Темы

Аб’яднаныя агульнай памяццю

Аб’яднаныя агульнай памяццю

У семдзесят чацвёрты раз Глушчына разам з усёй краінай адзначыла свята Вялікай Перамогі. У лёсе кожнага народа ёсць падзеі, якія і праз стагоддзі аб’ядноўваюць яго, згуртоўваюць, і для беларусаў такая падзея — Вялікая Айчынная вайна. Мы ўсе — і тыя, хто быў сведкам ваеннага ліхалецця, і тыя, хто ведае пра вайну па расказах і ўспамінах, — з’яднаны агульнай памяццю пра яе. Памяць гэта закладзена, здаецца, у нас на генетычным узроўні, і свята Перамогі — нацыянальнае свята, яго сутнасць мы асэнсоўваем не толькі і не столькі розумам, колькі адчуваем на ўзроўні падсвядомасці.

Як нашы прадзеды плячо ў плячо ішлі разам супраць ворага, так і ў святочны дзень 9 Мая 2019 года глушчане дружна разам выйшлі на парад Перамогі. Многія неслі партрэты сваіх родзічаў, якія змагаліся ў Вялікую Айчынную. Так Глуск прыняў удзел у акцыі “Беларусь памятае”. На жаль, не было ўжо, як і мінулы год, на гэтым парадзе саміх ветэранаў Вялікай Айчыннай — віншаванні яны прымалі кожны дома.

Шэсце працоўных калектываў традыцыйна ўзяло свой пачатак каля гарадской плошчы і завяршылася каля мемарыяла Воінскай Славы ўрачыстым мітынгам. Кіраўнік раёна Сцяпан Чачуха згадаў пра ўсіх загінулых на франтах і прапаўшых без вестак жыхароў Глушчыны, пра людзей, што былі расстраляны, спалены жывымі, закатаваны ў сваіх вёсках і хатах… У чарговы раз прагучалі імёны нашых землякоў — герояў Савецкага Саюза, і памяць усіх ахвяр вайны глушчане ўшанавалі хвілінай маў-чання. З прамовай на мітынгу выступіў старшыня ветэранскай арганізацыі Валерый Сураўнёў, ад імя моладзі словы падзякі ветэранам сказала вучаніца гімназіі Глуска Ангеліна Долбік.

Свята прадоўжылася ў цэнтры гарпасёлка. Быў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі раённага Дома культуры і вучнямі дзіцячай школы мастацтваў. Былі атракцыёны, гульні і конкурсы для дзяцей. Быў кірмаш ад Глускага райпо, а ўстановы раёна пра-давалі і разыгрывалі сувеніры ручной работы. Сельгасарганізацыі і сельвыканкамы падрыхтавалі тэматычныя падворкі. Ажыўлена было каля фотазоны, створанай супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея: тут можна было не толькі паразглядваць экспанаты, але і сфатаграфавацца з імі — гармонік часоў вайны ў рукі ўзяць, па сапраўдным палявым тэлефоне “паразмаўляць”, плашч-палатку накінуць. (Прызнаюся, асабіста я першы раз разгледзела, як жа яна пашыта, тая плашч-палатка, і зразумела, чаму так называецца.) Тут жа побач свае стэнды з кнігамі разгарнула цэнтральная бібліятэка — падыходзьце, гартайце, калі што заці-кавіла. І падыходзілі, і гарталі кнігі пра вайну, пра герояў, думаю, чытачоў у бібліятэцы цяпер яшчэ прыбавіцца.

Не пуставала і пляцоўка каля фотавыставы, якую падрыхтавала наша рэдакцыя: што знайшлі ў архіве газеты, што адшукалася ў асабістых альбомах глушчан (дзякуй усім, хто адгукнуўся на нашу просьбу і падзяліўся фотаздымкамі). Людзі падыходзілі, доўга разглядалі фотакарткі, знаходзілі знаёмых, родзічаў, некаторыя нават пыталіся, ці можна недзе зрабіць копію канкрэтнага здымка.

Нямала народу сабраў канцэрт рок-групы “МAXIMUS” на летняй танцпляцоўцы. Паслухаць сваіх землякоў на іх дэбютнае выступленне ў Глуску прыйшлі не толькі прыхільнікі такой музыкі — і ўнутры “сеткі”, і вакол яе сядзелі і стаялі сваякі, суседзі, іншыя глушчане розных узростаў. Спачатку моладзь мо і саромелася танчыць: побач жа настаўнікі і бацькі, але драйв, эмоцыі, якімі дзяліліся артысты з публікай, перамаглі, вымусілі выйсці на танцпол. Гледачы больш дарослыя, разыходзячыся пасля канцэрта, хвалілі музыкантаў і шкадавалі толькі, што тыя ўголас не назвалі свае імёны.

Асобная “гісторыя” разгортвалася на гарадскім стадыёне, дзе праходзіла ў гэты дзень некалькі спартыўных спаборніцтваў. Усе перамогі, таксама як і паказальныя выступленні выхаванцаў секцыі таэквандо, былі ў гэты дзень прысвечаны землякам, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай, а потым будавалі новае жыццё, узнімаючы з руін родную Глушчыну.Турнір па валейболе сабраў чатыры каманды, гэта зборная моладзі Глуска і зборныя трох школ — гарадскіх нумар 1 і нумар 2 і Заеліцкай. У фінале сустрэліся моладзевая зборная і заеліцкія школьнікі, гульня ішла нараўне, але першае месца ў сапернікаў усё ж такі вырвала каманда моладзі. Адпаведна на другім месцы аказаліся валейбалісты з Заеліцы, у барацьбе за трэцяе месца перамагла каманда першай школы райцэнтра.

У святочны дзень 9 Мая стартавалі раённыя спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. Першая гульня выпала камандам гімназіі і сярэдняй школы № 2 (2005—2006 года нараджэння), з лікам 5:0 перамогу ўзялі гімназісты. У бліжэйшы час пройдуць астатнія гульні футбольнага турніру. У гонар Вялікай Перамогі таварыскі футбольны матч правялі зборная Глуска і каманда аматараў з Бабруйска, ён закончыўся з лікам 1:1.

Семдзесят чатыры гады прайшло з таго часу, як для мільёнаў савецкіх людзей прагучала радаснае і такое доўгачаканае слова “Перамога”. Пераадолеўшы ворага, паклаўшы канец самай страшнай, нават па тысячагадовых мерках гісторыі, вайне, нашы продкі пакінулі нам свой запавет: берагчы мір. Увесь гэты час беларусы імкнуліся гэты запавет выконваць. Спадзяюся, нягледзячы на такі неспакойны зараз свет, памяць пра загінулых і надалей не дасць беларусам забыцца на яго. Добра, каб пра вайну нам нагадвалі толькі салдацкая каша на Дзень Перамогі ды бутафорскія аўтаматы ў фотазонах.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ і Ірыны ГРАМЫКІ

Больш здымкаў глядзіце тут

Последние новости

Общество

В Беларуси запускают первое блогерское реалити-шоу @fabrika.blogerov

2 декабря 2024
Читать новость
Общество

Отдел кадров. Директором Глусского Автопарка № 15 назначен Игорь Артёмчик

1 декабря 2024
Читать новость
Здоровье

1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

1 декабря 2024
Читать новость
Актуально

В двух словах

30 ноября 2024
Читать новость
Общество

Знаете ли вы, как правильно ухаживать за фиалками зимой?

30 ноября 2024
Читать новость
Общество

Мамино богатство. Юбилей отметила Нина Георгиевна Бутевич из Глуска

30 ноября 2024
Читать новость