Педыятрычнае аддзяленне Глускай ЦРБ прызнана пераможцам штогадовага раённага спаборніцтва за 2024 год у галіне аховы здароўя

Гэты поспех — заслуга агульная, адзначае загадчыца педыятрычнага аддзялення раённай бальніцы Мальвіна Саломка. У мінулым годзе назіраўся значы пад’ём захворванняў органаў дыхання, пацыентаў было шмат, ложкі не тое што не пуставалі, а нават даводзілася ставіць дадатковыя. І персаналу даводзілася працаваць у напружаным рэжыме, з павышанай нагрузкай. Але калектыў з гэтым справіўся, падкрэслівае Мальвіна Аўгустаўна. Як вынік — педыятрычнае аддзяленне Глускай ЦРБ прызнана пераможцам штогадовага раённага спаборніцтва за 2024 год у галіне аховы здароўя.

Людзі падабраліся тут з вопытам, з уменнем, адказна адносяцца да справы, умеюць знайсці падыход да сваіх маленькіх пацыентаў. Адных трэба супакоіць, каб не плакалі, другіх угаварыць, каб не баяліся ўколаў, з трэцімі трэба больш строгасці, каб не сваволілі. Але ўсім патрэбны ўвага, клопат, добрыя адносіны. Так, у кожнага бальнічнага аддзялення свае адметнасці, а ў дзіцячага — адметныя самі пацыенты, не ўсе нават могуць расказаць, што ў іх баліць. Лечацца тут дзеткі ад самага маленькага ўзросту, пачынаючы ад нованароджаных, і да 18 гадоў, малыя, да 5 гадоў, ляжаць з мамамі.
За мінулы год паказчык занятасці бальнічных ложкаў перавысіў тут 369 (пры планавым 286,7), а вось сярэдняя працягласць лячэння аднаго хворага ў стацыянары склала толькі 7 дзён (пры нарматыве 8,3). Як бачым, лічбы пацвярджаюць і загружанасць аддзялення, і эфектыўнасць лячэння. А яшчэ сярод паказчыкаў, якія ўлічваліся пры падвядзенні вынікаў, — якасць аказання медыцынскай дапамогі, адсутнасць заўваг па санітарна-эпідэмічным рэжыме і ўнутрыбальнічнай інфекцыі, адсутнасць абгрунтаваных скаргаў. Больш таго, пры выпісцы маленькага пацыента яго бацькоў просяць запоўніць анкету і ацаніць якасць і ўмовы лячэння, работу персаналу і некаторыя іншыя пазіцыі. Дык вось у гэтых анкетах людзі адзначаюць высокі ўзровень адказнасці работнікаў, добрыя вынікі лячэння, даступнасць дыягнастычных абследаванняў, смачнае харчаванне, расказвае Мальвіна Аўгустаўна і паўтарае, што высокая ацэнка іх работы — гэта заслуга ўсяго калектыву аддзялення.
Медыцынскія сёстры тут вопытныя і граматныя, гаворыць пра сваіх калег старшая медсястра дзіцячага аддзялення Юлія Шакая, стаж работы ў іх ад 10 да 30 гадоў. Гэта Алена Галамака, Таццяна Марціновіч, Алена Крукоўская. Старанна працуюць таксама і іх памочніцы: санітаркі Галіна Пятрэня, Наталля Толсцік, Алена Валадзько, Наталля Герасіменка, санітарка-раздатчыца Алена Вашкевіч.
“Для нас вельмі важная менавіта калектыўная работа, — падкрэслівае загадчыца аддзялення Мальвіна Саломка. — Мы супрацоўнічаем з дзіцячай кансультацыяй: яны накіроўваюць нам хворых дзетак, якім патрэбна лячэнне ў стацыянары, мы потым перадаём ім сваіх пацыентаў для далейшага назірання. Урачы-педыятры заходзяць у аддзяленне, таксама глядзяць дзетак. У мінулым годзе ў нашым аддзяленні было 10 ложкаў, а сяголета дабавілі яшчэ пяць.
І, да прыкладу, зараз усе 15 месцаў заняты. Таму пажадаю нашым маленькім пацыентам хутчэй папраўляцца і менш хварэць. Няхай усе будуць здаровымі”.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота А. ЗМІТРОВІЧ