ДЗІКАЕ — КІРАЎСКАЕ
Кіраўскае і Дзікае — гэта розныя назвы аднаго і таго ж населенага пункта ў Глускім раёне. Ён размешчаны непадалёк ад аўтадарогі Глуск — Бабруйск, што вядзе праз Вільчу, за 11 км у паўднёва-ўсходнім накірунку ад Глуска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы. Да Магілёва ад пасёлка Кіраўскае 160 км. Назву Дзікае пасёлак меў да 1961 года, але ў народзе яна засталася і да нашых дзён. Скажы “Дзікае”, і амаль усе ведаюць, што гэта пасёлак Кіраўскае. Дзікае — назва-характарыстыка, характарызуе прыроду мясцовасці, сярод якой знаходзілася паселі-шча. Калісьці ў гэтых мясцінах сярод балота, якое называлася Дзікае, у лясным гушчары быў хутар з такой жа назвай. Хутар — гэта паселішча, якое было асабліва распаўсюджаным у пачатку XX стагоддзя пасля сталыпінскай рэформы. Старыя хутары — гэта звычайна адна хата, а побач — гаспадарчыя пабудовы. Іншы раз такі хутар даваў пачатак цэламу паселішчу. Па меры драблення сем’яў з’яўляліся новыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Непадалёк ад хутара Дзікае прыгажосцю цешыла вока жыхароў возера, якое таксама называлася Дзікае. Яно і зараз красуецца сярод сасновага лесу. Па выніках даследаванняў, што праводзіліся тут у 50-х гадах XX стагоддзя, плошча возера па люстры вады складае 29,8 гектара, максі-мальная глыбіня возера 3,5 метра, берагі абрывістыя, а дно яго пакрыта сапрапелямі таўшчынёй да 3 метраў, крэменязёмістага тыпу, запасы якога складаюць 336 тыс. м куб. Сапрапель — гэта арганічны глей, утвараецца ён у арганічным асяроддзі з расліннага і жывёльнага планктону і рэшткаў мікрафітаў, якія адміраюць і не поўнасцю распадаюцца. Колер сапрапеляў бывае ад папяліста-шэрага да цёмна-карычневага, а ад мінеральных прымесяў — светла-шэры. Злучана возера Дзікае ручаём з ракой Лісай, якая працякае па землях нашага раёна і з’яўляецца правым прытокам Прыпяці. Вось тут, у межах хутара Дзікае, возера Дзікае і іх наваколлі, яшчэ ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя былі выяўлены вялікія запасы торфу. А пад пластом залежаў торфу на Дзікім балоце адкрыта і радовішча сапрапелю, запасы якога ў той час складалі 1,9 млн м куб. Непадалёк ад Дзікага балота, праз шлях, на поўнач ад Кіраўскага знаходзіцца яшчэ адно балота — Голае, верхавога тыпу, але яно добра не даследавана. Плошча запасаў сапрапелю на балоце складала 1386,7 га, сярэдняя глыбіня залягання — 2,7 метра, агульныя запасы торфу-сырцу ў гэтых мясцінах — 37440,9 тыс. м куб. Па якаснай характарыстыцы тарфяныя запасы адносіліся да верхавога тыпу тарфянікаў, дзе-нідзе меліся дзялянкі пераходнага і нізіннага тыпу. Але ў часы паводкі тарфянікі ніколі не затапляліся.
У выніку пасляваенных даследаванняў, што праводзіліся на Дзікім у 50-ыя гады XX стагоддзя, было створана тут торфапрадпрыемства, якому таксама была дадзена назва Дзікае. Адразу праца па здабычы торфу вялася ўручную. Заводаўпраўленне знаходзілася ў в.Туголіца Бабруйскага раёна, прамысловая ж здабыча торфу з дапамогай машын пачалася з 1956 года, з гэтага часу і пайшло развіццё пасёлка Дзікае. У 1957 годзе кантору з Туголіцы перавялі на Дзікае. Вось што пісала раённая газета “Сацыялістычная вёска” 1 студзеня 1958 года: “Гадавы план на торфапрадпрыемстве “Дзікае” выкананы на 110%. Сёння на тэрыторыі прадпрыемства ўзвышаецца прыгожы дванаццацікватэрны дом. Будаўнікі не спыняюцца на дасягнутым, яны стараюцца хутчэй увесці ў дзеянне запланаваныя аб’екты. Напярэдадні 40-годдзя Савецкай улады здан у эксплуатацыю новы магазін”. Тэхніка, што прыйшла на торфапрадпрыемства “Дзікае”, забяспечвала поўную механізацыю ўсяго працэсу здабычы торфу. Адразу гэта была багерна-элеватарная машына, якая мела аднарадную каўшовую раму і канатны транспарцёр, пазней пачала працаваць такая ж машына, толькі з паравым рухавіком. Тэхніка ўвесь час удасканальвалася. І вось ужо на торфапрадпрыемстве “Дзікае” працуе высокапрадукцыйны экскаватар, які атрымаў шырокае прымяненне на ўсіх торфараспрацоўках Беларусі. Гэта быў 1962 год. Экскаватар працуе з дзвюма сцілачнымі машынамі, якія тарфяную сумесь, што даставаў экскаватар, фармавалі ў “кірпічыкі” рознай велічыні і адразу высцілалі іх у рады для сушкі, якіх было ад аднаго да васьмі. Як толькі торф прасушваўся, яго ўздымалі машынамі для далейшага дасушвання і ўборкі ў валкі вышынёй 300-400мм і шырынёй 500мм. Гатовы торф адпускалі на патрэбы насельніцтва, і каштаваў ён зусім нядорага. Расла здабыча торфу, рос і пасёлак Дзікае. Па тыпавому праекту пабудавана сталовая на 50 месцаў — цагляны будынак з пячным ацяпленнем, водаправодам і каналізацыяй, а таксама два магазіны. У 1957 годзе пабудавалі ўжо і дзіцячы сад-яслі на 80 месцаў, таксама цагляны будынак. У 1958 годзе будаўнікі здалі амбулаторыю з зубным кабінетам, яе загадчыцай працавала Я.С.Астаховіч, акушэркай А.І.Рудэнка. У гэтым жа годзе да паслуг насельніцтва з’явілася лазня на 30 памывачных месцаў — гэта быў цагляны будынак з цэнтральным ацяпленнем. У пасёлку ўжо былі і цэнтральны водаправод, і кацельня, і каналізацыя, і ўсе іншыя зручнасці, неабходныя для добрага пражывання працаўнікоў торфапрадпрыемства, з развіццём якога прыток жадаючых тут працаваць і жыць з кожным годам павялічваўся. Быў у пасёлку і клуб, дзе маглі адпачываць і бавіць вольны час усе жадаючыя, адразу ён знаходзіўся ў прыстасаваным памяшканні, а потым, у 1961 годзе, пабудавалі новы будынак клуба — з глядзельнай залаю і вялікім фае для танцаў узімку, летам жа ўсе весяліліся на танцпляцоўцы. Шмат прыязджала сюды па вечарах моладзі з навакольных вёсак.
У тым жа 1961 годзе і торфапрадпрыемства, і пасёлак Дзікае былі перайменаваны ў Кіраўскае. Кіраўскае — назва мемарыяльная, дадзена ў гонар вядомага дзеяча камуністычнай партыі Сяргея Міронавіча Кірава. Быў у пасёлку і інтэрнат, у двух пакоях якога размяшчалася пачатковая школа. Першымі яе настаўнікамі былі Н.А.Буднік (загадчыца) і А.Л.Чабан (настаўніца). Вучні старэйшых класаў хадзілі ў Карпавіцкую сямігодку. Няблізкі шлях даводзілася кожны дзень пераадольваць дзецям, якіх у той час налічвалася ў пасёлку 192. Таму і ўзнікла пытанне аб будаўніцтве сваёй школы. І пачалася гэта праца. Школьны будынак размясцілі на асобным участку ў цэнтральнай частцы пасёлка, у зялёнай паркавай зоне. Месцазнаходжанне школы было вельмі зручным, што забяспечвала цішыню і спакой заняткаў. Цагляны двухпавярховы будынак з прасторнай спартыўнай залай, майстэрнямі для працоўнага навучання, класы знаходзіліся з паўднёвага боку. Пры школе працаваў інтэрнат, дзе жылі дзеці навакольных сёл. Здадзены для навучання будынак школы быў у 1964 годзе. Першым дырэктарам Кіраўскай школы прызначана С.Р.Агранат, завучам А.П.Мухін.
Торфапрадпрыемства працавала ста-більна, з перавыкананнем плану, будавалі-ся дамы для яго працаўнікоў, штат якіх павялічваўся. Паводле перапісу насельніцтва 1970 года, у пасёку Кіраўскае налічвалася 418 жыхароў. У 1971 годзе там быў утвораны сельскі Савет, першым яго старшынёй абраны В.С. Ашурка. Пасёлак Кіраўскае стаў цэнтрам сельсавета. У склад сельсавета ўвайшло 10 вёсак саўгаса “Вільча” і калгаса “Звязда”, большасць якіх размяшчалася ўздоўж дарог, што вялі на Глуск. Убаку заставаліся толькі тры населеныя пункты — Прывароцце, Доўгі Лес і Кляшчоўка. Сельсавет налічваў 574 двары і 1095 жыхароў, амаль палова якіх была жыхарамі пасёлка Кіраўскае. У гэты час там працавалі аддзяленні ашчаднага банка, сувязі, бібліятэка. Крыху пазней колькасць двароў сельсавета павялічылася да 728. Людзі будаваліся, з’яўляліся новыя сем’і, амаль усе трымалі асабістую гаспадарку: кароў было 429 галоў, свіней 787 галоў. Запасы торфу былі вялікія, але і распрацоўка яго была таксама вялікая. Здабыча торфу павялічвалася з кожным годам, і аб’ёмы запасаў сталі скарачацца: усё не бязмежнае… І як вынік — пачалі скарачацца аб’ёмы работ, пачалі звальняцца працуючыя. У 1974 годзе торфапрадпрыемства “Кіраўскае” аб’ядноўваюць з торфапрадпрыемствам “Рэдкі Рог” Бабруйскага раёна, дырэктарам якога быў М.І.Крук, а вось начальнікам торфаўчастка “Кіраўскае” прызначаны А.П.Пінчук, якога ў 1974 годзе змяніў Г.Б.Леаненя. З 1985 года на тофаўчастку “Кіраўскае” пачалі здабычу дробнакускавога торфу, дзеля чаго была набыта новая спецыяльная машына, якая працавала ў комплексе з існуючымі тут машынамі па сушцы, уборцы і складзіраванні торфу. Торф ішоў на ацяпленне хат і кватэр жыхароў не толькі нашага, але і навакольных раёнаў.
Аднак і гэта торфараспрацоўка скарачалася, людзі прадаўжалі раз’язджацца з пасёлка. У 1996 годзе там ужо налічвалася толькі 73 двары і 133 жыхары. І вось дзесьці ў 1998 годзе торфаўчастак “Кіраўскае” закрылі зусім. Апусцелі кватэры, двары, значна зменшылася колькасць дзяцей, закрылася школа, на базе якой некаторы час працаваў вучэбна-вытворчы камбінат, потым ваенна-спартыўны летні лагер для вучняў спартыўных класаў раёна. Зараз у будынку былой школы знаходзіцца прыватнае прадпрыемства па вырабу мэблі. Пасёлак Кіраўскае, які добра і хутка пачаў расці, усяго за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў прыйшоў амаль да свайго першапачатковага ўзроўню. Зараз тут засталіся магазін і паштовае аддзяленне, медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляе фельчар, які сюды прыязджае ў вызначаныя дні. Няма цэнтральнага ацяплення. На гэтым фоне адносна добра выглядае Кіраўскае лясніцтва, дзе працы па-ранейшаму хапае. Ды гэта і не дзіўна: куды ні кінь вокам, пасёлак ахінае лес. У хуткім часе тут плануюць устанавіць камеру з радыусам ахопу 30 км, можна будзе прыблізіць і добра разгледзець розныя аб’екты. Усё гэта для таго, каб хутчэй заўважыць, а значыць, і ліквідаваць лясныя пажары і не толькі.
Зараз у пасёлку Кіраўскае, на 1 студзеня гэтага года, жыве 51 сям’я, а гэта ўсяго 76 жыхароў, з якіх 50 чалавек — пенсіянеры і адзін вучань да 15 гадоў. Так, было торфапрадпрыемства, была праца, гуртаваліся людзі, а не стала яго — пусцее і наваколле. Магчыма, нездарма так у народзе і засталася назва гэтага месца — Дзікае.
Іна КІРЫНА