У нядзелю 10 сакавіка Глушчына гуляла, Масленіцу праводзіла, з зімою развітвалася, вясну сустракала
У нядзелю 10 сакавіка Глушчына гуляла, Масленіцу праводзіла, з зімою развітвалася, вясну сустракала. Ужо з раніцы на бульвары Грахоўскага сталі збірацца людзі, зазіраць у павільёны, прыцэньвацца ды купляць прысмакі да свята. Многія затрымліваліся там, дзе можна было пакаштаваць смажанага мяса, духмянай гарбаты, ласункаў і бліноў. Не ведаю, ці шмат куплялі, але прыглядаліся і цікавіліся глушчане і вырабамі мясцовых рамеснікаў. Тут жа табе і кошыкі адмысловыя былі, і ўпрыгажэнні якія хочаш — для людзей і для інтэр’ера, і сувеніраў незлічона.
Асабліва ажыўлена стала на бульвары бліжэй да дванаццаці, калі распачалася святочная праграма, падрыхтаваная работнікамі ўстаноў культуры і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Са сцэны (з прыступак кінатэатра “Арыён”) гучалі песні і вясёлыя прыпеўкі, гледачы мімаволі прытупвалі ды прытанцоўвалі, хто смялейшы — дык і ў скокі кінуўся. Скамарохі, Цыган з Мядзведзем у натоўпе хадзілі, людзей весялілі, а Цыганка добрыя весткі прадказвала, шчасце абяцала.
Але неабавязкова было заставацца проста гледачом і слухачом, самых актыўных запрашалі (не, не так, запрашалі ўсіх, згаджаліся самыя актыўныя) паўдзельнічаць у гульнях і спаборніцтвах. Для дзяцей падрыхтавалі асобную конкурсную праграму, а для дарослых іспыты былі больш сур’ёзныя, скажам, для людзей добра падрыхтаваных фізічна і псіхалагічна.
А што вы думаеце, лёгка пераадолець страх і залезці па мокрым слупе на самую верхатуру, каб здабыць прыз? Ды і не ў падарунку тут справа, галоўнае — сябе паказаць, свае спрыт ды сілу. Падыходзілі мужчыны, да слупа таго дакраналіся, абмацвалі нават, быццам спрабуючы на трываласць, і адыходзілі… Але знайшліся смельчакі, аж два чалавекі, і малайцы — не пераацанілі свае сілы, з першай спробы на слуп узабраліся.
Моц і ўстойлівасць (у літаральным сэнсе) глушчане-мужчыны прадэманстравалі падчас перацягвання каната. Такое спаборніцтва — абавязковы атрыбут масленічных гулянняў у Глуску, і гэта відовішча заўсёды збірае нямала заўзятараў. Пабалець за сваіх прыходзяць жонкі, дзеці, калегі. У гэты раз на канат было заяўлена дзесяць каманд: райбальніцы, лясгаса, райпо, “Жылкамгаса”, ДРБУ-213, гаргаза, Аўтапарка № 15, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага аддзела ўнутраных спраў, а таксама каманда ПМК-86, праўда, па тэхнічных прычынах яна ў спаборніцтве не ўдзельнічала. Барацьба разгарнулася не на жарт, а прызёрамі сталі прадстаўнікі Глускага РАУС, у іх трэцяе месца, на другім — канацісты Глускага РАНС, а першае месца і першую прэмію заваявала каманда Глускага лясгаса. Дарэчы, у гэтым годзе перацягванне каната ўключана ў праграму раённай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры, таму спартсмены, атрымаўшы грашовыя прызы, яшчэ і прынеслі сваім арганізацыям першыя балы ў залік спартакіяды.
Што яшчэ сказаць пра Масленіцу? Увесь час, што ішло свята, з пераменным, як кажуць, поспехам ішоў і дождж. Добры такі веснавы дождж, то ціхенькі, то ўліўны і лапаткі, стараўся, змываў усё бруднае і непрыгожае, што назбіралася за зіму. А што не змылася дажджом, глушчане спалілі ў парку разам з пудзілам. У агні, спадзяюся, згарэлі крыўды, горыч, самота, зайздрасць, скептыцызм, дрэнныя думкі і благі настрой, словам, усё тое, што часам замінае нам жыць. Ну і няхай гарыць яно гарам!
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара
Больш здымкаў глядзіце тут