы “Не шукай слядоў сваіх”, “Груша на Голым Полі”, зборнік вершаў “Чырвоныя ветразі”, аповесць для дзяцей “Неадкрыты востраў” і шмат іншага.
Памёр Аркадзь Марціновіч у 2009 годзе.
А. ВАЛОШКА