Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

Працяг. Папярэдняя частка — у № 11
№ 38, 25 мая 1994 года
“Будзе адкрыта саўгасная сталовая — такую навіну паведаміў нам пры сустрэчы старшыня прафкома саўгаса “Завалочыцы” Пётр Яфімавіч Сяргееў.
Думка аб адкрыцці сваёй сталовай выспявала даўно… кошт абедаў будзе намнога дзешавейшым, чым у сталовай аб’яднання грамадскага харчавання, размешчанай на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі”. (Будзе адкрыта саўгасная сталовая)
№ 40, 1 чэрвеня
“Іду далей і бачу многа маладых дубкоў, пасаджаных уздоўж берага ракі. Адзін, другі, трэці… дзесяты… Нават з ліку збіўся. І тут зноў парадавалася душа мая, бо ведаў, што пасадзіў іх не хто іншы, як доктар Цісіневіч. Усе добра ведаюць яго як хірурга, а вось з гэтага боку наўрад. Між тым ён вялікі аматар прыроды, не толькі людзей лечыць, а і яе таксама… Ходзіць у вольны час па беразе ракі з рыдлёўкай, дрэвы садзіць. Акрамя таго, часам і смецце, шкло закапае, якое абыякавыя, раўнадушныя людзі пасля сваіх п’янак пакінулі. І такая “санітарыя” доктара — своеасаблівы ўрок ім…
Л. Петухоў, г. п. Глуск”. (Так хочацца спадзявацца… А што нам яшчэ застаецца?)
№ 42, 8 чэрвеня
“Пачатак чэрвеня стаў і пачаткам работы дзіцячай базы адпачынку “Гарадок”. У нядзелю тут адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Дырэктар А. Р. Дзяшчэня, настаўніца Глускай СШ № 2, шчыра павіншавала 85 хлапчукоў і дзяўчынак з летнімі канікуламі, з іх прыездам на базу…” (Першы дзень лета. Першая змена…)
“Праграма “Адраджэнне”, якая дзейнічае ў нашай школе, мае некалькі напрамкаў… Вучні пачатковых класаў знайшлі і запісалі больш 200 цікавых загадак, 100 прыказак і прымавак… Шасцікласнікі адшукалі звесткі па гісторыі нашай вёскі. Спачатку яны даведаліся ў мясцовых жыхароў аб тым, адкуль пайшла яе назва. На гэты конт існуюць два меркаванні. Першае гаворыць аб тым, што ў даўнія гады ў нашых мясцінах быў вельмі густы і вялікі лес. І вандроўнікі пыталіся ў тых, хто ім сустракаўся: “Дзе тут бліжэйшая вёска?” На што атрымлівалі адказ: “Вёска там, за еллю, за ёлкай”. З таго часу вёска стала называцца Заеліца. А вось другое меркаванне. Было гэта ў час прыгоннага ладу. Сябравалі паміж сабой два паны: пан Стрыжэўскі і пан Заеліцкі. Іх любімым заняткам была гульня ў карты. І вось аднойчы пан Стрыжэўскі прайграў пану Заеліцкаму. Тады і пачала называцца вёска Заеліцай… Сур’ёзнае заданне было даручана вучням 11 класа. Ім патрэбна было скласці летапіс 100-й партызанскай брыгады імя Будзённага… У выніку гэтага было ўстаноўлена больш 40 прозвішчаў партызан… В. Таранава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Заеліцкай СШ”. (Пошук вядуць вучні)
№ 44, 15 чэрвеня
“Аграрны комплекс раёна, як і ўсёй рэспублікі, застаецца ў складаных, цяжкіх умовах. Перад ім цэлы шэраг праблем, рашэнне якіх не заўсёды залежыць ад сельскагаспадарчых вытворцаў. У першую чаргу гэта цэнавае бязмежжа, пры якім парадаксальна выглядаюць такія, скажам, цэны, як літр малака, які каштуе 558 рублёў, літр бензіну коштам у 4 тысячы рублёў і бутэлька ліманада коштам у 1280 рублёў. У застойныя часы такая ж колькасць малака каштавала 31,5 капейкі, бензіну — 28 капеек, а бутэлька ліманада — 21 капейку. <…>
Гаспадаркамі раёна за першы квартал бягучага года атрымана 638 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Здавалася б, вынікі неблагія, але імклівая інфляцыя і рост цэн на прамысловую прадукцыю ў літаральным сэнсе звялі на нет атрыманы прыбытак. Каб забяспечыць неабходнымі таварна-матэрыяльнымі рэсурсамі правя-дзенне пасяўной, давялося ўзяць 6 мільярдаў рублёў крэдытаў.
Побач з калектыўнымі формамі гаспадарання развіваюцца і фермерскія гаспадаркі, якіх зараз у раёне 36, і замацавана за імі 750 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. <…>
Найбольшае падзенне дапусцілі мэблевая фабрыка і масласырзавод, дзе выпуск прадукцыі скараціўся адпаведна на 84,2 і 15,6 працэнта. У гэтых складаных умовах добрых паказчыкаў дабіліся калектывы райспажыўсаюза і лясгаса. Тэмпы прыросту вытворчасці склалі тут адпаведна 107,6 і 102,6 працэнта. <…>
Паступае шмат скаргаў на няякасную сувязь, на дрэнную работу радыё і несвоечасовае ўхіленне ўзнікаючых няспраўнасцяў у тэлефоннай і радыёсувязі. Аднак, нягледзячы на гэтыя праколы ў рабоце сувязістаў, людзі жадаюць карыстацца благамі цывілізацыі — чарговасць на ўстаноўку кватэрных тэлефонаў толькі па сялу складае каля 400 чалавек, па гораду — 185, інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і іншых ільготнікаў — 128 чалавек. <…>
Беспрацоўнымі часцей за ўсё становяцца жанчыны, якія маюць малалетніх дзяцей. За першы квартал бягучага года ў раённы цэнтр занятасці насельніцтва звярнулася 65 грамадзян, 57 з іх — рабочыя, жанчын — 32. Узрост складае 25—40 гадоў. Працаўладкавана пакуль толькі 16 чалавек. <…>
У раёне праводзіцца работа па прыватызацыі дзяржмаёмасці. Першым яе этапам стала прыватызацыя жылля. Ва ўласнасць жыхароў выкуплена 278 кватэр, у сельскай мясцовасці 94, у тым ліку калгасных — 40 кватэр. Мэблевая фабрыка і райаграпрамтэхснаб аднесены да аб’ектаў камунальнай уласнасці, якія падлягаюць прыватызацыі ў бягучым годзе. Зараз сярод насельніцтва праводзіцца работа па налічэнню грамадзянам імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць”. <…>
Крытычная накіраванасць, якая вызначала даклад, была ўласціва і выступіўшым затым дэпутатам. Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва, намеснік старшыні райвыканкома А. С. Кісялевіч гаварыў аб тым, што будаўніцтва ў раёне ў асноўным прадстаўлена пасёлкам Заеліца. Тут будуецца жыллё, сацыяльна-бытавыя аб’екты, гаспадарчыя пабудовы. З-за адсутнасці сродкаў практычна спынілася будаўніцтва аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння на сяле. Адзін з іх — сярэдняя школа ў вёсцы Даколь, якая ўзводзіцца з былога Дома культуры калгаса “Гвардыя”. Аднак і тут з-за недахопу сродкаў работы ў апошні час спынены. <…>
Вывучаецца пытанне аб будаўніцтве ў нашым раёне за кошт сродкаў, адпушчаных Дзяржкамчарнобылем, аздараўленчага санаторыя для дзяцей на базе піянерскага лагера “Космас”. <…>
Выступленне дырэктара Завалочыцкай сярэдняй школы дэпутата А. П. Курса ўтрымлівала цэлы шэраг праблем, з якімі сутыкнуліся яго выбаршчыкі — жыхары вёскі Завалочыцы, якія атрымалі жыллё ў пабудаваных дамах для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Псіхалагічная траўма людзей, пакінуўшых свае родныя мясціны, яшчэ больш узмоцнена адсутнасцю элементарных бытавых умоў. Падвалы для захоўвання прадуктаў у многіх дамах заліты вадой, у кватэрах поўнасцю адсутнічае цяпло, бо цэнтральная кацельня саўгаса не здольна даць яго ў такой колькасці. Сцены кватэр шэрыя ад сырасці, шпалеры адвальваюцца. Адміністрацыя саўгаса прапанавала выхад з гэтай сітуацыі: кожнаму бясплатна выдзеліла кацёл для індывідуальнага ацяплення… У крытычнай сітуацыі апынулася і мясцовая школа. Саўгасная кацельня, ад якой яна абагравалася, засталася без паліва, работа кацельні спынена, у выніку чаго школа “завісае” паміж небам і зямлёй. <…>” (Выканком трымае справаздачу. З сесіі раённага Савета дэпутатаў)
Працяг будзе
Падшыўку гартала
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ