Темы

У гонар дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

У гонар дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

Мястэчка… Мястэчка…

Заўтра — дзень нараджэння Сяргея Іванавіча Грахоўскага. Паэта, публіцыста, перакладчыка, нашага земляка. З гэтай нагоды мы пасля некаторага перапынку ўзнаўляем на старонках газеты публікацыю самага лірычнага і шчымлівага твора Сяргея Іванавіча — яго элегіі “Мястэчка… Мястэчка…”. Папярэднія часткі друкаваліся ў мінулым годзе.

Урыўкі з элегіі Сяргея Грахоўскага (напісана ў 1989—1991 гг.)

Святы

Перад Калядамі набожныя пасцілі, недавяркі скароміліся, але ўсе аднолькава чакалі свята.

3 восені кожны гаспадар у цесным катушку трымаў кормніка, пеставаў і выгладжваў яго, пакуль не пакруглее хіб і не заплывуць вочы. Каляды без свежыны — не свята. У мястэчку быў самы лепшы і спрытнейшы свінабой Грышка Рачкоўскі, па мянушцы “Матуз”. Ён жыў у канцы прырэчнай вуліцы ў пуставатай стадоле разам з незамужняю сястрою Матронаю і сам гадоў да сарака ніяк не мог дабраць пару. Трохі латаў людзям боты, абрабляў кавалак поля. Самая “касавіца” ў Грышкі пачыналася перад Калядамі. Кожны местачковец хацеў, каб яго кормніка закалоў і разабраў толькі ён. Тыдні за два да свята пісаліся да яго ў чаргу.<…>

Разбіраючы, свінабой лепшыя кавалачкі аддаваў гаспадыні, і на прыпечку ўжо сквірчэла верашчака — поўная патэльня смакаты.

Работа закончана: квадраты сала ахалонваюць на лаве, кумпякі, каркавіны і паляндвіцы складаюцца ў дзежачкі з каляндраю, салетраю і кменам вылежвацца да першых сонечных дзён, у сакавіку іх павесяць пад дах абветрывацца і падсыхаць, а перад Вялікаднем задымяць вяндлярні.

На стале чакае свінабоя запацелая пляшка, верашчака і стос ячных або грэцкіх аладак. Выпілі, памянулі кормніка, пажадаў Грышка, каб вялося ў хляве і не зводзілася на стале. Гаспадыня напакавала Грышкаву торбу свежыною (у нас кажуць “дала бонду”), у кішэню сунула траячку, і пайшоў Грышка на другую вуліцу, а калі ўправіцца, дык і ў трэці двор — свежаваць кабана. <…>

Адлучаны на цэлае дзесяцігоддзе ад родных мясцін, я нічога не ведаў пра лёс Грышкі Рачкоўскага. Вярнуўся і адразу пайшоў па ўсыпаным чародамі гусей выгане да абмялелай Пцічы. Здалёк пазнаў доўгую пляскатую Матрону. Яна прыкметна пастарэла, але спрытна збірала ў прыпол гусінае пер’е і пух. Пазнала мяне, калі загаварыў. Паселі на ўдзірванелым беразе, глядзелі на павольную плынь па жаўтапёску, на чародкі вёрткіх уклеек. Матрона расказвала: “Як толькі ўсчаўся яжоўскі хапун, здурнеў Грышка і ўскруціўся жаніцца. Падкацілася да яго тая флюндра Цугеліха. Я кажу: “На чорта табе завязваць свет, каб грызціся з гэтаю халяваю?”, а ён знай сваё: “От, кажа, забяруць у кутузку, будзе каму сухар і махоркі перадаць. Ты ж не вельмі пабяжыш”. Многіх тады ні за што пазабіралі, не абмінулі і савецкіх начальнікаў, а самастаяцельных хадзяеў пад чыстую выкацілі. Грышку там, відаць, месца не хапіла. I што ты думаеш, як дарваўся, дык да вайны аж трох хлопцаў настругаў. Прыйшлі немцы, спярша ў гумне на вышках хаваўся, потым вылез, ацерабіўся. Нехта вазьмі і падтыкні, што е такі свінабой спрытны. Яны ж ласыя былі на свежыну. Залыгалі Грышку, і пайшоў ён пластаць пазабіраных у людзей кормнікаў і надворных, парасятак і, не дасі веры, паросных. Загадалі паставіць вяндлярню. Самі жэрлі вяндліну і перлі шынкі ў тую Германію. А як падышоў фронт, немцы лахі пад пахі ды ходу. Тут Грышка і закруціўся. Хапаецца за галаву ды порткі падсмыквае: “Гэта ж мне за падсобніцтва Калыма свеціць,  чаго  добрага,  і  куля  ў  патыліцу”.  Забраў  сваю  Цугеліху, пахапаў смаркачоў сваіх і ўрэзаў следам за фрыцамі. Паехаў — як у пельку боўтнуў, ні слыху ні дыху. Жывыя ці не, нават не сасніліся ні разу. Да мяне прыстаў аўдавелы Супрун, хлопчыка скідалі, так і перабіваемся ўтраіх”. <…>

Працяг будзе

Последние новости

Общество

Сёння — дзень нараджэння Сяргея Іванавіча Грахоўскага, паэта, публіцыста, перакладчыка, нашага земляка

25 сентября 2024
Читать новость
Общество

Торжественное мероприятие в честь Дня работников леса состоялось в Глуске

25 сентября 2024
Читать новость
Общество

Что такое доступная среда и почему она так важна для людей с инвалидностью

25 сентября 2024
Читать новость
АПК

На карысць справе. Пабачылі, як вядзецца працэс кансервавання плюшчанага зерня кукурузы ў ААТ “Турыно-агра”

25 сентября 2024
Читать новость
Образование

В Глуске прошла отчетно-выборная конференция районной организации Белорусского профсоюза работников образования и науки

25 сентября 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко об обороноспособности: надо готовиться к войне, и дай бог, чтобы этой войны не было

24 сентября 2024
Читать новость

Рекомендуем