Знаёмствы і спадзяванні маладых педагогаў
З шаснаццаці размеркаваных у Глускі раён маладых спецыялі-стаў у мясцовыя ўстановы адукацыі прыйшлі працаваць адзінаццаць педагогаў (на 22 жніўня). Астатнія — хто пераразмеркаваўся, каго прызвалі ў армію. Афіцыйна першым днём работы маладых спецыялістаў лічыцца 15 жніўня, а вось сапраўднае акунанне ў спецыяльнасць адбылося гэтымі днямі, калі праходзяць прадметныя секцыі, на якіх настаўнікі-прадметнікі абмяркоўваюць новыя планы, праграмы, патрабаванні. Там, на секцыях, адбываецца і першае знаёмства з пакуль што вузкім колам калег, і маладыя педагогі крыху хвалююцца.
— Я лічу, што мне пашанцавала, бо я буду працаваць у той самай школе, дзе вучылася сама. І ўся абстаноўка школы, і педкалектыў мне знаёмы, — разважае выпускніца педуніверсітэта імя М.Танка Наталля Слук. — Праўда, гэта і больш адказна, калі твае настаўнікі становяцца тваімі калегамі. Спадзяюся на іх разуменне, маральную падтрымку і практычныя парады, якія мне, як маладому спецыялісту, будуць вельмі патрэбны.
Наталля Слук прынята на работу ў Бярозаўскі ВПК настаўнікам біялогіі і хіміі. Малады педагог па гэтай жа спецыяльнасці папоўніў калектыў Заеліцкага ВПК, гэта таксама выпускніца педуніверсітэта імя М.Танка Ірына Лаціннік. Скончыла Магілёўскі ўніверсітэт імя А.Куляшова Марыя Арцёменка, яна будзе выкладаць родную мову і літаратуру ў СШ№2, сюды ж размеркавана пасля заканчэння Мазырскага педуніверсітэта і Паўліна Ільічова — настаўнікам гісторыі. Накіравана ў дзіцячы сад №1 выпускніца Рагачоўскага педагагічнага каледжа Юлія Сідарава, яна мае спецыяльнасць “дашкольная адукацыя і замежная мова”. Педагогам дадатковай адукацыі прыйшоў працаваць у Цэнтр турызму пасля Мазырскага педуніверсітэта арганізатар фізкультурна-аздараўленчай работы Юрый Дыба. У гімназію Глуска накіравана Ганна Станкевіч, якая атрымала спецыяльнасць “сацыяльная педагогіка і англійская мова” ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Адразу трох маладых спецыялістаў прымае ў гэтым годзе Завалочыцкі ВПК — гісторыка Алесю Мельнікаву, скончыла Магілёўскі педуніверсітэт, настаўніка пачатковых класаў і замежнай мовы Маю Емяльянаву, выпускніцу Горацкага педкаледжа, і настаўніка пачатковых класаў і беларускай мовы Аксану Наркевіч (Баранавіцкі ўніверсітэт). Юлія Іванова пасля ўніверсітэта імя Танка будзе выкладаць фізіку ў санаторнай школе.
Хто памятае, як пачынаў сам, той зразумее хваляванне маладых. Зразумее і падтрымае, падбадзёрыць і падкажа. Ім на першых парах гэта вельмі патрэбна.
Т.ЛУКАШЭВІЧ
Фота С.РУДЗІНСКАГА
На здымку: малады педагог Наталля Слук