Як Глушчына адзначыла свята аграрыяў
Прыгожа, урачыста і музычна-песенна адзначыла Глушчына прафесійнае свята аграрыяў. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў цэнтры культуры і вольнага часу “Арыён” адбылося святочнае мерапрыемства, дзе ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў і ферм, тых, хто мае дачыненне да перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.
Адметнымі выставамі сустракала ўдзельнікаў свята фае “Арыёна” — тут і ўтульны куток з самаварамі, яшчэ савецкіх часоў вымпелы, якімі адзначалі перадавікоў вытворчасці; рознымі колерамі вабіла вока адмысловая экспазіцыя дароў восені, апетытны пах свежага печыва адчуваўся над паліцамі з прадукцыяй уласнай вытворчасці раённага спажывецкага таварыства; шмат каго зацікавілі стэнды з фотаздымкамі працаўнікоў сяла — і ўсё гэта на фоне жывой музыкі. Цэнтральнае месца займаў важкі каравай — сімвал працы хлебаробаў.
Караваямі новага ўраджаю віталі ў зале і кіраўнікоў мясцовых гаспадарак: Марыю Насановіч (ААТ “Эксбаза “Глуск”), Яўгена Бакача (ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”), Максіма Валадзько (ААТ “Глуская Зара”), Генадзя Маханьку (ААТ “Турыно-агра”), Юрыя Алёхну (ААТ “Зара Камуны”), Валянціна Шостака (ААТ “Глускае РАПТЗ”), а галоўны каравай раёна прымаў старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў.
У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў, што гэта свята аб’ядноўвае ўсіх, хто працуе ў палях, хто разводзіць і вырошчвае жывёлу, вырабляе малако і мяса, гарантуючы тым самым харчовую бяспеку краіны. Надвор’е сяголета не вельмі спрыяла хлебаробам Глушчыны, але яны дабіліся дастойнага выніку. Сельскагаспадарчай прадукцыі выраблена на 47 мільёнаў рублёў, што складае 112,8 % да ўзроўню мінулага года, вытворчасць малака перавысіла 16 700 тон (104 %), а збожжа разам з кукурузай атрымана 22 з паловай тысячы тон, увогуле гэтая культура дала вельмі добры ўраджай: сяголета мы ўпершыню намалацілі больш за 10 тысяч тон зерня кукурузы, што склала 158 % да леташняга ўзроўню. Кіраўнік раёна назваў імёны камбайнераў-тысячнікаў — Сяргея Гаравікова і Аляксандра Нікіценкі (аграфірма “Слаўгарадскі”), Сяргея і Мікіты Прыбышаў (ТАА “БНБК-АГРА Глуск”), Ільі Зайца і Андрэя Няборскага (моладзевы экіпаж “Турыно-агра”), вадзіцеляў-тысячнікаў — Васіля Калецкага і Уладзіміра Самсоненкі (аграфірма “Слаўгарадскі”). Добрых вынікаў дабіліся і жывёлаводы: аператар машыннага даення з “Глускай Зары” Надзея Калянкевіч — сярэдні ўдой малака на карову 4140 кг (108,8 % да леташняга ўзроўню), найбольшыя сярэднясутачныя прывагі маладняку на дарошчванні атрымала Юлія Крук (“Зара Камуны”) — 708 грамаў, або 110 % да 2023 года. Грубых і сакавітых кармоў у раёне нарыхтавана больш за 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву (плюс 2,6 цэнтнера да 2023 года). Узноўлены пасевы азімага рапсу і азімай свірэпіцы, для павышэння кармавой базы пасеяна 900 га кулісных пасеваў азімай свірэпіцы і азімага жыта. Згадаў кіраўнік раёна і маладое папаўненне: сяголета ў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна прыйшлі 36 маладых спецыялістаў, хочацца спадзявацца, што яны будуць добра працаваць і зробяць свой унёсак у развіццё гаспадарак і раёна. Усё, чаго дабіліся і дасягнулі, дазваляе дастойна завяршыць год, павысіць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавы перыяд і падрыхтавацца да вясенніх палявых работ, падкрэсліў Аляксей Жураўлёў і падзякаваў аграрыям за добрасумленную працу і вернасць выбранай справе. Асобныя словы падзякі адрасаваў ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці за іх працу і вопыт, якім яны дзеляцца з моладдзю. Усім прысутным кіраўнік раёна пажадаў моцнага здароўя, бадзёрасці, багатых ураджаяў і мірнага неба.
У сувязі са святкаваннем Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Ганаровай граматай Глускага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Глускага раёна ўзнагароджаны Ларыса Бараноўская — жывёлавод фермы “Яўсеевічы” ААТ “Эксбаза “Глуск”, Надзея Калянкевіч — аператар машыннага даення ААТ “Глуская Зара”, Юлія Крук — жывёлавод фермы “Старое Сяло” ААТ “Зара Камуны”, Таццяна Мароз — аператар машыннага даення ААТ “Турыно-агра”, Наталля Сірач — жывёлавод ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”.
Падзячным пісьмом Глускага райвыканкама за шматгадовую працу і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджаны Андрэй Гірусаў — старшы камбайнер на ўборцы зерневых і зернебабовых раслін ААТ “Эксбаза “Глуск”, Таццяна Глаз — аператар машыннага даення з ускладаннем абавязкаў брыгадзіра МТФ “Заполле” ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, Алена Кошань — пекар-майстар 5-га разраду ўчастка прамысловасці Глускага райпо, Тамара Нікіціна — пекар 5-га разраду ўчастка прамысловасці Глускага райпо, Міхаіл Пятрэня — жывёлавод таварнай фермы “Мыслоціна” ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, Леанід Шпакоўскі — вадзіцель 5-га разраду Глускага райпо.
Напярэдадні прафесійнага свята былі падведзены вынікі палявых работ, падчас урачыстасці іх лідары і пераможцы таксама атрымалі свае ўзнагароды. Кожнага, хто выходзіў на сцэну, зала вітала дружнымі апладысментамі. (Імёны пераможцаў друкаваліся ў мінулым нумары раённай газеты.)
За дасягнутыя высокія паказчыкі падчас уборачнай сярод ветэранаў Падзякай Магілёўскай абласной ветэранскай арганізацыі адзначаны аператар зернесушыльнага комплексу ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Сяргей Ніканенка. Узнагароду яму ўручыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Тамара Толсцік. Цёплымі апладысментамі прысутныя віталі запрошаных на ўрачыстасць ветэранаў працы: Людмілу Гудвіловіч — аператара машыннага даення ААТ “Турыно-агра”, працоўны стаж у галіне 27 гадоў, Марыю Пацалуеву — загадчыцу МТФ ААТ “Зара Камуны”, працоўны стаж у галіне 28 гадоў, Таццяну Цігін — загадчыцу склада ААТ “Глуская Зара”, працоўны стаж у галіне 27 гадоў, Ніну Маханьку — аператара машыннага даення ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, працоўны стаж у галіне 32 гады, Тамару Гальчанку, бухгалтара ААТ “Эксперыментальная база “Глуск”, працоўны стаж у галіне 39 гадоў, Любоў Томашаву, аператара машыннага даення ААТ “Глускае РАПТЗ”, працоўны стаж у галіне 26 гадоў.
Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу таксама адзначыў лепшых працаўнікоў сяла. Падзякі Глускай раённай прафсаюзнай арганізацыі за шматгадовую добрасумленную працу атрымалі загадчык МТФ “Старое Сяло” ААТ “Зара Камуны” Аляксандр Пацалуеў, аператар машыннага даення ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” Ірына Шумская, загадчык склада ААТ “Турыно-агра” Галіна Васілеўская, галоўны аграном ААТ “Эксперыментальная база “Глуск” Марына Сяргейчык. Падзякі і прэміі ім уручыў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацы работнікаў АПК Васіль Дзяшчэня.
За садзейнічанне студатрадаўскаму руху Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава ўручыла Падзякі кіраўнікам дзвюх гаспадарак — Марыі Насановіч (эксбаза “Глуск”) і Яўгену Бакачу (аграфірма “Слаўгарадскі”).
Чуць у свой адрас добрыя словы, падзяку, атрымліваць заслужаныя цяжкай працай узнагароды вельмі прыемна. А калі ўсё гэта аздоблена і суправаджаецца прыгожымі песнямі, музычнымі кампазіцыямі, танцамі, то прыемна ўдвая. Таму хочацца падзякаваць і ўсім работнікам культуры, хто пастараўся так прыгожа наладзіць гэтае свята, прадумаць усё да драбніц, падабраць і падрыхтаваць цудоўныя нумары і па-майстэрску іх выканаць — каб парадаваць землякоў. Дарослым і юным артыстам — вялікі дзякуй! Ну і яшчэ раз дзякуй усім работнікам сельскай гаспадаркі — за іх цяжкую і такую патрэбную працу, у любых умовах, у любое надвор’е, часам без выхадных і адпачынку. Яны цалкам заслужылі гэтае свята і такое ўшанаванне.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ