З абрада “Засеўкі” у Глускім раёне пачалася веснавая сяўба

Глушчына, мы пачынаем! “Засеўкi” ў раёне далi старт пасяўной кампанii.
На святочна аформленай пляцоўцы каля свежаўзаранага поля «Глускай Зары» сабралiся ўдзельнiкi старадаўняга абраду, кiраўнiцтва раёна, сельгаспрадпрыемстваў, раённых службаў, механiзатары, спецыялiсты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы i харчаваннi райвыканкама, моладзь, культработнiкi.
Гучалi цёплыя словы ў адрас хлебаробаў, ракой ліліся абрадавыя песнi ў выкананнi народнага ансамбля «Вярбiчанька».


З пачаткам сяўбы ўдзельнiкаў свята павiншаваў старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў. “Абрад “Засеўкi” — добрая традыцыя, якую трэба захоўваць, — адзначыу ён. — Яравую сяўбу ў раёне трэба правесцi ў агратэхнiчныя тэрмiны. Для гэтага ёсць усё неабходнае: i тэхнiка, i насенне, i людзi. Трэба толькi добра папрацаваць”.






Настаяцель Свята-Богаяўленскага храма айцец Мiхаiл правёў малебен, асвяцiў зерне, зямлю, тэхнiку i сейбiтаў, каб быў багаты ўраджай, благаславіў на добрую справу. Напрыканцы свята кiнуць у глебу першае зерне было даверана кiраўнiцтву раёна i сельгаспрадпрыемстваў. Пасля чаго ў поле выйшла тэхнiка. Настрой у механiзатараў выдатны, надвор’е па-вясноваму цёплае i сонечнае, спрыяе плённай працы. Ну што ж, у добры шлях, пасяўная-2025!
Ганна Аўтухова
Фота аўтара