Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад
Працяг. Папярэдняя частка — у № 99 за 2024 год
№ 26, 9 красавіка 1994 года
“Маладая жанчына была настолькі ўсхвалявана, што пачала свой эмацыянальны маналог, ледзь пераступіўшы парог рэдакцыйнага кабінета. І самае дзіўнае па цяперашняму часу, што не аб “бытавых балячках” быў яе клопат. Не аб холадзе ў кватэры, не аб незавезеным газавым балоне, не аб даху, што працякае, крыўдзе на прадаўцоў… Проста выпадкова яна стала сведкай таго, як нейкі мужчына, зладзеявата азірнуўшыся па баках, выкінуў з машыны прыгожую кошку. Швырнуў яе падалей і націснуў на газ. Ды толькі паспела нумар убачыць, па якому пазней не паленавалася знайсці яго, пагаварыць, вытлумачыць прычыны, сама падабраўшы цяпер ужо бяздомнага ката… “Выхаваўчая” мера маёй субяседніцы дала свой плён: чалавек той паабяцаў вярнуць кошку па месцу былой “прапіскі”. (Пра кіску, “віскас” і добрыя адносіны да жывёлы…)
“31 сакавіка мясцовы жыхар Я. захацеў пакатацца на чужой машыне. Ноччу ён ад дома 58, што па вуліцы Кірава, угнаў КАМАЗ, які следаваў транзітам з Калінінграда ў Яраслаўль. Праз паўтары гадзіны ўгоншчык быў затрыманы. <…>
Па-брацку падзяліла загадчыца склада аб’яднання грамадскага харчавання дыетычны сыр. Тры флягі аддала работнікам склада і адну ўзяла сабе. <…>
Мясцовы жыхар Глуска Ц. скарыстаўся бескантрольнасцю работнікаў каўбаснага цэха, дзе не было ніякіх надзейных запор, і залез у памяшканне. Адтуль украў 7 кілаграмаў сала. Па гарачых слядах злодзея затрымалі”. (Крымінальная хроніка)
№ 27, 13 красавіка
“<…>Створана, напрыклад, спецыяльная брыгада з 6 чалавек, якая займаецца добраўпарадкаваннем гарадскіх могілак… За апошнія гады на іх тэрыторыі ў многіх месцах утварыліся сапраўдныя звалкі смецця, высахшыя дрэвы пагражаюць упасці і прынесці велізарную шкоду размешчаным паблізу помнікам. Словам, і тут, у гэтым святым для нас месцы, дзе пахаваны нашы родныя і блізкія, патрэбна наша ўвага і клопат.
У навядзенні парадку ў горадзе могуць аказаць пасільную дапамогу школьнікі райцэнтра, а таксама работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. За працоўнымі калектывамі ў горадзе замацаваны ўчасткі для ўборкі і падтрымання тут належнай санітарнай культуры. Аднак пакуль што ніхто не спяшаецца выйсці на іх уборку. Таму варта зноў аднавіць так званыя “чыстыя пятніцы” — санітарныя дні…” (Каб кожны не стаяў збоку)
№ 28, 16 красавіка
“Рашэннем выканкома Глускага пасялковага Савета народных дэпутатаў ад 30 сакавіка 1994 года 19 грамадзянам Глуска перададзены ў прыватную ўласнасць зямельныя ўчасткі для абслугоўвання жылога дома і вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. <…> Зараз у пасялковым Савеце чакаюць свайго разгляду яшчэ 40 заяў грамадзян, якія выказалі жаданне набыць свае землі ў прыватную ўласнасць”. (Першыя ўласнікі зямлі)
№ 29, 20 красавіка
“Толькі на тыдзень на працягу сакавіка-красавіка спынялася работа ў цэхах малога прадпрыемства “Надзея”.
— Асноўныя прычыны такога становішча — цяжкасці, звязаныя з набыццём сыравіны, — гаворыць дырэктар Валянціна Мікалаеўна Дашкевіч. — Раней нашым галоўным пастаўшчыком тканіны быў Баранавіцкі баваўняны камбінат, але з-за частых яго прастояў мы не можам своечасова атрымаць неабходную колькасць сыравіны. Таму шукаем і знаходзім сабе пастаўшчыкоў у Расіі. <…> Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца шырокім попытам у спажыўцоў. Нягледзячы на вялікія цяжкасці з сыравінай, калектыў “Надзеі” працуе з прыбыткам. Гэта дало магчымасць у дні прастою аказаць матэрыяльную дапамогу рабочым, якія не працавалі”. (“Надзея” падае надзею)
№ 31, 27 красавіка
“Брыгада Баянава далёка не з самых маленькіх у калгасе. Калі вясна прыходзіць і ў людзей самая пара прысядзібнымі ўчасткамі ўшчыльную заняцца, ідуць яны да мяне, брыгадзіра. Маўляў, дапамажы, выручай, Надзея Якаўлеўна, трэба ж участкі ўзараць.
У былыя гады з такой задачай мы лёгка спраўляліся. Некалькі дзён хапала, каб трактарыст мог усім дапамагчы. Цяпер жа такая бяда, што хоць самім запрагайся. Мяркуйце самі: 45 двароў, а коней, як кажуць, на адну запрэжку… А што зробіш, калі трактары на прыколе без саляркі застралі? Шчыра прызнаюся, мне ўжо пад семдзесят, брыгадзірам таксама далёка не першы год, а такога сораму, такога бяссілля ніколі не адчувала. Канец красавіка, але амаль ніхто яшчэ такой важнай для сябе, кожнай сям’і работы не зрабіў… Н. Радзько, брыгадзір калгаса “Радзіма”. (Хоць самім запрагайся)
“Павер мне, паважаны чытач, што вельмі не хацелася брацца за пяро, але гора прымусіла. Тое самае гора, з якім “змагаўся” ў свой час Францішак Багушэвіч, наш вядомы паэт-дэмакрат… Прымяраеш верш паэта да нашага цяперашняга жыцця і здаецца часам, што жывеш не ў ХХ, а ў адным стагоддзі з нашым незабыўным Францішкам.
Вось нядаўна напакаваў я сумку розных бутэлек і панёс іх (хоць далекавата) на прыёмны пункт тары… Людзі, што таўпіліся тут, як і я, павыстаўлялі на прылавак бутэлькі з-пад піва, мінеральнай вады, гарэлкі, масла расліннага, банкі рознага памеру. Але прыёмшчыца тары… павыбірала бутэлькі толькі з доўгімі “горламі”, а з кароткімі адправіла ўсіх здатчыкаў дадому: маўляў, няма на гэты посуд тары. Што гэта — ашуканства ці знявага?.. А яшчэ раней давялося неяк здаваць у гэтай жа кропцы бутэлькі. То не былі прыняты тыя з іх, у якіх на баку аказалася палоска.
— Гэта бутэлькі для тэхнічных патрэб, — растлумачыла мне прадавец.
І як я ні стараўся даказаць, што дагэтуль у гэтым посудзе захоўвалася гарэлка (аб чым сведчыла і этыкетка на бутэльцы), мне прыйшлося пайсці ад прылаўка нясолена хлябаўшы. Выходзіць, калі я купляў у гэтай бутэльцы гарэлку, з мяне быў узяты яе кошт (так называемая залогавая цана), але вось атрымаць назад свае грошы не ўдалося. Выходзіць, абдурылі?.. М. Мельнікаў, ветэран вайны і працы”. (Аперацыя “Тара”)
Працяг будзе.
Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ