З блакнотам па раёне. Вёска Поблін
Прыкладна за дзевяць кіламетраў ад Глуска, на правым беразе ракі Пціч, знаходзіцца вёска Поблін. Населеных пунктаў з такой назвай няма, здаецца, больш нідзе ў Беларусі. Нават усёведны Google пры запыце выдае звесткі толькі пра вёску Поблін у Глускім раёне.
Паходжанне назвы гэтага населенага пункта так да нашага часу і не вызначана канчаткова. Існуе некалькі версій. Па адной з іх, напэўна, самай неверагоднай, у вёсцы некалі жыў поп, які кожную нядзелю пасля службы, як прыхаджане выходзілі з царквы, адорваў дзяцей блінамі. Ад злучэння слоў “поп” і “блін” атрымаўся Поблін. Па іншай версіі, назва вёскі звязана з прозвішчам уладальніка Глуска і Глускай воласці (да якой адносіўся Поблін) — князя Палубінскага. Існуе яшчэ адна версія: Поблін — ад прозвішча Побаль, якое мае балцкае паходжанне. Так ці інакш, але вёска Поблін мае ўнікальную назву, і ўсе яе ўраджэнцы могуць гэтым ганарыцца. А гэта так і ёсць на самой справе. Вось, напрыклад, Кацярына Міхайлаўна Барысік. Менавіта гэта жанчына звярнулася да нас у рэдакцыю, расказала шмат пра сваю родную вёску, яе жыхароў, цяперашніх і былых, нават правяла экскурсію па Побліне і пазнаёміла з аднасяльчанамі. Але ўсё па парадку. І пачнём мы з гісторыі вёскі.
Крыху гістарычнай статыстыкі
Упершыню ў гістарычных крыніцах Поблін згадваецца ў XVII стагоддзі. Але, безумоўна, людзі тут з’явіліся значна раней. Аб гэтым сведчаць і помнікі археалогіі: стаянка бронзавага веку на паўночна-заходняй ускраіне вёскі, на правым беразе ракі Пціч, у хваёвым лесе паміж могілкамі і жывёлагадоўчай фермай, а яшчэ селішча II—IX стагоддзяў, што за кіламетр на поўнач ад вясковых могілак. Дарэчы, абодва археалагічныя помнікі адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей Глускага раёна і ахоўваюцца дзяржавай.
У 1724 годзе вёска належала Радзівілам, і было тут 11 двароў. З канца XVIII стагоддзя Поблін, як і іншыя беларускія тэрыторыі, увайшоў у склад Расійскай імперыі. Яго ўладальнікам на той час быў граф Юдыцкі. У 1798 годзе ў Побліне 26 двароў, 153 жыхары. Праз стагоддзе, у 1897 годзе, тут ужо 66 двароў і 420 жыхароў, а ў год Кастрычніцкай рэвалюцыі — 77 двароў і 462 жыхары, з якіх чатыры — яўрэі. У 1926 годзе ў Побліне было 85 двароў і 460 жыхароў. У 1931 годзе тут арганізавалі калгас “Юны барацьбіт”, і праз год ён аб’ядноўваў 47 гаспадарак. У 1996 годзе ў Побліне пражывала 122 чалавекі, у 2010-м — 56, а на 1 студзеня 2019-га было зарэгістравана ўсяго 35 жыхароў.
Вялікая вёска ўмоўна падзяляецца на некалькі частак. Мясцовыя жыхары нават прыдумалі ім назвы: “Сяло” (найбольш старая частка), “Куток” (тут былі царква, школа, млын), “Хутар” (самая новая, забудаваная дзесьці ў 1960-я).
Царква
У 1862 годзе ў Побліне была пабудавана драўляная царква Узнясення Гасподняга. Па іншых звестках, царква была тут яшчэ з 1795-га, а ў 1862-м яе перабудавалі. Адны са старэйшых жыхарак Побліна сёстры Зінаіда Васілеўна Грыпінская і Антаніна Васілеўна Лубко (у дзявоцтве Грыпінская) расказалі, што калісьці ў нядзелю ды на розныя рэлігійныя святы ў поблінскую царкву прыязджалі людзі з навакольных вёсак — падводы стаялі каля цвінтара, далёка ўздоўж вуліцы і аж на луг заязджалі.
Царква была драўляная, невялікая, але прыгожая. Побач з цвінтаром стаяла хата, дзе жыў мясцовы святар. Адзін час ім быў Рыгор Буйчык, прадзед Кацярыны Барысік. У сям’і Кацярыны Міхайлаўны і па наш час захоўваецца яго фотакартка, нашчадкі збераглі яе праз усе цяжкія, ліхія гады. “З усталяваннем савецкай улады, — расказвае Кацярына Міхайлаўна, — на святароў пачаліся ганенні. Дзесьці ў другой палове 1930-х гадоў майго прадзеда разам з жонкай і малодшаю дачкою выслалі ў Сібір. Яго дарослыя сыны ад першага шлюбу, Арсен (мой дзед) і Аркадзь, на той час ужо мелі свае сем’і, і рэпрэсіўная машына дзіўным чынам іх не закранула — яны засталіся і далей жыць у вёсцы. Прадзед, яго жонка, дачка з высылкі на радзіму не вярнуліся. Зараз ад хаты святара застаўся толькі падмурак. Але яго нашчадкі (унукі сына Аркадзя) пабудавалі на ўчастку дачны домік і прыязджаюць на бацькаўшчыну”.
Мы з Кацярынай Міхайлаўнай прайшлі на тое месца, дзе раней у вёсцы стаяла царква. Калісьці царкоўны двор па перыметры быў абсаджаны дрэвамі. Яны стаяць тут і зараз — высокія старыя таполі ды разлапісты тоўсты клён. Яшчэ адзін ужо разваліўся ад старасці ды ўпаў на зямлю…
“Падчас Вялікай Айчыннай вайны царква ў вёсцы яшчэ была, — расказвае Зінаіда Васілеўна Грыпінская. — Але яе спалілі партызаны, таму што царкоўную званіцу выкарыстоўвалі немцы, каб сачыць за перамяшчэннем партызан і ўвогуле за абстаноўкай наўкол. Наша хата стаяла побач, і мы вельмі баяліся, што і яна загарыцца, але неяк абышлося. Сяляне пажар патушылі, але праводзіць службы ў царкве было ўжо нельга. Пасля вайны яшчэ стаяў царкоўны каменны падмурак, а пазней поблінцы разабралі яго, каб адбудаваць хаты, разбураныя вайной”.
Вясковая школа
Як адзначаецца ў кнізе “Памяць. Глускі раён”, у 1884 годзе ў Побліне была адкрыта школа граматы — самая першая адукацыйная ўстанова ў вёсцы. У 1899 годзе яна ператварылася ў царкоўнапрыходскую школу, для якой пабудавалі новае памяшканне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут адкрылі працоўную школу 1-й ступені (пачатковая), дзе займаліся 22 вучні. Пры школе дзейнічала хата-чытальня.
“Вельмі добра памятаю старую драўляную школу, якая стаяла на былым царкоўным двары, — успамінае Антаніна Васілеўна Лубко. — Мы ўсе тут вучыліся першыя чатыры класы. Потым, хто жадаў і меў магчымасць (дапамагаць жа бацькам трэба было) працягнуць адукацыю, хадзілі ў сямігодку ва Усцярхі або Балашэвічы. Я таксама тры гады хадзіла ў Балашэвічы. Калі цёпла было, то кожны дзень праз раку, а ўзімку жыла ў балашэвіцкай радні. Настаўнікі з Побліна таксама праз раку хадзілі на працу ў Балашэвічы, напрыклад, Ната Адамаўна Тарасевіч і яе бацька, які быў дырэктарам той школы”.
“У старой драўлянай школе былі памяшканні, — успамінае Зінаіда Васілеўна Грыпінская, — выдзеленыя спецыяльна пад жыллё настаўнікам, што прыязджалі працаваць у Поблін. Вось, напрыклад, Андрэй Андрэевіч Расюкевіч жыў у школе, займаў два пакоі. Хапала месца і дзе вучыцца вучням, хаця ў вёсцы дзяцей заўсёды было вельмі многа. Можа, таму, што пачатковая школа была перапоўненая, а хадзіць у іншыя вёскі было нязручна, у 1973 годзе ў Побліне пабудавалі новую цагляную школу, ужо васьмігодку. У самыя лепшыя гады там вучылася больш за 200 дзяцей. Але ўжо больш за дваццаць год і гэта ўстанова не працуе…”
Старую драўляную школу мясцовыя жыхары паступова разабралі на дровы. Зараз на яе месцы толькі вялікія таполі. На дзвюх з іх, як напамін аб школе, — прымацаваная калісьці даўно жалезная труба, якая на ўроках фізкультуры служыла турніком. Былы спартыўны снарад зараз вельмі іржавы і ўжо сантыметраў на 15 урос у ствол дрэва.
Млын
Млын у мінулыя вякі быў вельмі важным, можна сказаць, стратэгічным аб’ектам для сялян, і, трэба адзначыць, меўся ён не ў кожнай вёсцы. А вось у Побліне быў: вадзяны млын стаяў на старыцы Пцічы амаль побач з хатамі. Паводле кнігі “Памяць. Глускі раён”, з’явіўся ён тут прыкладна ў канцы XVIII стагоддзя. Працаваў не толькі на карысць поблінцаў — з навакольных вёсак ехалі сяляне, каб перамалоць вырашчанае зерне на муку. У вялікай чарзе прыходзілася стаяць не адну гадзіну, а нават дзень ці два. Як расказваюць старажылы, аднойчы (вельмі даўно) каля млына здарылася непрыемная сітуацыя: перасварыліся, не падзялілі чаргу сяляне з Побліна і Балашэвіч. Тады балашоўцы ўзлаваліся і сказалі: “Нас не пусцілі да млына, дык і вам яго не будзе!” Сабраліся ўсёй вёскай ды пракапалі ад старыцы канаву да Пцічы — вада сышла ў раку. Старыца абмялела, і млын ужо працаваць, як раней, не мог.
Зараз на месцы, дзе некалі стаяў млын, аб яго існаванні нагадваюць толькі рэшткі драўляных паляў, што тырчаць з вады, калі яе ўзровень падае.
Працяг будзе
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва Кацярыны Барысік і Тамары Лявонцьевай