БАЛАШЭВІЧЫ
Вёска Балашэвічы раскінулася на левым беразе ракі Пціч, у 7 кіламетрах ад Глуска. Калі ехаць па шляху Глуск – Бабруйск, які вядзе праз Вільчу, то адразу за мастом цераз раку пачынаецца лес. І калі звярнуць на дарогу ўправа, што пралегла паміж елак і хвой, то па ёй можна папасці ў вёску Балашэвічы. Гэта карацейшы шлях, а даўжэйшы – па гра-війцы на Усцярхі…
Па пісьмовых крыніцах вёска Балашэвічы вядома з 1560 года як сяло Глускай воласці, з 1581 года Балашэвічы ўваходзяць у склад маёнтка Глуск Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. Падчас археалагічных раскопаў, што праводзіліся ў гэтым кутку Глушчыны ў 1977 годзе, знойдзена даўняе паселішча, якое адносіцца аж да каменнага веку. Праводзіліся раскопы тут і ў 1882 годзе, аб чым маецца ў «Зводках 1882 года» адпаведны запіс. Пры аглядзе вала, што ў значнай ступені разбураны кар’ерам, сабраны кавалкі крамянёвых пласцін, часткі ляпной і ганчарнай керамікі. Стаянкі на паўднёва-заходняй ваколіцы в.Балашэвічы – гэта археалагічныя помнікі, якія разбураюцца пясчанымі кар’ерамі. Непадалёк ад дарогі, якая вядзе да шляху Глуск – Зелянковічы, таксама знойдзена селішча, у якім сабраны фрагменты старажытнай ганчарнай керамікі. Акрамя гэтага, у ваколіцах в.Балашэвічы знойдзены і два курганныя могільнікі эпохі старажытнай Русі. Адзін з іх – з 8-мі насыпаў, вышынёй да 1 метра ў 1,5 км на ўсход ад вёскі, непадалёк ад шляху Глуск – Зелянковічы. Другі курганны могільнік знаходзіцца на паўкіламетра ў бок в. Зарэчча, на ўскраіне сасновай лесапасадкі, ва ўрочышчы Глінішча – 23 насыпы вышынёй ад 30 см да 2 метраў, дыяметрам больш 4 метраў. З іх – дзевяць курганоў пашко-джаны скарбашукальнікамі. Усе гэтыя стаянкі, курганы, селішча сведчаць аб тым, што людзі тут засяліліся з вельмі-вельмі даўніх часоў.
У аснове назвы вёскі Балашэвічы – імя ці мянушка чалавека, у наш час забытая, цюркскага пахо-джання. Ад імя ці мянушкі паходзяць назвы і прозвішчы – Балаш, Балашоў, Балашэвічы… “Балаш” – гэта старажытная назва каштоўнага каменя лазурыта. А яшчэ ёсць мясцовае паданне пра назву вёскі Балашэвічы. У даўнія часы, пры нашэсці мангола-татарскіх захоп-нікаў, праз паселішча, што было ў гэтых мясцінах, праходзіла войска ворагаў. І прыпынілася яно на адпачынак на прыгожым беразе р.Пціч, у якой цякла чысцюткая вада, а вакол – красаваліся ўсыпаныя кветкамі лугі і зелянелі лясы… І назвалі гэта месца “Балаша”, што ў пераводзе з мангольскай тагачаснай мовы азначае “зялёны камень”, лазурыт. З таго часу і пайшла назва вёскі. Толькі сталі зваць яе – Балашэвічы. Так яно ці не, але вёска з такой назвай жыве дасюль у нашых краях.
З 1692 года сяло Балашэвічы – шляхецкая ўласнасць (шляхетнасць – прыналежнасць да дваранскага саслоўя), якая налічвала 62 дымы (дым – гэта хата, якая лічылася падатковай адзінкай у старажытнай Русі). У XVIII стагоддзі Глуская воласць звалася графствам, якім валодалі князі Радзівілы. У склад гэтага графства ўваходзіла і в. Балашэвічы. У 1708 годзе Балашэвічы – гэта цэнтр войтаўства ў Глускім графстве. Як пісаў У.Сыракомля, насельніцтва многіх земляў прыносіла князям даніну — за хлеб свой, за свае лясы, за рыб, што ў водах, за птушку і пчол, што ў паветры, хто ведае, можа, і за само паветра. “Інвентар Глускага графства” маёнтка князя Мікалая Радзівіла (пералік даходаў з маёнтка, колькасць зямлі і павіннасцей і грашовых выплат сялян) ад 1708 года сведчыць, што прыбыткі князя былі амаль казачныя. “Гадавой арэнды ад глускіх арандатараў і патаенных корчем складала 23898 злотых 261,2 грама”. Гэта толькі ў грашах, а былі яшчэ і іншыя падаткі… Як запісана ў вышэйназваным “Інвентары…”, сяляне Балашэвіцкай воласці павінны былі з кожнай валокі плаціць сярэбранай манетай, а калі хто куды-небудзь самавольна адлучаўся, тады павінны былі плаціць усёй вёскай, “чтоб княжеская казна не понесла никакого ущерба”; пустуючыя валокі каля в.Балашэвічы павінны былі апрацоўвацца для гаспадарскага двара ўсёй воласцю ў свабодныя дні, а не за кошт баршчыны; акрамя гэтага, патрэбна было адпрацаваць баршчыну 4 дні на тыдзень; пры гэтым у Глускі замак належала аддаваць у якасці падатка “по бочке ржи до краёв без верха и по бочке овса меры топтаной до краёв без верха”, а яшчэ — пэўную колькасць курэй, гусей, дранкі, нітак на невад, для сетак, вязаць іх і выходзіць на аблавы. У якасці штогадовай феадальнай павіннасці сяляне і мяшчане павінны былі працаваць на ўзворванні і на жніве, прычым “чтобы из каждого дома выходили все, без остатка, оставив одного для предотвращения пожара”. У павіннасць таксама ўваходзіла дастаўка дроў для панскага двара і рамонт плаціны ля млына. “Гадавы ж даход з Балашэвіцкага войтаўства, якое мела 40 валок зямлі, у казну князёў Радзівілаў складаў 480 злотых 10 грошай, акрамя пані Шыманоўскай, 36 зл. Усяго – 516 зл. 10 гр.”
Былі сярод панскіх людзей і свабодныя, што не плацілі пану нічога. У “Інвентары Дамініка Мікалая Радзівіла”, складзеным у 1692 го-дзе, пішацца, што “сярод жыхароў вёскі Балашэвічы былі і вольныя, якія мелі свае надзелы ў розных месцах і не плацілі чыншу (рэнта грашамі), гэта Сямён, катляр Яцко, Іван і два Івашкі Тарасовічы”.
У 1724 годзе ў Балашэвічах налічвалася 33 двары і 40 валок зямлі. У 1758 годзе вёска была здадзена ў арэнду Станіславу Вейняловічу з колькасцю двароў – 55 і валок зямлі – 35. Праз сем год тут ужо было 67 двароў і 39 валок зямлі. З 1793 года вёска Балашэвічы – у складзе Расі-йскай імперыі, а Глускі маёнтак належыць графу Іосіфу Юдыцкаму. У першай палове ХІХ ст. значна павялічылася колькасць паншчынных сялян. Да сярэдзіны стагоддзя яны складалі звыш 97% усіх памешчыцкіх сялян. У 1850-ыя гады пачаўся заняпад сельскай гаспадаркі, быў няспынны рост нядоімак. Заняпад сялянскай гаспадаркі абумовіў і крызісны стан памешчыцкай. Аб гэтым сведчыла зніжэнне даходнасці большасці маёнткаў. Хутка павялічылася колькасць закладзеных маёнткаў, здадзеных у апеку за нявыплату даўгоў, прада-дзеных з публічных таргоў. Не змог устаяць пад ударамі крызісу і ўладальнік Глускага маёнтка граф Юдыцкі. Ён запазычыў значныя сумы грошай і не змог іх вярнуць. Прыйшлося за даўгі аддаць крэдыторам значную частку свайго маёнтка. Так у 1838 годзе вёска Балашэвічы была падзелена паміж В.Грынеўскім, Г.Свідам і І.Бжастоўскім. Дарэчы, апошні быў незаконнанароджаным сынам Юдыцкага. У 1844 годзе вёска Балашэвічы ўвайшла ў склад маёнтка Зарэчча і стала ўласнасцю пана Нарэзіуша, разам з 226 жыхарамі і 52 дварамі, меўся тут і свой хлебазапасны магазін.
Месца, дзе раскінулася вёска Балашэвічы, прыгожае і багатае. Вакол лес, а ў ім і грыбы, і ягады, і дзікі звер… Побач рака, а гэта рыба і ракі, якія заўжды тут вадзіліся, добрае месца для плаваючай птушкі, ды і землі ўрадлівыя. А яшчэ ў ваколіцах вёскі Балашэвічы, непадалёк ад ракі Пціч, на поплаве, дзе быў сенакос, біла Галабурдава крыніца. Такую назву, кажуць, крыніца мела ад прозвішча чалавека, што жыў тут колісь. Чаму так? Ніхто не ведае. А вада ў крыніцы была чысценькая і смачная. У сенакос вада з крыніцы заўжды праганяла смагу. Балашоўцы, ідучы па сцежцы да ракі, не праходзілі, каб не пакаштаваць смачнай вадзіцы са сваёй крыніцы. А некаторыя і спецыяльна часценька наведваліся да яе, каб напіцца. Нават гаварылі: “Напілася вады такой смачнай, аж паздаравела”. Крыху пазней пракапалі на поплаве канавы, а потым некалькі разоў пераворвалі сенакос, садзілі то кок-сагыз, то кукурузу… І знікла Галабурдава крыніца. Зараз тое месца, дзе яна была, наўрад ці можна знайсці.
Урочышча “Хішчын”, другая назва якога “Востраў кахання”, захавалася дасюль, гэта насып працягласцю з 1 км у бок в.Поблін, да Балашэвіч, з насыпу – прыгожы спуск і пачынаецца сенакос, а з другога боку – абрыў, унізе ж – цячэ р.Пціч, вакол – беразняк. Тут заўжды расце шмат грыбоў, асабліва – белых. Вось і сяліліся тут людзі, ды і з’язджаць дужа не было куды. Сем’і раслі… У 1897 годзе ў вёсцы – 128 двароў і 712 жыхароў, уваходзіць яна ў склад Глускай воласці Бабруйскага павета. Перад рэвалюцыяй 1917 года – гэта вялікае паселішча са 135 двароў і 766 жыхароў. Займаліся сяляне асабістай гаспадаркай, хто што меў, але ў асноўным працавалі на пана ды адбывалі панскую павіннасць, з чаго і жылі. Аб якой-небудзь навуцы ў вёсцы не было чаго і думаць. Нягледзячы на вялікую колькасць жыхароў, у вёсцы не было школы, усе былі непісьменныя. Бліжэйшая школа – у Глуску, і далёка, і накладна. Патрэбна было здымаць кватэру, плаціць за навучанне, дастаўляць харчы, а не ва ўсіх былі сродкі. І ў вёску наймалі настаўніка, як тады казалі – дарэктара. Першым настаўнікам дзецям з в.Балашэвічы быў жыхар в.Калацічы па прозвішчы Тузік. Жадаюцыя вучыць сваіх дзяцей здымалі памяшканне для вучобы, наймалі дарэктара, плацілі ды яшчэ кармілі па чарзе і давалі жыллё. Кантраляваў работу дарэктара мясцовы святар з Побліна. Успамінаюць, што сын прыгоннага селяніна Рамана Грыцэні Саша ў чатырнаццаць гадоў нават адправіўся ў Маскву. Кемлівы і настойлівы хлопец не згубіўся ў вялікім горадзе і дабіўся таго, што яго прынялі ў Маскоўскі ўніверсітэт.
Жылі сяляне Балашэвіч у асноўным у маленькіх хатах, спалі на палацях і сянніку, вакол сцен – лавы, вялікі стол і ўверсе падвешаная да столі калыска, якая ніколі і не здымалася, бо дзеці ў сем’ях нараджаліся амаль кожны год. Хаты асвятляліся лучынай, у лепшым выпадку – газавай лямпай, якіх на ўсю вёску было 17. У пачатку ХІХ стагоддзя ў карыстанні жыхароў Балашэвіч было 163 скрыні, 112 ступ, 298 прасцін, 283 цапы. У год яны плялі 15040 лапцяў, ткалі 8494 аршыны палатна, 948 аршын сукна, куплялі 80 аршын тканіны, а на ўсю вёску мелі балашоўцы 5 – 8 пар скуранога абутку. 1917 год – тут ужо 148 двароў, 860 жыхароў (з іх 9 яўрэяў).
Насцярожана сустрэлі сяляне з Балашэвіч Кастрычніцкую рэвалюцыю. Што гэта? Што яна, рэвалюцыя, нясе сялянам, мала хто ведаў. Зараз – наладжанае жыццё. Добрае яно ці ліхое, але вядомае. А тут што наперадзе? Што будзе? Ніхто не ведае. Кажуць, што будзе лепей жыць. А ці ж праўда гэта? Як паверыць, як даведацца, што нясе ўсім гэта новая савецкая ўлада, пры якой пана не будзе? І пачалася барацьба за новую ўладу. У студзені 1918 года вёску акупіравалі легіянеры корпуса Доўбар-Мусніцкага, якія падтрымлівалі сувязь з польскімі буржуазнымі коламі. Легіянеры разганялі саветы, сялянскія камітэты, рабавалі насельніцтва… У Балашэвічах быў сфарміраваны партызанскі атрад для барацьбы з ворагамі. У яго ўвайшлі 250 жыхароў, у асноўным моладзь, якая заўжды імкнулася да ўсяго новага. Ішоў 1923 год. Па лясах яшчэ бадзяліся недабітыя бандыты. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Дзяржаве трэба было здаваць хлеб, выконваць так званую харчразвёрстку. Кулакі і некаторыя сераднякі хавалі зерне, не хацелі аддаваць сваё. Ды і каму аддаваць і навошта, сваё, нагарованае цяжкай працай? А па сёлах ужо былі разасланы оперупаўнаважаныя па зборы нядоімкі. З’явіліся яны і ў Балашэвічах. Адзін з іх сярэдняга росту, каржакаваты, бялявы хлопец гадоў пад 27, другі – высокі, хударлявы, з чорнымі, як смоль, валасамі, якія выбіваліся з-пад вайсковай шапкі. На першы погляд, яму было гадоў 40, але на самай справе ён быў значна маладзейшы. Відаць было, што чалавек багата перажыў, і гэта наклала адбітак на яго аблічча. Старэйшага прозвішча было Смірноў, маладзейшага Саламацін. У вёсцы сабралі сход, прыйшло шмат народу, Смірноў расказаў сялянам пра задачы, што стаяць перад маладой савецкай рэспублікай у горадзе і на вёсцы, пра цяжкасці ў аднаўленні разбуранай грамадзянскай вайной гаспадаркі. Асабліва цяжка рабочым у горадзе, яны і іх сем’і галадаюць. У вёсцы ёсць хлеб, сяляне могуць і павінны даць лішкі хлеба гораду. Ад гэтага залежыць поспех сацыялістычнага будаўніцтва. Сяляне, як маглі і ўмелі, выказвалі свае думкі. Яны вырашылі: калі патрэбна іх дапамога, дык яны акажуць яе. Позна пасля сходу Смірноў і Саламацін, задаволеныя сваёй працай, пайшлі адпачываць у гумно. Сон асабліва моцны пад раніцу. Сябры не чулі, як у вёску прабраліся бандыты. Здраднік паказаў, дзе начуюць хлопцы. Ворагі спагналі ўсю сваю нянавісць на упаўнаважаных: распаролі ім жываты, насыпалі туды зерня і пакінулі запіску: “Вы шукалі хлеба, вы яго знайшлі…” Іх пахавалі ў Глуску, у скверы, а крыху пазней астанкі былі перанесены на брацкія могілкі ў Хваставічы. Тут, на помніку, што стаіць на брацкай магіле воінаў Савецкай Арміі, першымі ў спісе прозвішчы Смірнова і Саламаціна, упаўнаважаных па харчразвёрстцы, загінуўшых ад рук бандытаў.
Як бы там ні было, але новае жыццё брала сваё. У гэтым жа 1923 годзе ў вёсцы адкрыта пачатковая школа. Займаліся дзеці ўсіх узростаў у наёмным памяшканні. Усяго ў 1925 годзе ў Балашэвічах налічваўся 81 вучань, а ў 1927 годзе ўлада Глускай воласці адпусці-ла для Балашэвіцкай школы дом памешчыцы Валадковічыхі, што стаяў у в.Падзамша. Сіламі насельніцтва дом быў перавезены і за дзяржаўныя сродкі пабудавана 2-камплектная школа. 1 верасня 1927 года ў школе пачаліся заняткі у 2-х класах, у двух другіх памяшканнях, што былі ў школе, жылі настаўнікі. Двухкамплектная школа не магла ахапіць усіх дзяцей школьнага ўзросту. Таму былі адкрыты трэці, а крыху пазней — чацвёрты класы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў школьны будынак папаў снарад, прабіў сцяну і дах. Адразу пасля вызвалення вёскі ад ворагаў школу адрамантавалі, і яна пачала дзейнічаць. У 1952 годзе пачатковая школа была рэарганізавана ў сямігодку, а крыху пазней — у васьмігадовую, дырэктарам якой у свой час працаваў І.М. Нозік.
У 1927 годзе вёска Балашэвічы — гэта 170 двароў і 881 жыхар. У 1932 годзе пачалася прымусовая калектывізацыя прыватных гаспадарак. З пасёлкаў Балашэвічы і Зарэчча быў арганізаваны калгас “15 год Кастрычніка”, які ў 1936 годзе меў 1564 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Першапачаткова ў калгас уступіла 18 сялянскіх гаспадарак, а старшынёй сяляне выбралі свайго аднавяскоўца — Міхаіла Долбіка. Новае жыццё набірала сілу.
Разам з калектывізацыяй прыйшла ў вёску і хваля раскулачвання і высялення ворагаў народа. Сярод іх былі і балашоўцы — Стральчэня Павел Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1904 г., селянін-аднаасобнік, арыштаваны 6.12.1937 г., рэабілітаваны 28.05.1959 г.; Татур Адам Барысавіч,1912 г.н., арыштаваны 14.01.1938 г., расстраляны 14.04.1938 г., рэабілітаваны 18.05.1989 г. Не абмінула сталінская машына і старшыню калгаса “15 год Кастрычніка”, толькі крыху пазней. Нарадзіўся ён у 1899 годзе, арыштаваны 7.01.1945 г., следчая справа спынена 14.08.1945 года.
Гаспадаркі сялян, што адмаўляліся ўступаць у калгас, савецкай уладай абкладваліся вялізнымі рабаўнічымі падаткамі. Некаторых даводзілі да крайняй галечы і голаду і не пакідалі ім іншага шляху выратавання, як ісці ў калгас. Такі быў час.
Але паціху калектыўная гаспадарка мацнела і расла. Пастуквалі сякеры на вёсцы, мужыкі будавалі свірны (будынкі для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў і рэчаў…). З вёскі Крукаўшчына перавезлі сюды дом кулака і стала ў ім хата-чытальня. Вечарамі ў ёй было людна — моладзь вучылася грамаце, да яе далучалася і дарослае насельніцтва. Але так склалася, што былі ў вёсцы як бы дзве групоўкі маладых людзей, што не ладзілі паміж сабою. Як успамінала М.І.Храпко, якая ў 1932 годзе была накіравана ў вёску Балашэвічы для работы з моладдзю Глускім райкамам камсамола, ёй прыйшлося з’яднаць моладзь у адзіны маналітны калектыў. У гэтым ёй дапамагала настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы Ганна Вавілаўна Хартановіч. Праводзілі разам з моладдзю канцэрты, чытанні, спрэчкі — да другіх пеўняў, усё гэта прываблівала…
Першымі ўступілі ў камсамол маладыя людзі з Балашэвіч — Іван Баглай, Вольга Салавей, Андрэй Баглай, Пятро Каблаш, Павел Каўхута, Анатоль Анцюшэня, Павел Долбік, Барыс Каблаш, Сцяпан і Ілля Дзядзюлі.
Разам сабраліся хлопцы з Балашэвіч, прывезлі з лесу і ўкапалі ўздоўж вясковай вуліцы слупы для радыёлініі. А з раёна дапамаглі правесці радыёфікацыю. І вось першы радыёрупар загаварыў у адной з хат вёскі. Пачуўшы гэта “дзіва”, гаспадар Назар Дыба борздзенька стаў хрысціцца, потым плюнуў у бок “ерасі”, на чорны круг гучнагаварыльніка, трахнуў па ім палкай з усяе сілы, вось і ўсё радыё. Так сяляне часта ўспрымалі штосьці новае.
Быў у вёсцы арганізаваны з моладзі і штаб “лёгкай кавалерыі”. У задачу кавалерыстаў уваходзіла праверка работы начных вартаўнікоў, работнікаў калгаснай фермы. Калі выяўлялі парушэнні грамадскага парадку, заўважалі безгаспадарчаць, пытанне ставілі перад праўленнем калгаса. І парушальнікі неслі адказ за свае ўчынкі. Працаваў у вёсцы і драмгурток. Такая форма дзейнасці была ў тыя часы вельмі папулярнай сярод моладзі. Не шкадуючы сіл, камсамольцы дапамагалі калгасу выйсці ў перадавыя, арганізоўвалі нядзельнікі, у час малацьбы працавалі нават ноччу, каб хутчэй адправіць дзяржаве чырвоны абоз са збожжанарыхтоўкай. Калі на ўсю краіну прагучаў заклік “Моладзь — на трактар!”, балашэвіцкая камсамольская арганізацыя адразу накіравала на курсы трактарыстаў пры Глускай МТС восем чалавек. Сярод гэтых васьмі быў і Васіль Каўхута, які потым адпрацаваў трактарыстам усё сваё жыццё. Першая ў калгасе жанчына-трактарыст — Домна Каўхута (Прыгара) таксама далучылася да іх.
Жыццё ў калгасе паціху наладжвалася. У калгасным двары былі ўжо і стайня (хлеў для коней), і свірны, і кароўнік… На таку абмалочвалася калгаснае збожжа, грэчка… Вёска расла. І ў асноўным за кошт моладзі, што заставалася ў родных мясцінах. А калі б хто і хацеў з’ехаць, то было немагчыма. Пашпарт у той час сяльчанам не выдавалі. Такі быў закон. А куды ж ты паедзеш без дакумента? Нараджаліся, жылі, працавалі, стваралі сем’і — на роднай зямлі, пад мірным небам. Але ўсё гэта парушыла Вялікая Айчынная вайна.
Вялікая Айчынная вайна прынесла трывогу і гора. Большасць мужчын мабілізавалі ў Чырвоную Армію, а хто падаўся ў партызаны. Тым жа сяльчанам, што засталіся ў акупіраванай вёсцы, усяго хапіла — і голаду, і холаду, і страху… Жудасна нават уявіць той дзень, калі ўсіх балашоўцаў сагналі ў будынак школы і хацелі спаліць. Хтосьці забіў немца, і нямецкая ўлада ўсю віну ўсклала на жыхароў Балашэвіч, бо забітага знайшлі іменна тут, у вёсцы. Людзі развітваліся з жыццём…
Выратаваў сваіх землякоў Дзядзюля Міхаіл, альбо Міхаська — па-мясцоваму. Крыху ведаў нямецкую мову, у свой час ён быў на фінскай вайне. Што ён казаў нямецкаму камандзіру, так ніхто і не даведаўся. Але як вынік — Міхаська змог таго пераканаць, што віны балашоўцаў у гібелі немца няма, і ўсіх адпусцілі. Тыя, хто быў на фронце, ратавалі Радзіму ад ворагаў пад Сталінградам і Варшавай, пад Віцебскам і ў Германіі… Там гінулі, там іх і хавалі. Больш за 30 сяльчан прапалі без вестак. На ўшанаванне памяці загінуўшых у гады вайны 58 землякоў у 1969 годзе ў в.Балашэвічы быў узведзены помнік. Вестка ж аб тым, што прыйшлі нашы, маланкай абляцела вёску. Яшчэ, упрэгшыся ў аглоблі, цяглі немцы па вуліцы вёскі свайго салдата (яны і каня не прасілі і не былі такія страшныя), а нашых ужо абдымалі сяльчане. Немцы ж дацяглі воз да канца вёскі і кінулі, зразумеўшы, магчыма, што мёртвы ім толькі перашкаджае, і драпанулі ў бок Глуска, праз луг, рэчку і старарэчча… Ды і загінулі тут, у дрыгве.
А перамога над фашыстамі ўжо набліжалася. Адразу ж пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сярод насельніцтва Хваставіцкага с/Савета была разгорнута работа па зборы сродкаў у фонд Чырвонай Арміі. У гэты фонд уносілі ўсё, хто што мог… Сямён Пятровіч Долбік з Балашэвіч, якія тады ўваходзілі ў Хваставіцкі с/Савет, пералічыў на спецрахунак 220 руб. і ўнёс 80 кг збожжа. Як пазней у квітанцыі аб залічэнні сродкаў на рахунак фонду было запісана: “У фонд Чырвонай Арміі на пабудову эскадрыллі самалётаў “Савецкая Беларусь”.
Вярнуліся з фронта нямногія. Сярод іх быў і Баглай Іван Варваравіч, які дайшоў да Германіі, узнагароджаны медалём “За адвагу”, пазней — юбілейнымі ўзнагародамі. Доўгі час працаваў у саўгасе “Вільча”. Малодшы сяржант Каблаш Пётр Раманавіч вызваляў ад ворагаў Беларусь і Чэхаславакію, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і юбілейнымі медалямі. А для Сысоя Васіля Сцяпанавіча вайна пачалася ў 1940 го-дзе ў Фінляндыі, потым у складзе Беларускага фронта ён удзельнічаў у вызваленні Беларусі і свайго Глускага раёна, ваяваў на Украіне, быў паранены пад Варшавай. Узнагаро-джаны ордэнам Айчыннай вайны, юбілейнымі медалямі і знакамі. Доўгі час працаваў у КБА, у Глуску жыў амаль увесь пасляваенны час. Вярнуўся ў родную вёску і Іван Сямёнавіч Каўхута, які сустрэў свята Перамогі ў Берліне. Ордэны Чырвонай Зоркі і два ордэны Славы, шматлікія медалі — узнагарода Радзімы разведчыку, што адстаяў яе ў баях. Але лёс распарадзіўся так, што нядоўга прыйшлося яму пажыць пасля вайны, якая зберагла ўсё ж яго для жыцця. Дзесьці ў 1948 годзе ранняю вясною пагнаў ён па чарзе пасвіць кароў, а падпаскам быў Міколка Долбік. Коля крыху адстаў ад статка, і калі Іван абярнуўся, каб пазваць свайго памочніка, то ў руках яго ўбачыў страшэнную знаходку. Бомбу, што знаходзілася ў Міколкі, ён вырваў і шпурнуў далей ад сябе, але яна зачапілася за рукаў вопраткі і ўзарвалася побач. Памёр І.С.Каўхута ў Марзонаўскай бальніцы, а Міколка — Мікалай Ульянавіч Долбік, застаўся жыць, вырас, ажаніўся, выгадаваў трох сыноў, унукаў… Доўгі час працаваў аператарам кармацэху Балашэвіцкай малочнатаварнай фермы, заўжды помніў Івана, які падарыў яму жыццё. Багата людзей, багата лёсаў…
Пасля вайны аднавіў сваю працу калгас. Калектыўная гаспадарка, як тады звалі, арцель, мацнела і расла. У пасляваенныя гады старшынямі калгаса былі: Гардзей Ганна, Дзядзюля Ульян, Чарнушын Васіль, Баглай Анатоль, Урыцкі Маісей, Прыгара Уладзімір.
Прайшло пяць дзясяткаў гадоў. Зусім іншы від, непараўнальны з тым, дарэвалюцыйным, стала мець вёска. Яна поўнасцю электрыфікавана і радыёфікавана. Дамы калгаснікаў добраўпарадкаваныя, пад шыфернымі і бляшанымі дахамі, з шырокімі светлымі вокнамі. Саламяных стрэх амаль няма, нават на хлявах. У цэнтры вёскі пабудавана васьмігадовая школа, якую штогод наведвала каля 200 вучняў. Гэта ўнукі і праўнукі тых, хто калісьці зусім не ведаў граматы. Толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны з вёскі выйшла 20 настаўнікаў, 7 аграномаў і заатэх-нікаў, 13 інжынераў, 19 урачоў. Багацеў калгас. На яго палетках працавала 9 трактароў, 3 камбайны, 5 аўтамашын, каля 30 іншых адзінак сельскагаспадарчых машын і тэхнікі…
У 1967 годзе да свята Вялікага Кастрычніка моладзь на чале са сваім важаком, сакратаром камсамольскай арганізацыі Васілём Мішуром правяла некалькі субот-нікаў і нядзельнікаў — прыбралі і ўпрыгожылі тэрыторыю калгаса, пасадзілі маладыя дрэўцы і ў гонар свята назвалі гэту алею “Юбілейнай”. Весела, дружна жыла моладзь у Балашэвічах. Іменна ў 70-я гады ХХ стагоддзя Надзея Прыгара, якая тут жа і нарадзілася ў 1945 годзе, пачала пісаць вершы, першыя з якіх былі надрукаваны ў 1965 годзе ў газеце “Камуніст”. Адзін з іх яна прысвяціла сваёй роднай вёсцы. Там ёсць вось такія цудоўныя радкі:
О, родны кут мой, вёска каля Глуска
Над ціхаю над Пціччу над ракой.
Як люб мне краявід твой беларускі,
І гоман будней, і начэй спакой.
Мае вы Балашэвічы… Старонка
Пакуль што не апетае красы.
Спяваюць мне твае крыніцы звонка,
Уплятаюць ў спеў дзявочы галасы…
Як не любіць цябе, у сціпласці цудоўная,
Гасцінная, вясёлая і шчырая?…
Надзея Прыгара доўгі час працавала карэспандэнтам, а потым карэктарам Глускай раённай газеты. Яе вершы друкаваліся на старонках раённай газеты і ў рэспубліканскім друку, таксама яны змешчаны ў зборніку “З надзеяй, верай і любоўю” (Паэтычная Глушчына). – Глуск, 1996 год.
Мацнела эканоміка калгаса, які дасюль меў назву “15 год Кастрычніка”, рос і дабрабыт балашоўцаў. Ва ўласным карыстанні калгаснікаў налічвалася 30 пральных машын, 140 радыёпрыёмнікаў, 2 тэлевізары, 270 матацыклаў і веласіпедаў, 2 легкавыя аўтамашыны.
У 1969 годзе ў в.Балашэвічы на базе калгаса быў створаны саўгас “Вільча”. 1970 год — вёску насяляюць 822 жыхары, двароў — 219, працуюць швейная майстэрня, аддзяленне сувязі, магазін… Росквіт вёскі прыйшоўся на 1979 год. Тут пабудаваны новы дзіцячы сад на 50 месцаў, сталовая, лазня, фельдшарска-акушэрскі пункт… Вырасла ў вёсцы новая вуліца — Міра, а за ёй з’явіліся яшчэ дзве — Рабочая і Леніна. А Балашэвічы — гэта ўжо цэнтральная сядзіба саўгаса “Вільча”, першым старшынёй якога стаў Кавалёў Аляксандр Яўхімавіч. Сама ж вёска ўмоўна пачала дзяліцца на дзве часткі. Да цэнтра саўгаса “Вільча” людзі казалі так: “На етай дзярэўні”, а пасля цэнтра, у бок в.Усцярхі, — “На той дзярэўні”. Старшыні саўгаса мяняліся, як і само жыццё. У краіне пачалася перабудова, а потым і зусім раскідаўся Савецкі Саюз. Моладзь пакідала родную вёску без шкадавання. У горадзе было жыць лягчэй і весялей… Гаспадарка саўгаса “Вільча” паціху прыйшла ў заняпад. З’язджалі людзі, старэла тэхніка… І як вынік — у 2006 годзе саўгас “Вільча” быў ліквідаваны.
Усе землі, будынкі, жывёла, тэх-ніка перайшлі да новага гаспадара — Глускага райаграпрамтэхзабеспячэння. З гэтага часу і сяляне, і рабочыя арганізацыі працуюць на былых землях былога саўгаса “Вільча”. Заставаліся незапатрабаванымі калгасныя майстэрні, тэрыторыя вакол якіх была ў непралазнай гразі. А болей-меней цэннае, што было ў іх, разабралі, расцяглі, як безгаспадарчае… Потым сам будынак было прапанавана ўзяць на баланс лясгаса, што і было зроблена… Справу даручылі Балафінаву Мікалаю Іванавічу, і праз якіх паўгода тут ужо наладжана практычна безадыходная перапрацоўка драўніны — болей 100 кубоў экспартнай прадукцыі. Раён атрымаў грошы, а жыхары, болей за 10 чалавек, — працу і добры заробак. Але праз некаторы час гэты цэх перанеслі ў Глуск.
Закрылася ў Балашэвічах школа. Дзеці ездзяць вучыцца ва Усцярхоўскую школу. А будынак школы ўзяў у арэнду прадпрымальнік, які робіць тут дзверы, прыгожыя і дабротныя, для кватэр… Няма і дзіцячага садка. Дзетак аддаюць у Глускі дзіцячы сад. Далекавата, але даглядаюць іх тут добра. Знеслі лазню, разбурылі свінарнік… Зараз у вёсцы засталіся магазін, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі і ФАП. І гэта яшчэ добра, у параўнанні з многімі іншымі вёскамі раёна, гавораць мясцовыя жыхары, якія з’яўляюцца галоўным багаццем гэтай вёскі — шчодрыя, добразычлівыя, працавітыя. Агуркі, што колісь тут вырошчвалі і прадавалі на базары, разыходзіліся, як казалі, у адзін момант, як і парасяты, як і малочныя прадукты. Бо ўсё было вельмі якаснае, добрае, смачнае…
Шчодрая балашоўская зямля і на неардынарных людзей. Дзесьці ў пачатку ХХ стагоддзя нарадзіўся тут чалавек па прозвішчы Нікодым, жыў ён у вёсцы прыкладна да сярэдзіны ХХ ст. У свой час, казалі, скончыў гімназію, разумны быў чалавек, умеў чытаць і пісаць. Але цікава іншае. Як успамінаюць сталыя балашоўцы, ён мог лячыць людзей і нават прадказваць будучыню. І тое, што ён колісь казаў, збываецца зараз. Была тут і яшчэ адна мясцовая знакамітасць па прозвішчы “Лабус”. Гэты чалавек заўжды ўсім дапамагаў у горы, лячыў… Жыве ў вёсцы мнагадзетная маці, бабуля, шчодрай душы чалавек — Валянціна Сцяпанаўна Долбік. Добрая слава ідзе аб ёй, яна таксама дапамагае людзям як народная лекарка. І ў горы, і ў радасці жыхары стараюцца быць заўжды разам, падтрымліваюць адзін аднаго. Колісь на Тройцу тут правілі кірмаш. Не было такой хаты ў гэта свята, каб у ёй не было гасцей. У каго — больш, у каго — менш. Дзень і ноч гулялі, песні спявалі, танцы былі пад гармонік і баян… Весела адзначалі як савецкія святы, так і рэлігійныя, хоць іх тады і забаранялі.
А зараз шмат чаго ўжо няма, і жыццё мяняецца, і насельніцтва старэе. Па перапісу на 1.01.2011г. у вёсцы Балашэвічы налічвалася 332 жыхары, у тым ліку дзяцей да 15 год — 48 чалавек. Пенсіянераў — 110. Вось так дзесьці за апошнія сорак год насельніцтва зменшылася ў вёсцы болей чым напалову. А што наперадзе? Ці трэба загадваць аб гэтым? Але час ідзе…
Іна КІРЫНА