Кааперацыя: вынікі і перспектывы

Са справаздачай аб рабоце раённага спажывецкага таварыства ў мінулым годзе і аб планах на гэты перад упаўнаважанымі выступіў старшыня праўлення Сяргей Зубчонак. У прыватнасці, па Глускім райспажыве за 2011 год атрыманы прыбытак у суме 2 мільярды 849 мільёнаў рублёў, так, па гандлі ён складае 1 мільярд 242 мільёны рублёў, па прамысловасці 1 мільярд 75 мільёнаў, па сістэме нарыхтовак — 269 мільёнаў, па грамадскім харчаванні — 242 мільёны, прыбыткова спрацавалі таксама рынкі і непрамысловыя галіны. Станоўчыя моманты і ў тым, што ў мінулым годзе па сістэме райспажыўсаюза паскорылася абарачальнасць тавараў, павялі-чаны аб’ёмы нарыхтовак і платных паслуг. Аднак усё гэта, так бы мовіць, не мяжа магчымага, таму што можна і патрэбна працаваць яшчэ лепш, скарачаць выдаткі па прамысловасці, далей павялічваць экспартныя пастаўкі, пашыраць асартымент і паляпшаць якасць платных паслуг. Прычым як для гарадскога, так і для сельскага насельніцтва. Сёння ў раёне 75 сельскіх населеных пунктаў, дзе пражываюць больш за тры тысячы чалавек, абслугоўваюцца трыма аўтамагазінамі, і ў планах на гэты год набыццё яшчэ аднаго. Плануецца таксама набыць не менш як 8 адзінак халадзільнага абсталявання, адрамантаваць магазін у Старым Сяле і “Спадарожнік” у раённым цэнтры з пераводам яго на самаабслугоўванне, адкрыць бутэрбродную ў Засценку Усцярхі, пры гэтым пачнецца падрыхтоўка ўсёй неабходнай дакументацыі для будаўніцтва яшчэ аднаго новага магазіна ў Глуску па вуліцы Кірава ў раёне “7 вятроў”, ён будзе называцца “Родны кут”. А новы гандлёвы аб’ект — гэта новыя рабочыя месцы, дарэчы, у мінулым годзе іх было створана 6. Праўда, да падбору кадраў патрэбна адносіцца надзвычай адказна і ўзважана, бо ад іх залежыць не толькі якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, але і захаванне матэрыяльных каштоўнасцяў. Так, як стала вядома з выступлення старшыні рэвізійнай камісіі Галіны Багдановіч, за 2011 год па Глускім райспажыве было зарэгістравана 500 выпадкаў недастач на 152 мільёны рублёў, пры гэтым з вінаватых спагнана пакуль не ўся сума, а толькі каля 94 працэнтаў.
Між тым захаванасць матэрыяльных каштоўнасцяў залежыць не толькі ад прафесіяналізму і сумлення прадаўцоў, але і ад тэхнічнай ўмацаванасці гандлёвых аб’-ектаў, і гэта добра разумеюць у праўленні Глускага райспажыва, таму ў мінулым годзе, як зазначыў інжынер арганізацыі Канстанцін Сасноўскі, у 17 магазінах была ўстаноўлена gsm-сувязь, і цяпер у сістэме райспажыва такім чынам ажыцяўляецца ахова ўжо 25 аб’ектаў, астатнія падключаны да пульта кантролю пазаведамаснай аховы. Таксама ў мінулым годзе 4 аб’екты былі абсталяваны камерамі назірання, зараз набыты яшчэ 16 відэакамер для ўстаноўкі ў магазіне “Спадарожнік”. Сярод аб’ектаў, рамонт якіх павінен быць завершаны ў гэтым годзе, кандытарскі цэх, што цяпер размяшчаецца ў адным будынку з камбінатам кааператыўнай прамысловасці. Дарэчы, гэты аб’ект з’яўляецца, можна сказаць, стратэгічным для сістэмы грамадскага харчавання, бо выпуск і продаж кандытарскіх вырабаў, асабліва тортаў, — даволі прыбытковая справа. Мяркуйце самі: толькі перад Новым годам падчас выязнога гандлю ў Акцябрскім раёне было прададзена 400 глускіх тортаў. Няма сумнення, заўважыла начальнік аддзела грамадскага харчавання Тамара Самуйлік, што і сакавіцкія святы ў плане рэалізацыі ўласнай салодкай прадукцыі былі б вельмі прадуктыўнымі. Вялікую карысць у справе рэалізацыі ўласнай прадукцыі і паўфабрыкатаў адыграла б машына шокавай замарозкі прадукцыі, дзякуючы якой тэрмін яе рэалізацыі павялічыўся б да 30-50 дзён. Аднак кошт пытання надта вялікі, таму пра блізкую перспектыву набыцця пакуль што гаворка не ідзе. Не ўдалося выйсці на запланаваны вынік Завалочыцкаму гандлёваму аб’яднанню. Асноўнай прычынай невыканання прагнозных паказчыкаў, па словах яго кіраўніка Людмі-лы Валёхі, стала закрыццё чатырох магазінаў, прычым калі два з іх — па прычыне стратнасці, то магазіны ў Ольніцы і Кіраўскім давялося закрыць з-за адсутнасці кадраў. Свае праблемы ў мясцовых нарыхтоўшчыкаў, калі ў мінулым сезоне добра ішла нарыхтоўка ягад (чарніц больш за 144 тоны, каля 40 тон журавін, 140 тон чарнаплоднай рабіны, 30 тон чорных парэчак), то закуп у насельніцтва мяса ідзе значна цяжэй, і прычына гэтага бачыцца начальніку аддзела нарыхтовак Дзмітрыю Маторанку ў змяншэнні пагалоўя жывёлы ва ўласных гаспадарках грамадзян. Стаўку на пакупніка, на вывучэнне пакупніцкага попыту робяць на ўчастку па вытворчасці хлеба. Як заўважыла яго начальнік Соф’я Яльчык, у мінулым годзе было асвоена 23 віды новых вырабаў. Сяголета павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці таксама плануецца за кошт пашырэння асартыменту чарэневых сартоў хлеба і кандытарскіх вырабаў. А вось, улічваючы тое, што больш за 40 працэнтаў усёй выпускаемай на ўчастку прадукцыі запакоўваецца ў плёнку, плануюць набыццё новай упаковачнай машыны. Калі ж гаварыць пра работу праўлення Глускага райспажыва і ўсёй сістэмы спажывецкай кааперацыі раёна, то ўсе выступаўшыя прапанавалі прызнаць яе здавальняючай. Адзінадушным галасаваннем упаўнаважаных справаздачны сход падтрымаў гэту прапанову і пасля разгляду ўсіх пытанняў парадку дня закончыў сваю работу.
Т.ЛУКАШЭВІЧ