Темы

З блакнотам па раёне: ад Клетнага да Заеліцы

З блакнотам па раёне: ад Клетнага да Заеліцы

Са старшынёй Слаўкавіцкага сельвыканкама Мікалаем Куратавым  мы сустрэліся ў Клетным, сюды ён прыехаў найперш па сваіх сельсавецкіх справах ну і для таго, каб адсюль пачаць наша знаёмства з сельсавецкімі ж аб’ектамі і людзьмі. Найперш Мікалай Мікалаевіч пабыў на выбарчым участку (было гэта напярэдадні выбараў), размешчаным у Клятнянскім СДК.

“Гэта прыкметнае месца, добра знаёмае жыхарам, месца, куды многія прыходзяць, каб цікава адпачыць, правесці вольны час, — гаворыць Мікалай Куратаў. — Адным словам, гэта важны і запатрабаваны аб’ект сельскай інфраструктуры”.

“Так, людзі да нас прыходзяць, і дарослыя, і дзеці, — расказвае загадчыца Дома культуры Алена Грамыка, — дзеці малююць, майструюць падзелкі, для дарослых арганізаваны заняткі фітнесам, ёсць і рукадзелле, але найбольш у нас любяць спяваць, хто ў караоке, хто і ў самадзейнасці ўдзельнічае, у нас добрая самадзейнасць, ёсць свой вакальны ансамбль”.

Народны ансамбль “Вярбічанька” Клятнянскага СДК ведаюць па ўсім раёне і не толькі, ён пастаянны ўдзельнік розных раённых мерапрыемстваў, гэта, я б сказала, брэнд аграгарадка.

Алена Аляксандраўна паказвае выставу дзіцячых малюнкаў, паказвае невялікі этнаграфічны куток, дзе сабраны побытавыя рэчы, якімі беларусы карысталіся ў даўнейшыя часы. Ёсць тут і сапраўдныя лапці, яны, праўда, навадзел, але ж сплёў іх чалавек, які ведаў гэтую справу.

У адным будынку з СДК размешчаны яшчэ адзін аб’ект культуры — сельская бібліятэка. Загадвае ёю Наталля Каржнёва, бібліятэкар з амаль 20-гадовым стажам. “Бібліятэка ў нас добрая, — кажа яна, — тут цёпла і ўтульна, сабраўся багаты кніжны фонд, паступаюць і навінкі. Вось каб людзей паболей, было б зусім добра”.

Чытачоў у мясцовай бібліятэцы дзве з паловай сотні. Гэта жыхары не толькі Клетнага, але і навакольных вёсак — Барбарова, Бярэжак, Баянава, Вайцяхова. Хто сам прыходзіць у бібліятэку, а да каго выязджае сама бібліятэка. З пэўным наборам кніг Наталля Валер’еўна разам з аўтакрамай аб’язджае маланаселеныя вёскі ў зоне свайго абслугоўвання, раз у месяц стараецца пабываць паўсюль. Людзі чытаюць розную літаратуру, дзеці бяруць кнігі па школьнай праграме, асабліва летам, дарослыя аддаюць перавагу дэтэктывам, раманам пра каханне, гістарычнай літаратуры, чытаюць пра вайну.

 Пасля месца з ежай духоўнай Мікалай Мікалаевіч запрашае ў месца з ежай надзённай, і мы ідзём у мясцовы магазін ад раённага спажывецкага таварыства. Трэба сказаць, што аграгарадкоўцы ўжо “набыліся” без магазіна, таму маё пытанне пра зручнасць стацыянарнай гандлёвай кропкі, адрасаванае маладой пакупніцы, было рытарычным. “А вы як думаеце, ці зручна, калі магазін працуе ў вёсцы? — пытаннем на пытанне адказала яна мне і прадоўжыла: — Канечне, зручна, прыходзь ды купляй, што табе трэба”. Недахопу ў пакупніках няма, пацвярджае прадавец з выкананнем абавязкаў загадчыка Вікторыя Мілішчук, заходзяць і мясцовыя жыхары, і з суседніх вёсак, Нова-Андрэеўкі, Байлюкоў, Малінава, нямала праезджых, магазін размешчаны на трасе, месца зручнае. І месца патрэбнае, бо, як вядома, вясковы магазін — гэта не толькі пра пакупкі, гэта і пра пагаварыць, пачуць мясцовыя навіны, пабачыцца ў рэшце рэшт.

Не менш, чым у магазіне, пра вясковае жыццё і пра вяскоўцаў можа расказаць стараста аграгарадка Ала Лобах. Яе смела можна назваць упаўнаважаным старшыні сельвыканкама, расказвае Мікалай Мікалаевіч, калі мы едзем да Алы Леанідаўны.

Жыве яна тут з 1989 года, 20 гадоў працавала ў магазіне “Прамтавары”, калі яшчэ быў Клятнянскі Савет, адказвала за сацыяльную работу, а з 2014 года яна ўжо стараста аграгарадка. Праўда, слова “стараста” не любіць. А вось што да дапамогі, то гэта сапраўды правая рука сельсавецкага старшыні, пацвярджае ён: ведае ўсіх жыхароў, бачыць і ведае праблемы, пра якія трэба праінфармаваць сельскую ўладу. Па тым, як Ала Леанідаўна і Мікалай Мікалаевіч размаўляюць, жартуюць адзін з адным, бачна, што сумесная іх праца вядзецца не фармальна, не ад выпадку да выпадку, а сур’ёзна і пастаянна. Ці ліхтар на вуліцы не гарыць, ці дарогу ад снегу не пачысцілі або пяску на могілкі своечасова не завезлі, пералічвае Ала Лобах вясковыя праблемы, — пра ўсё гэта трэба аператыўна праінфармаваць сельвыканкам. Зрэшты, сама яна таксама шмат што робіць на грамадскіх пачатках сваімі сіламі, і не толькі сваімі, а сваёй сям’і, з мужам, дачкой, зяцем, — той жа плот у вёсцы парамантаваць ды пафарбаваць. Могілкі — асобная справа, Ала Леанідаўна даглядае там мо 30 магілак, большасць з якіх — не сваякі, а былыя падапечныя яшчэ па сацыяльнай рабоце, родных у іх не засталося, вось яна і парадкуе магілкі. “Нераўнадушны чалавек, добры памочнік, мне з ёю пашанцавала”, — гаворыць пра сваю памочніцу па Клетным Мікалай Куратаў.

Далей едзем у вёску з гучнай назвай Амур, спыняемся каля хаты з шыльдай “Дом сацыяльных паслуг”. Дома сацыяльных паслуг цяпер няма, тлумачыць старшыня сельвыканкама, гэта дом старасты вёскі Андрэя Касько. Гэта таксама чалавек нераўнадушны, колькі хапае сілы, стараецца сам наводзіць парадак, раней мог і яму на вуліцы засыпаць, каб не гразка было, дрэвы садзіць, абгароджвае іх, каб не пашкодзіў хто. Сюды Мікалай Мікалаевіч заехаў распытаць пра ваду (былі з гэтым праблемы), заадно даведацца пра справы нешматлікіх вяскоўцаў. Слухаю іх размову і адзначаю сабе, што жыццё нават у маланаселеных вёсках віруе, тут свае героі і антыгероі, і пра ўсё і пра ўсіх іх ведае і мае клопат старшыня сельскага Савета.

А вёсак тут нямала, згодна з сацыяльным пашпартам 20 населеных пунктаў, меншых і большых, у адных да 10 чалавек (Бярэжкі, Баянава, Зара, Красны, Малкава, Нова-Андрэеўка, Пагарэлае, Пяценка, Чапаева), у другіх да паўсотні жыхароў зарэгістравана (Амур, Барбарова, Вайцяхова, Зорка, Малінава, Сцяг), у Клетным больш за 250 чалавек. І цікавыя людзі ёсць паўсюль, расказвае Мікалай Мікалаевіч, у тых жа Слаўкавічах (174 чалавекі) людзі актыўныя жывуць, канцэрты, сустрэчы ладзяць, а адна жыхарка, Валянціна Валадзько, стварае сваімі рукамі вельмі цікавыя лялькі. У пасёлку Красным усяго адзін жылы дом, там жыве сям’я Малашукоў, яны сур’ёзна займаюцца пчалярствам. Суразмоўца звярнуў увагу на такую тэндэнцыю, якая намецілася ў апошнія гады: былыя мясцовыя жыхары, якія некалі паехалі ў горад і засталіся там, цяпер выйшлі на пенсію і вяртаюцца назад, у бацькоўскія дамы (гарадскія кватэры пакідаюць дзецям), асталёўваюцца ў сваіх вёсках. Гэта было асабліва заўважна перад выбарамі, калі людзі прыходзілі на выбарчыя ўчасткі, каб іх унеслі ў спісы для галасавання, паколькі яны, хоць і зарэгістраваны ў іншых месцах, пастаянна пражываюць тут, у гэтай мясцовасці.   

Едзем у Заеліцу, тут жыве больш за 700 чалавек. Гэта самы вялікі аграгарадок не толькі ў Слаўкавіцкім сельсавеце, але і ў раёне. Гэта цэнтр буйной гаспадаркі, ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, тут самая вялікая ў раёне сельская школа, ёсць свой міні-рынак, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян РЦСАН, Цэнтр культуры і вольнага часу, бібліятэка, філіял музычнай школы, аддзяленне сувязі, аддзяленне банка, пажарны аварыйна-ратавальны пост, лясніцтва. Тут аж чатыры магазіны: два раённага спажывецкага таварыства, два — прыватныя. І ўсім хапае пакупнікоў, запэўніла нас прадавец аднаго з іх Наталля Палуян, яна з восені працуе ў прыватным прадпрыемстве “Асторыя торг”, у прадуктовым магазіне, дырэктар прадпрыемства Вольга Маёрава. Тое, што ў людзей ёсць выбар, дзе і што купляць, гэта добра, а канкурэнцыя толькі на карысць справе, бо падштурхоўвае працаваць лепш, разважае прадавец. Я ж падумала пра тое, што, адкрыўшы два магазіны, прыватнік стварыў і два рабочыя месцы — ці ж гэта не добра, асабліва ў сельскай мясцовасці? З гэтым пагадзілася і Святлана Хімінец, прадавец прамтаварнага магазіна “Асторыя-торг”. На паліцах яшчэ затрымаўся навагодні асартымент, але большасць рэчаў — побытавыя, ад звычайных гаспадарчых дробязяў да будаўнічых матэрыялаў, ёсць адзенне, посуд, бытавая хімія. Зручна, калі ўсё гэта можна купіць на месцы, гаворыць і пакупніца, якая выбірала штосьці з электратавараў, амаль як у горадзе, дадае яна з усмешкай.

“Так, людзі і ў сельскай мясцовасці хочуць жыць камфортна, хочуць, каб было дзе працаваць, вучыць дзяцей, лячыцца, рабіць пакупкі, цікава адпачываць, ездзіць па добрых дарогах, — гаворыць Мікалай Куратаў. — Вось задача мясцовай улады — рабіць жыццё нашых сяльчан і зручным, і цікавым, каб яны адчувалі ўвагу і клопат пра сябе”.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

З блакнотам па раёне: ад Клетнага да Заеліцы

2 февраля 2025
Читать новость
Общество

Нашы людзі. Повар Завалочыцкай сярэдняй школы Таццяна Стрэльчык

2 февраля 2025
Читать новость
Общество

Первый раз предупредят, второй — оштрафуют

1 февраля 2025
Читать новость
Общество

«Нашы людзі». Расказваем пра Сямёна Пятровіча Анціпава з вёскі Яўсеевічы і соцработніка Ганну Рыбак

1 февраля 2025
Читать новость
Общество

Секции таэквондо в Глусском физкультурно-спортивном клубе — 25 лет

1 февраля 2025
Читать новость
Актуально

Есть ли в Глусском районе добровольные дружины?

31 января 2025
Читать новость