Паўвекавы юбілей адзначае народны вакальны ансамбль «Крынічанька»
Паўвекавы юбілей адзначае ў гэтым годзе народны вакальны ансамбль “Крынічанька”, што дзейнічае пры Цэнтры культуры і вольнага часу “Арыён”. Паўстагоддзя ў дачыненні да творчага калектыву — гэта многа ці мала? Здаецца, і нямала, калі ўзяць пад увагу ўсё тое, што змясцілі ў сабе гэтыя пяцьдзясят год. Колькі рэпетыцый прайшло, колькі канцэртаў, конкурсаў! А колькі ж было пошукаў таго адметнага, тых мелодый і тых песень, што вылучаюць калектыў сярод іншых! З другога боку, творчым калектывам уласціва з кожным годам маладзець, бо прыходзяць новыя ўдзельнікі, абнаўляецца рэпертуар, дадаюцца сучасныя рысы. Здаецца, так і з “Крынічанькай”. З’явіўшыся паўвека назад, перажыўшы ўзлёты і падзенні (так, усякае было, з песні слоў не выкінеш), сёння ансамбль “Крынічанька” працягвае радаваць свайго слухача і трымае высокі ўзровень, нездарма кожныя тры гады пацвярджае званне народнага.
Давайце згадаем дзень мінулы. Пачыналася ўсё ў 1974 годзе. Аднойчы на рэпетыцыі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці пры раённым Доме культуры вырашылі стварыць вакальны калектыў. Назвалі яго “Крынічанька”. Быццам крынічны струменьчык, ільецца мелодыя, гучыць-пераліваецца песня і гукае, вядзе за сабою зачараванага слухача. Так ці не так думалі дзяўчаты, калі выбіралі назву, а з цягам часу ўсё збылося і “Крынічанька” стала адным з вядучых вакальных калектываў раёна. Кіраўніком на працягу многіх гадоў была Галіна Сяргееўна Былінская, на той момант дырэктар дзіцячай музычнай школы, а складаўся ансамбль з выкладчыкаў музычнай школы і работнікаў раённага Дома культуры. Валянціна Васільеўна Ясючэня, Таццяна Мікалаеўна Макарэвіч, Таццяна Мікалаеўна Баглай, Ірына Уладзіміраўна Янушэўская, Ганна Мікалаеўна Кажушка, Раіса Фёдараўна Сокал — гэтыя імёны добра знаёмы многім глушчанам.
З канцэртамі артысты пабывалі ва ўсіх клубах раёна (а тады ж клубы былі ці не ў кожнай вёсцы), “Крынічанька” хутка заваявала сэрцы землякоў. Прыхільна прымалі глушчан на абласных конкурсах і фестывалях: выступалі ў Бялынічах, Шклове, Асіповічах, Магілёве… А праз дзесяць год прыйшоў галоўны поспех: у 1984 годзе вакальны ансамбль “Крынічанька” з Глускага раёна атрымаў званне народнага, між іншым, гэта быў першы калектыў у вобласці, удастоены такога тытула.
У розны час кіраўнікамі ансамбля, пасля Галіны Сяргееўны, былі Аксана Віктараўна Мельнік, Алег Мікалаевіч Пагаржэльскі.
У асноўным гурт працаваў у эстрадным і акадэмічным напрамках. У 2001 годзе “Крынічаньку” ўзначаліла Алена Матусевіч, якая прыйшла ў РДК па размеркаванні пасля Магілёўскага вучылішча культуры, дзе вучылася на спецыяльнасці “народныя спевы”. Учарашняя выпускніца, яна, безумоўна, хвалявалася, што не атрымаецца, што ёй няма чаму навучыць вопытных сталых артыстаў, але ж усё склалася як мае быць. у той час у рэпертуары народнага ансамбля з’явілася больш фальклорных матываў, ён папоўніўся беларускімі народнымі песнямі — у апрацоўцы і а капэла, побытавымі танцамі.
Алена Мікалаеўна кіравала гуртом да 2015 года, ёй на змену на нядоўгі час прыйшла Наталля Аншыц, а праз некаторы час ансамбль… распаўся з-за адсутнасці кіраўніка.
Адраджэнне прыпала на 2021 год, калі кіраўніком вярнулася Алена Матусевіч. Канешне, перапынак не пайшоў на карысць, зноў трэба было збіраць удзельнікаў, падбіраць рэпертуар, узнаўляць прызабытае. Усё атрымалася, і зараз народны вакальны ансамбль “Крынічанька”, як і раней, дорыць радасць і асалоду сваім слухачам. Акрамя Алены Матусевіч, у складзе ансамбля Валянціна Долбік, Наталля Аншыц, Вераніка Ермакова, Вераніка Кудзёлка, Алена Сініцына, Алена Грынёва.
Гурт — пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў і свят. Штогод “Крынічанька” становіцца жаданым госцем на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, з задавальненнем іх запрашаюць на рэгіянальны фестываль “Кліч над Вольсай” у Клічаве, не абыходзіцца без глускіх вакалістаў рэспубліканскае купальскае свята ў Александрыі Шклоўскага раёна.
На пачатку снежня ў “Арыёне” адбыўся канцэрт, прысвечаны юбілею народнага вакальнага ансамбля “Крынічанька”. Артысты спявалі самі і прымалі музычныя віншаванні ад другіх народных калектываў Глушчыны. Далучаемся да гэтых віншаванняў і жадаем “Крынічаньцы” творчага даўгалецця.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота І. ГРАМЫКІ