Саўгас “Завалочыцы” адзначыў 90-гадовы юбілей
«Добры звычай, старадаўні, запрашаць гасцей у дом”, — гэтыя словы вядучых з Завалочыцкага СДК сталі лейтматывам усяго свята, якое адбылося ў мінулую суботу з нагоды 90-годдзя ўтварэння саўгаса “Завалочыцы”. Гістарычнай даты гаспадаркі, стваральнікамі якой сталі сотні сяльчан. Сярод іх першы механізатар Ігнат Скубей і першы вадзіцель Ефрасіння Кісялёва. Прыемна, што на свяце прысутнічалі відавочцы развіцця і станаўлення гаспадаркі. І яе цяперашні кіраўнік Віктар Парахаўнік на правах гаспадара з трыбуны назваў прозвішча Лідзіі Карцель, якая, пачынаючы з 1961 года, была нязменным дырэктарам саўгаса на працягу 26 гадоў. Менавіта ў тыя часы “Завалочыцы” трымалі марку адной з лепшых гаспадарак раёна. І таму ліст з падзякай і грашовая прэмія ад раённага выканаўчага камітэта, якія ўручыў Лідзіі Кірылаўне старшыня райвыканкама Юрый Дымша, — знак пашаны і прызнання заслуг. Кіраўнік раёна падзякаваў ветэрану сельскагаспадарчай вытворчасці за асабісты ўклад у развіццё саўгаса, а таксама за патрыятычнае выхаванне моладзі. Ганаровыя граматы райвыканкама за добрасумленную працу і ў сувязі з 90-годдзем з дня ўтварэння гаспадаркі старшыня райвыканкама ўручыў дырэктару саўгаса Віктару Парахаўніку, галоўнаму бухгалтару Але Кісялёвай, вадзіцелю Міхаілу Нікалайчыку, цялятніцы Святлане Шолам. Таксама былі сказаны словы віншавання і ў адрас усіх былых і цяперашнік работнікаў саўгаса з пажаданнямі здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах.
Падчас свята было названа шмат прозвішчаў перадавікоў, і кожнага з іх зала вітала шчодрымі апладысментамі. Для іх гучалі музычныя нумары, падрыхтаваныя народным калектывам Завалочыцкага СДК і навучэнцамі мясцовай школы. А яшчэ на свята з падарункамі завіталі кіраўнікі гаспадарак і прадпрыемстваў раёна. Наогул гасцей на юбілеі было шмат, і кожны стараўся выказаць свае пачуцці, якія ішлі ад шчырага сэрца. Мы таксама далучаемся да агульных віншаванняў, каб завалочыцкая зямля, слаўная добрымі традыцыямі, квітнела і багацела.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА