Темы

З блакнотам па раёне: Калаціцкі сельсавет

З блакнотам па раёне: Калаціцкі сельсавет

Шчаслівая лічба 13. Для Калаціцкага сельсавета гэта так, бо на яго тэрыторыі размешчана менавіта столькі населеных пунктаў, большых, меншых і зусім маленькіх, калі ацэньваць іх па колькасці насельніцтва.

“Усяго ў нас на пачатак гэтага года зарэгістравана 869 чалавек, — расказвае старшыня  Калаціцкага сельскага Савета Андрэй Баброўнік. — Найбольшая колькасць пражывае ў аграгарадку Калацічы, больш за паўтысячы чалавек, потым ідуць Макавічы, там зарэгістравана каля ста вяскоўцаў, а трэцяе месца па колькасці пражываючых дзеляць Барысаўшчына і Заполле, у кожнай вёсцы ў пачатку года было па 57 жыхароў. У астатніх колькасць насельніцтва вагаецца ад некалькіх дзясяткаў пражываючых да некалькіх чалавек. Сама меней, па 4 жыхары, засталося ў Красным, Макранах, Юзафова і Масцішчы. У працаздольным узросце — больш за палову вяскоўцаў, трэцюю частку насельніцтва складаюць пенсіянеры, ёсць моладзь і дзеці — прыкладна па сто чалавек. Вось такая наша вясковая дэмаграфія”.

Моладзь

На тэрыторыі Калаціцкага сельсавета размешчаны два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, гэта Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне і эксперыментальная база “Глуск”, яе кантора знаходзіцца якраз у цэнтры аграгарадка. Сюды мы і накіраваліся з Андрэем Аляксандравічам, каб сустрэцца і паразмаўляць з маладымі спецыялістамі, што прыбылі па размеркаванні. Сяголета іх тут сем чалавек, але на месцы мы засталі толькі трох: бухгалтара Кацярыну Аношку, інжынера па працаёмкіх працэсах Данііла Данчанку і загадчыка рамонтнымі майстэрнямі Сямёна Камардзіна. Высветлілася, што Кацярына практычна наша суседка, з Бабруйска, там і вучылася ў аграрна-эканамічным каледжы, Данііл скончыў сельгасакадэмію ў Горках, ён прыехаў здалёк, аж з Віцебшчыны, а Сямён — былы сталічны жыхар, выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Андрэй Баброўнік пацікавіўся, як ім працуецца, як вырашана жыллёвае пытанне. Уладкаваны ўсе,  адны з прыбыўшых спецыялістаў палічылі за лепшае здымаць кватэры ў Глуску,  гаспадарка часткова аплочвае ім выдаткі, другія атрымалі пакоі ў інтэрнаце. Што да працы, то тут усё проста: станавіся і працуй.  Адметна, што завышаных патрабаванняў ні яны, ні да іх не прад’яўляюць. Дарэчы, хлопцы падышлі да нас крыху пазней: рамантавалі генератар. Адрамантавалі — значыць, ведамі і практычнымі навыкамі валодаюць.

Ці застануцца яны ў гаспадарцы надалей, мы не пыталіся і самі гадаць не будзем. Было б добра, каб засталіся, разважае Андрэй Аляксандравіч, нам моладзь патрэбна, за моладдзю будучае.

У дзіцячым садку

І мы кіруемся ў Калаціцкі дзіцячы садок, гэта адзіны сельскі садок у раёне, сюды прывозяць дзетак з Бярозаўкі, Зубарэвіч, Ольніцы, Дубровы, Турыно, Даколі ну і, вядома, з саміх Калаціч, расказвае выхавацель Рыта Пятрова, працуюць тут дзве групы, другая малодшая і рознаўзроставая. Усяго садок сяголета наведвае 31 дзіця. Для іх тут створаны добрыя ўмовы: мы, як толькі зайшлі, адчулі апетытны пах хуткага абеда, на калідорах і ў групах чыста, прыгожа і ўтульна, шмат цацак і для цікавага баўлення часу, і для развіцця. 

“Тэрыторыя дзетсада заўсёды ўтрымліваецца ў парадку, — тлумачыць Андрэй Аляксандравіч, — за гэты аб’ект, а ён, лічы, у цэнтры аграгарадка, я магу быць спакойным, тут чыста, пакошана, што патрэбна — пафарбавана. І ранішнікі праходзяць цікава, выхавацелі вельмі стараюцца, я часам заходжу сюды і бачу ўсё гэта. Адзінае — каб дзяцей паболей. Моладзі да 30 гадоў на тэрыторыі сельсавета пражывае 96 чалавек. Так што перспектыва ёсць”.

Ухвальна Андрэй Баброўнік сказаў і пра Калаціцкі сельскі Дом культуры з сельскай бібліятэкай: і будынак, і ў будынку тут усё на ўзроўні, свае і прыезджыя артысты даюць канцэрты, да свят ладзяцца цікавыя вечарыны, людзі задаволены. Загадчыца СДК на сваім месцы.  Тое самае можна сказаць і пра работу калюжскага ФАПа, паштовага аддзялення ў Калацічах — людзі сюды ідуць, вяскоўцам гэтыя аб’екты патрэбны.

Прыватная ініцыятыва

Пра тое, што аграгарадок  мае перспектыву, гаворыць і той факт, што тут ёсць прыватны прадуктовы магазін.

“У Калацічах мы працавалі і раней, праўда, у іншым месцы, арэндавалі памяшканне ў цэнтры, цяпер набылі ўласны будынак, былы магазін райпо, па вуліцы Садовай, як тут кажуць, “на вёсцы”, — расказвае індывідуальны прадпрымальнік Ігар Арашкоў. — Зрабілі рамонт і вось з пачатку лета працуем тут. З пераездам на новае месца пакупнікоў сваіх не страцілі, яны як хадзілі да нас, так і ходзяць, а мы стараемся прывабліваць іх шырокім асартыментам і ветлівым абслугоўваннем”.

Так, паліцы ў магазіне не пустыя, асартымент тавараў шырокі, на ўваходзе зроблена зручная зона з лавачкамі і сталом — пакупкі ў сумку скласці ці проста пасядзець у чаканні прывозу свежага хлеба ці малочкі.

“Гэта яшчэ адно месца на вёсцы, за якое магу не хвалявацца, — кажа Андрэй Баброўнік. — Гаспадар зрабіў рамонт унутры будынка, будзе прыводзіць яго ў належны стан і звонку, ужо зараз тут вакол чыста, растуць кветкі, ёсць камеры відэаназірання. Да таго ж тут створана адно рабочае месца, прадаўца, што ў сельскай мясцовасці вельмі важна. Словам, парадак ва ўсім”.

Магазін — месца прыцягнення

Амаль усе вёскі Калаціцкага сельсавета абслугоўваюцца аўтакрамамі Глускага райпо, двойчы на тыдзень. Стацыянарная гандлёвая кропка спажывецкай кааперацыі працуе ў Калацічах. Алена Старавойтава, прадавец тутэйшага магазіна “Бярозка”, добра разумее, што  ў вёсцы гэта не толькі месца, дзе можна набыць неабходныя прадукты і рэчы, гэта месца, дзе вяскоўцы сустракаюцца (часам нават суседзі толькі ў магазіне і пабачацца), абменьваюцца навінамі.

“Людзям патрэбны зносіны, — кажа прадавец, — і да людзей патрэбен падыход. Я пакупнікам заўсёды рада, мясцовых усіх ведаю, папытаюся пра справы, падкажу, што купіць, — і яны задаволены, і тавараабарот не зніжаецца. Асартыментны пералік у нас вытрымліваецца, магазін задавольвае патрэбы аграгарадкоўцаў, для пенсіянераў прадугледжаны сацыяльныя зніжкі, а канкурэнцыя з боку прыватніка толькі падштурхоўвае працаваць лепш”.

“Так, і магазін у вёсцы — знакавае месца, месца прыцягнення, — гаворыць старшыня сельскага Савета, — і прадавец — паважаны чалавек. А наша Алена Аляксандраўна дык яшчэ і дэпутат сельскага Савета, яе людзі выбралі, за яе прагаласавалі, значыць, давяраюць ёй”.

У занятках і клопаце

Пра людзей у нас з Андрэем Аляксандравічам была асобная размова. Тэндэнцыя паступовага старэння насельніцтва, на жаль, не абмінае ні вялікія гарады, ні тым больш невялікія вёскі. У маланаселеных застаюцца ў асноўным старажылы, але добра, што апошнім часам усё больш спадчыннікаў вяртаецца на бацькоўскія ды дзедаўскія селішчы, даглядае, абнаўляе іх, хаця б на лета вяртае туды жыццё. “Я ўдзячны ўсім нашым жыхарам, і пастаянным, і часовым, хто падтрымлівае парадак у сваіх домаўладаннях і вакол іх, — кажа Андрэй Баброўнік, — хто праяўляе ініцыятыву, упрыгожвае і добраўпарадкоўвае наваколле — для сябе і для іншых. Такіх людзей шмат, ёсць яны літаральна ў кожнай вёсцы сельсавета”.

Няпраўду кажуць, што ў вёсцы сумна, няма чаго рабіць, дадае старшыня сельскага Савета і знаёміць мяне з сям’ёй Насановічаў, Васілём Міхайлавічам і Таццянай Мікалаеўнай. Жывуць яны якраз насупраць новага магазіна, такому суседству вельмі ўзрадаваліся, самі яны людзі адкрытыя, шчырыя, цікавыя. Абодва ўжо на заслужаным адпачынку, але вельмі актыўныя, пра тое, што на пенсіі няма чаго рабіць і вольнага часу няма куды дзяваць, і слухаць не хочуць, бо ў іх спраў і розных заняткаў шмат — толькі паспявай, шавяліся. Таццяна Мікалаеўна, акрамя звычайных жаночых клопатаў (прыбраць, наварыць, пасеяць, прапалоць, нарыхтаваць), займаецца вязаннем, стварае і карысныя рэчы, прадметы адзення, сурвэткі, і мяккія цацкі, вось задумала і вяжа жывёл — сімвал кожнага года, у яе гэта вельмі прыгожа атрымліваецца. Двор патанае ў кветках, у асобным куточку перад домам пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы і кусты (асабліва нам спадабаўся кіпарыснік), стаіць скамейка — садзіся і адпачывай, любуйся прыгажосцю. Васіль Міхайлавіч узяўся быў за пляценне кошыкаў з лазы. “Наплёў і сабе на ўсякую патрэбу, і сваякам параздавалі, колькі тых кошыкаў трэба, — гаворыць ён, — цяпер ужо гэтым не займаюся”. Цяпер асноўны занятак і клопат гаспадара — вінаград, з-за яго нават рыбалку закінуў, жартам скардзіцца ён. І праўда, вінаград у Насановічаў утрымліваецца ў асаблівым парадку: кожная галіна да шпалеры прымацавана асобна, а буйныя гронкі — у торбачках з сеткі — паратунак ад вос, бо на гэту ягаду яны асабліва падкія. Сур’ёзна вырошчваннем вінаграду Васіль Міхайлавіч займаецца гады тры і прыйшоў да высновы, што гэта культура патрабуе шмат часу, калі хочаш атрымаць сапраўды добры ўраджай. Мы з Андрэем Аляксандравічам пакаштавалі — ягады амаль празрыстыя і сапраўды салодкія, як мёд.

Прыгожа і з камфортам

Наступны адрас і наступная сустрэча пацвердзілі  думку, што і ў сельскай мясцовасці можна жыць прыгожа, зручна, з камфортам. Дом Алены і Юрыя Чорных адзін з самых дыхтоўных і дагледжаных у аграгарадку, густ і ўмелыя рукі гаспадароў чытаюцца ўжо з самага ўваходу — ад скамейкі, каліткі і нумара дома. Кожнае з захапленняў гаспадыні вартае асобнага апісання. У двары мноства кветак — і ў зямлі, і над зямлёй (на клумбах, на падстаўках, у падвясных кашпо). Дарэчы, і падвазоннікі там ёсць незвычайныя, гэткую службу цяпер служаць былыя вясковыя чыгункі, толькі пафарбаваныя ў вясёлы колер — выйшла зручна і прыгожа. Назвы раслін я нават не старалася запомніць, бо і раслін шмат, і назвы надта ж экзатычныя. У асобным месцы на верандзе гаспадыня сабрала сапраўдны рэтракуток са старых і старажытных рэчаў, а ў пакоях сцены ўпрыгожваюць выкладзеныя ёю карціны з алмазнай мазаікі. А вось драўлянае аздабленне дома — справа рук яго ўмелага гаспадара Юрыя, разьба па дрэве — гэта яго занятак, і не адзіны, бо невялічкі зграбны трактарчык, што стаяў у двары, ён таксама сабраў сам і ездзіць на ім на паляванне. І пафарбаваў жа так прыгожа! Разглядаючы ўсю гэтую разнастайнасць, мы нават забыліся, што прыйшлі сюды з іншай мэтай: распытаць пра асабістую падсобную гаспадарку, якую трымае сям’я. На маё пытанне Алена Іванаўна, смеючыся, кажа: “Ат, якая там гаспадарка, кот, сабака і я небарака”. Насамрэч каты ў іх два, сабакі таксама два, а яшчэ свінні, сем галоў, і куры — нялічаная колькасць (так гаспадыня і сказала). Агарод тут, каля хаты ў Калацічах, і ўчастак у Дуброве, бацькава селішча. Як яны з усім гэтым спраўляюцца, я зразумець не змагла. Скажу тое, што людзі на вёсцы пра Чорных кажуць: там падабраліся абодва роўныя, што ён, што яна, у іх у руках усё ідзе спарней, энергічныя ды спрытныя, не прагуляюць, не пасядзяць. Ну дык затое ж і маюць — шыкоўны дом, як лялька, усё ў доме і вакол яго.

Праблемныя кропкі

Між намі кажучы, старшыня Калаціцкага сельскага Савета яшчэ хацеў павесці да людзей, цікавых і працавітых, ды я ўжо запрасілася спыніцца, а размову перавяла на праблемы і пытанні, з якімі людзі звяртаюцца да сельскай улады. І першае, пра што сказаў Андрэй Аляксандравіч, гэта адсутнасць вады ў вёсцы Заполле. Там і раней, асабліва ў засушлівы перыяд, быў слабы напор, а за гэтае лета ўзровень грунтавых вод знізіўся настолькі, што вады ў вёсцы не стала зусім. Выйсце — паглыбіць свідравіну, тлумачыць Андрэй Аляксандравіч, зрабіць гэта можа спецыялізаваная арганізацыя, каштуе такая работа нятанна. На жаль, на ўзроўні сельскага Савета гэта праблема не можа быць вырашана: свідравіна не на яго балансе. Ну ды гэта надзвычайная сітуацыя, можна сказаць. А самыя частыя звароты людзей тычацца ў асноўным дарог. Агульная працягласць вуліц і дарог сельсавета — амаль 31 кіламетр, з іх больш за 28 кіламетраў — з удасканаленым пакрыццём, але зроблена яно было шмат гадоў таму, і таму шмат у якіх месцах патрабуецца рамонт. На гэта часцей і наракаюць вяскоўцы. У тых жа Калацічах патрэбен капітальны рамонт Цэнтральнай вуліцы, яго, пры дастатковым фінансаванні, плануюць зрабіць на наступны год. У Макавічах патрабуе падсыпкі таксама Цэнтральная вуліца, бо грэйдзіраванне, якое там выконваецца, ужо не дапамагае, пералічвае старшыня сельскага Савета праблемныя кропкі. Пры гэтым нельга сказаць, што дарожная праблема ніяк не рашаецца. Так, сяголета адрамантавалі пад’езды да Барысаўшчыны, да Жалвінца, да могілак у Макавічах, правялі бягучы рамонт дарогі па вёсцы Сельцы. Вядзецца і іншая работа, у прыватнасці, па зносе безгаспадарных дамоў. А яшчэ сяголета абнавілі (рамантавалі і фарбавалі) агароджу ў Калацічах, будынак сельскага Савета.

“Работу плануем і выконваем, зыходзячы са сваіх магчымасцей, найперш матэрыяльных, — кажа Андрэй Баброўнік, — у многім разлічваем на людзей, працуем з імі, тлумачым, даводзім, дамаўляемся, у большасці выпадкаў знаходзім у іх разуменне і падтрымку. Гэта і абнадзейвае”.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара   

Последние новости

Власть

Местная вертикаль, руководители предприятий и замминистры. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

26 сентября 2024
Читать новость
Общество

Единый день безопасности в Центре культуры и досуга «Орион»

26 сентября 2024
Читать новость
Власть

Мир нашему дому. О чем в День народного единства Александр Лукашенко просил соотечественников и предупреждал недругов

26 сентября 2024
Читать новость
Общество

З блакнотам па раёне: Калаціцкі сельсавет

26 сентября 2024
Читать новость
Общество

Единый день безопасности в Республике Беларусь проводится ежегодно 26 сентября

26 сентября 2024
Читать новость
Общество

Сёння — дзень нараджэння Сяргея Іванавіча Грахоўскага, паэта, публіцыста, перакладчыка, нашага земляка

25 сентября 2024
Читать новость

Рекомендуем